Стыль і рысы сучаснага кіраўніка

Кацярына Васільеўна Макарэвіч, дырэктар Чырванаборскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, заўсёды дакладна ведала, што яе жыццё — школа.

Калісьці зусім дзяўчынкай прыйшла яна ў гэтую школу на пасаду старшай піянерважатай. Піянерскія вогнішчы, цікавыя вандроўкі, разумны свет адкрыццяў — пачатак яе працоўнай педагагічнай дзейнасці. Кацярына Васільеўна прыйшла ў сваю школу, дзе ўсе яе ведалі як лепшую вучаніцу, працавітую, сціплую і мэтанакіраваную. Прыйшла, каб заўсёды быць побач з падрастаючым пакаленнем.

Цяпер яна сучасны кіраўнік, які дакладна бачыць перспектывы развіцця свайго калектыву. Кацярына Васільеўна была лідарам са школьнай парты, і зараз у самых складаных сітуацыях праяўляе смеласць, рашучасць і настойлівасць. Несучы на сваіх плячах вялікую нагрузку і адказнасць, яна ў той жа час цікавіцца жыццём, духоўным светам кожнага супрацоўніка і вучня. Калектыў настаўнікаў і вучняў паважае яе за здольнасць суперажываць, за падтрымку і беражлівыя адносіны да кожнага, за тое, што ўсім дае роўныя “стартавыя” магчымасці.

Кацярына Васільеўна кажа: “Важна ўсведамляць, што ўвесь наш педагагічны калектыў — гэта адна сям’я, аб’яднаная адной мэтай — выхаванне годных грамадзян нашай краіны”.

Аналізуючы ўсе ролі, у якія К.В.Макарэвіч даводзіцца пераўвасабляцца, трэба адзначыць, што асабліва важная роля дырэктара, які мэтанакіравана дапамагае настаўніку і вучню “ўзыходзіць” да культуры сучаснага грамадства і годна жыць у гэтым грамадстве.

“Яна нам як другая маці, таму што робіць усё сумленна і справядлівая ў вырашэнні любых пытанняў”, — гавораць пра яе вучні. А Кацярына Васільеўна прызнаецца: “Часам бывае вельмі цяжка, але я бачу адкрытыя, даверлівыя вочы дзяцей і добрыя ўсмешкі сваіх калег, і аднекуль зноў бяруцца сілы”.

Яе чалавечая чуласць, ветлівасць, уменне зразумець душэўны стан свайго калегі настройвае калектыў на пазітыў, на жаданне працаваць творча. Ненадакучліва Кацярына Васільеўна прыцягвае кожнага настаўніка да кіравання, улічваючы яго здольнасці і магчымасці. Гэта дапамагае фарміраваць мэтавае адзінства педагагічнага калектыву. Яна разумее, што змены ў школе магчымы толькі пры ўмове змен у поглядах і перакананнях настаўнікаў. Глыбокае вывучэнне сістэмы працы кожнага педагога дае К.В.Макарэвіч магчымасць аб’ектыўна ацаніць намаганні і дасягненні настаўніка, што надае яму прафесійную ўпэўненасць і жаданне павышаць сваё майстэрства.

Кацярына Васільеўна заўсёды адкрыта для новых ідэй, усяляк падтрымлівае ініцыятыву і творчасць, стараецца ажыццяўляць пазітыўныя змены ў кожнай справе. Асноўныя якасці яе мыслення як кіраўніка — гэта мабільнасць і канструктыўнасць. Для К.В.Макарэвіч важна не проста вызначыць недахопы ў працы, але і падказаць шляхі іх ліквідацыі.

Семінары-практыкумы, круглыя сталы, якімі кіруе Кацярына Васільеўна, даюць настаўнікам магчымасць ствараць свае творчыя групы. Шмат працуе дырэктар і з маладымі спецыялістамі, якім любіць задаваць пытанне “Чым сучасны ўрок адрозніваецца ад учарашняга?”, а на педсаветах нястомна нагадвае: “Кожны вучань павінен адбыцца як Чалавек”. І ў многім вучні школы апраўдваюць надзеі сваіх настаўнікаў.

За час сваёй працы яна змагла заваяваць павагу педагогаў, вучняў і іх бацькоў сваім мастацтвам узаемаадносін, узроўнем прафесіяналізму і кіраўніцкіх здольнасцей. Кацярына Васільеўна знайшла свой алгарытм дасягнення задуманага.

Увесь педагагічны калектыў выказвае Кацярыне Васільеўне Макарэвіч вялікую ўдзячнасць і жадае ёй далейшых творчых поспехаў, асабістага шчасця і здароўя.

Ірына САЎЧЫЦ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Чырванаборскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.