Створаны клуб дырэктараў “Настаўнік для Беларусі”

- 11:34Якасць адукацыі

У канцы мінулага тыдня мясцовы адукацыйны фонд “Новая школа” на базе гімназіі № 10 Мінска правёў мерапрыемства ў рамках праграмы “Настаўнік для Беларусі”. Яго ўдзельнікамі былі кіраўнікі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія сталі партнёрамі праграмы, а таксама прадстаўнікі адміністрацый тых навучальных устаноў, якія плануюць далучыцца да праграмы ў наступным годзе.

Па факце быў створаны нефармальны клуб дырэктараў праекта “Настаўнік для Беларусі”. Двухдзённая праграма для прадстаўнікоў адміністрацыі была вельмі насычанай. У пятніцу ўдзельнікі створанага клуба працавалі ў сталічнай гімназіі № 10. Шэраг майстар-класаў быў накіраваны на фарміраванне навыкаў камандаўтварэння, што патрэбна кожнаму сучаснаму кіраўніку. Акрамя таго, такія навыкі неабходны і пры стварэнні клуба.

Пра эмацыянальны інтэлект гаварыла гімназічны псіхолаг Вольга Ткачук. Хутка канец чвэрці, таму і настаўнікі, і дырэктары адчуваюць стомленасць. Разам з тым многіх хвалюе такое пытанне: як наладзіць адносіны з вучнем, стаць яму сябрам, і пры гэтым застацца аўтарытэтным і паважаным настаўнікам? На што Вольга заўважыла: “Не трэба баяцца дзецям паказваць свае эмоцыі. Канечне, гаворка не ідзе пра тое, што вы можаце крычаць. Не. Мы маем на ўвазе фарміраванне даверных адносін, таму размова з вучнямі заўсёды павінна весціся ў атмасферы добразычлівасці і ўзаемапавагі. Але калі вы падзеліцеся са сваімі выхаванцамі тым, што ў вас унутры, то ім будзе лягчэй прыняць і зразумець вас”.

 Затым каардынатар праекта “Настаўнік для Беларусі” Алена Мельчанка яшчэ раз нагадала, як усё пачыналася. Першым крокам для будучых удзельнікаў стала запаўненне анкеты, пасля кандыдаты праходзілі анлайн-інтэрв’ю з рэкруцёрам, а затым — вочны этап, падчас якога было вочнае субяседаванне і рашэнне некалькіх педагагічных кейсаў. Галоўнымі крытэрыямі адбору сталі высокая матывацыя, неабыякавасць, прафесіяналізм і гатоўнасць асвойваць новыя напрамкі і тэхналогіі, каб развіваць таленты дзяцей у малых населеных пунктах.

З 63 заяўленых было адабрана 12 чалавек, якія і былі запрошаны на летні інтэнсіў, які доўжыўся месяц. Завяршэннем падрыхтоўкі стала арганізацыя праграмы тыднёвага школьнага лагера “Навыкі ХХІ стагоддзя” для дзяцей з Барысаўскага раёна. Інтэнсіў дазволіў педагогам пазнаёміцца з сучаснымі псіхолага-педагагічнымі падыходамі да асабістага і прафесійнага развіцця і сучаснымі методыкамі выкладання. Менавіта інтэнсіў і дапамог выявіць тых настаўнікаў, якія сталі першымі ўдзельнікамі праграмы.

У выніку 9 удзельнікаў праграмы “Настаўнік для Беларусі” пра­цуюць у трох школах Мінскай вобласці — у пасёлку Негарэлае, аграгарадках Ляды і Паплавы. Двух педагогаў працаўладкавалі ў гімназіі Дзяржынска. Частка настаўнікаў адправілася ў Брэсцкую вобласць, дзе вучыць дзяцей у сярэдняй школе аграгарадка Павіцце.

Кожны, хто стаў удзельнікам праграмы, павінен прыдумаць і рэалізаваць праект, які ўпішацца ў мясцовы кантэкст і зробіць школу цэнтрам лакальнай супольнасці. Гэта можа быць класны ці агульнашкольны праект, у які будуць уцягнуты і бацькі школьніка, і педагогі, і жыхары навакольных населеных пунктаў. Тэматыка можа быць шырокай: ад стварэння школьнага тэатра — да вырашэння экалагічных задач. А затым гэты вопыт будзе  трансліравацца і на іншыя рэгіёны.

Аналагі праграмы “Настаўнік для Белару­сі” ў іншых краінах перш за ўсё накіраваны на зняцце праблемы адукацыйнай няроўнасці. У нашай краіне гэтая праблема ярка не выяўлена, але розніца паміж магчымасцямі гарадскіх і сельскіх вучняў існуе. Дырэктар Ля­дзенскага дзіцячага сада—сярэдняй школы Ірына Змачынская пераканана, што праекты кшталту “Настаўнік для Беларусі” будуць спрыяць не толькі прыцягненню таленавітых і неабыякавых настаўнікаў у аддаленыя школы краіны, але і дапамагаць развівацца такім навучальным установам.

“Наша школа стала ўдзельніцай праекта (школай-партнёрам), і мы вельмі рады. Дзякуючы гэтаму, да нас прыехаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Васіль Гембіцкі, без якога школа сёння як без рук. Мы атрымалі добрага педагога. Да нас ён працаваў у спартыўнай школе, таму школьны настаўнік — новы для яго статус. Каб падтрымаць яго, мы дапамаглі вырашыць праблему з жыллём. У калектыў ён уліўся адразу. Гэта важна. Васіль увесь час раіцца са старэйшымі калегамі, якія дапамагаюць яму пабудаваць урок метадычна правільна.

Удзел у “Настаўніку для Беларусі” паспрыяў стварэнню ў школе творчай групы, якая займаецца рэалізацыяй двух праектаў. Першы праект рэалізуем сумесна з Беларускім зялёным крыжам (па прышкольным участ­ку). Над другім праектам працуем сумесна з Пасольствам ЗША ў Беларусі па вядзенні арганічнага земляробства. Выдатна, што ў нас з’явіліся агракласы.

Прыемна, што БПС-Ашчадбанк падтрым­лівае нас матэрыяльна. Выдатна, што ў рамках праграмы арганізавана метадычная падтрымка, якой можа скарыстацца не толькі Васіль”, — падзялілася Ірына Змачынская.

У гімназіі Дзяржынска ў рамках праграмы “Настаўнік для Беларусі” працуюць два настаўнікі. Гэта настаўніца гісторыі і грамадазнаўства (малады спецыяліст) Ала Галубковіч і педагог-псіхолаг Ксенія Гаршкова, якая ўжо працавала ў гімназіі. “У мяне вялікія чаканні ад праграмы. Мне вельмі хочацца, каб нашы ўдзельнікі праграмы навучылі ўсіх астатніх педагогаў новым формам узаемадзеяння з дзецьмі. Мне хочацца, каб у нас паяўляліся новыя ідэі па рабоце з дзецьмі. Педагогі нашай гімназіі і так даволі ініцыятыўныя, але час не стаіць на месцы, таму трэба рухацца наперад”, — адзначыла дырэктар гімназіі Дзяржынска Людміла Паўхлеб.

Дырэктар Паплаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Алена Жалняровіч таксама пераканана, што “Настаўнік для Беларусі” стане свежым паветрам у методыка-педагагічным жыцці яе навучальнай установы. А ў гімназіі Ляхавіч толькі прыглядаюцца да праекта, але водзывы калег натхняюць, таму ў наступным годзе яны будуць падаваць заяўку.

У 2019 годзе БПС-Ашчадбанк у супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь запусціў праграму “Настаўнік для Беларусі”. Гэты праект створаны для таго, каб забяспечыць доступ кожнаму дзіцяці ў Беларусі да якаснай школьнай адукацыі. Для рэалізацыі гэтай мэты былі адабраны ініцыятыўныя і творчыя педагогі, якія ўжо 1 верасня 2019 года прыступілі да работы.

Даць якасную адукацыю дзецям у сельскіх школах, раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці, зрабіць прывабнай для жыцця сельскую мясцовасць — вось тыя мэты, якія ставяць удзельнікі праекта. На працягу двух гадоў удзельнікам праграмы прадугледжана матэрыяльная падтрымка і метадычная дапамога.

Для рэалізацыі праекта быў створаны мясцовы адукацыйны фонд “Новая школа”, да праекта могуць далучыцца любыя кампаніі-донары, якія хо­чуць зрабіць уклад у развіццё якаснай адукацыі ў рэгіёнах. На цяперашні момант партнёрамі праграмы сталі Акадэмія паслядыпломнай адукацыі анлайн-гіпермаркет “ХХІ ста­годдзе”.

Клубу дырэктараў “Настаўнік для Беларусі” быў прэзентаваны новы сацыяльны праект кампаніі-рэзідэн­та ПВТ ВайзарГеймз “Праз тэатр”. Прадстаўнік кампаніі Вольга Міхед адзначыла, што да ўдзелу ў праекце запрашаюцца 10 настаўнікаў з 10 школ і 100 вучняў (10 вучняў 5—11 класаў — трупа тэатра). Да канца кастрычніка можна падаваць заяўкі (olga.mikhed@vizor-games.com).

“Праз тэатр” — гэта праект, дзе настаўніку прадастаўляецца поўная свабода творчасці. Ён разам з дзецьмі прыдумвае тэму спектакля, дзеці самі пішуць сцэнарый (бяруць за аснову вядомыя ім творы мастацтва або асабістыя гісторыі з жыцця настаўніка ці дзяцей). У выніку прадстаў­ляюць пастаноўку вербальнага тэатра не большую за 12 хвілін.

Праект прадугледжвае вочную лабараторыю для настаўнікаў у Маскве (ужо на пачатку лістапада), дзе з імі будуць працаваць расійскія рэжысёры, дэманстрацыю эцюдаў у школах, фестываль “Праз тэатр” (выступленне са сваёй пастаноўкай на тэатральнай пляцоўцы Мінска), круглы стол удзельнікаў.

Наша мэта — зрабіць заняткі тэатрам больш даступнымі для дзяцей і настаўнікаў з рэгіёнаў. Тэатр дапамагае лепш зразумець сябе, іншых і навакольны свет. Мы хочам стварыць супольнасць настаўнікаў і тэатральных прафесіяналаў, у якім будзем практыкаваць і даследаваць тэатр, натхняцца і мяняць жыццё, выкарыстоўваць тэатральныя методыкі ў школе”, — паведаміла Вольга Міхед.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.