Створаны канал для ажыццяўлення плацяжоў у абход санкцый ЗША

- 11:13Інфармацыйная гадзіна

Іран зарэгістраваў уласны канал фінансавых разлікаў для работы з еўрапейскім механізмам INSTEX.

Іранская структура атрымала назву “Спецыяльны гандлёва-фінансавы інстытут” (Special Trade and Finance Institute). Яна створана і зарэгістравана пры ўдзеле Цэнтрабанка, фінансавых ведамстваў Ірана, а таксама дзяржаўных і прыватных банкаў пасля перагавораў з экспертамі і тэхнічнымі спецыялістамі з Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі. Гэты механізм будзе працаваць непасрэдна з INSTEX і прадаставіць дзелавым колам і ўрадам канал для ажыццяўлення плацяжоў у абход антыіранскіх санкцый ЗША.

8 мая 2018 года Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў аб выхадзе Вашынгтона з Сумеснага ўсёабдымнага плана дзеянняў — здзелкі, якая была заключана ў 2015 годзе і абмяжоўвала ядзерныя распрацоўкі Тэгерана ў абмен на адмену санкцый Савета Бяспекі ААН і аднабаковых абмежавальных мер ЗША і ЕС.

Пасля выхаду ЗША са здзел­кі іранская эканоміка сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі ў банкаўскай сферы. Пад націскам Вашынгтона Тэгеран быў адключаны ад сістэмы SWIFT, што значна ўскладніла фінансавыя ўзаемаадносіны іранскага бізнесу з замежнымі партнёрамі.

У адказ на гэты крок 31 сту­дзеня 2019 года Берлін, Лондан і Парыж аб’явілі аб стварэнні спецыяльнага механізма разлікаў з Іранам, які дае магчымасць падтрымліваць гандаль з краінай у абход санкцый ЗША. Для гэтага ў Францыі з удзелам Вялікабрытаніі і Германіі была зарэгістравана праектная кампанія пад назвай INSTEX (Instrument in Support of Trade Exchanges — “інструмент для падтрымкі гандлёвых абменаў”).