Стыль здаровага жыцця — спартыўны

- 10:14Актуально, Апошнія запісы

Міністр адукацыі 28 верасня прыняў удзел у падвядзенні вынікаў рэспубліканскага спартыўна-комплекснага мерапрыемства “Тыдзень спорту і здароўя” ў Оршы. Ігар Карпенка наведаў інтэрактыўныя спартыўныя пляцоўкі, дзе прадстаўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў маладзёжнай сталіцы 2019 года прэзентавалі розныя віды спорту і аб’яднанні па інтарэсах, пагутарыў з педагогамі і навучэнцамі.

У размове з журналістамі кіраўнік ведамства станоўча ацаніў сістэму фізічнага выхавання моладзі, якая існавала ў савецкі перыяд, і акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларусі захоўваюцца і развіваюцца яе лепшыя традыцыі. Характэрны прыклад — рэспубліканскія спартакіяды, універсіяды, папулярныя спаборніцтвы сярод навучэнцаў і студэнтаў па лёгкай атлетыцы, гульнявых і іншых відах спорту, у тым ліку “300 талентаў для каралевы”, “Скураны мяч”, “Снежны снайпер”, “Імклівы мяч”, мерапрыемствы пад эгідай Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту.

— Спартыўна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа ў школах з’яўляецца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу, — адзначыў міністр адукацыі. — У гэтым напрамку мы цесна ўзаема­дзейнічаем з Міністэрствам спорту і турызму. Нядаўна падпісаны указ кіраўніка дзяржавы дазваляе нам узаемна выкарыстоўваць усю наяўную спартыўную базу для таго, каб дзеці і моладзь больш актыўна займаліся фізкультурай і спортам. Ты­дзень спорту і здароўя — наша традыцыйнае мерапрыемства. Галоўная яго мэта — прыцягнуць увагу маладых людзей, якія пакуль, магчыма, не вызначыліся ў выбары віду спорту, далучыць іх да рэгулярных заняткаў спортам, трэніровачнага працэсу. Мы вітаем, калі ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў шосты школьны дзень прыхо­дзяць бацькі і разам з дзецьмі арганізоўваюць сумесныя спаборніцтвы, камандныя спартыўныя гульні. Гэта ў цэлым пазітыўна адбіваецца на фарміраванні здаровага ладу жыцця і матывуе дзяцей да заняткаў фізкультурай і спортам. Вядома ж, мы ствараем усе ўмовы для таго, каб спартыўныя аб’екты школ былі не толькі задзейнічаны ў адукацыйным працэсе, але і ў вячэрні час выкарыстоўваліся моладдзю і дарослым насельніцтвам.

Сумежна з Тыднем спорту і здароўя на Аршаншчыне ў гэтыя дні праходзілі Міжнародны форум здаровага ладу жыцця і V Рэспубліканская ўніверсальная выстава-кірмаш “Здорава жывеш”, накіраваныя на прыцягненне ўвагі жыхароў рэгіёна да здаровага ладу жыцця.

На выставе-кірмашы было прадстаўлена больш за 60 экспанентаў. Атрымаць кансультацыі, інфармацыйна-даведачныя матэрыялы па пытаннях прафілактыкі розных захворванняў і фактараў рызыкі, аспектах здаровага ладу жыцця мог любы жадаючы. Для наведвальнікаў выставы працавалі пункты дыягностыкі здароўя і фізічнага стану арганізма, арганізаваныя спецыялістамі ўстаноў аховы здароўя Віцебска, Оршы і расійскага Смаленска.

— Праграму форуму склалі дзелавая, выставачна-кірмашовая і спартыўная часткі, — праінфармаваў дырэктар аршанскага філіяла Віцебскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Ігар Касоўскі. — Гэта традыцыйная пляцоўка дэманстрацыі магчымасцей, методык, сучасных тэхналогій для захавання самага важнага для кожнага чалавека — здароўя і разам з тым выстава тавараў і паслуг, якія спрыяюць актыўнаму ладу жыцця. Форум завяршыў паўмарафон, на які было заяўлена каля дзвюх тысяч чалавек з Оршы, Віцебска, Брэста, Мінска, Магілёва.

Міністр адукацыі прыняў удзе­л у адкрыцці паўмарафону “Аршанскі забег” і гарадскіх школьных спаборніцтваў у спартыўным комплексе “Алімпіец”. Як расказаў начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі, установы адукацыі раёна адзначылі Тыдзень спорту і здароўя маштабным комплексам мерапрыемстваў. Асноўны акцэнт зроблены на развіцці алімпійскіх відаў спорту. Акрамя таго, адбыліся марафоны спартыўных танцаў, аэробікі, чырлідынгу, маладзёжных субкультур. Асаблівае месца адвялі паказальным выступленням навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі і спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, матчавым сустрэчам, асабіста-каманд­ным спаборніцтвам, спартыўным святам для мнагадзетных сем’яў і самых юных аршанцаў.

Кульмінацыйнай падзеяй стала ўрачыстая цырымонія ўша­навання пераможцаў і прызёраў ХХІХ Сус­ветнай зімовай універсіяды, ІІ Еўрапейскіх гульняў, ХХХ Сусветнай летняй універсіяды і І чэмпіянату Еўропы па баявых відах спорту сярод універсітэтаў. На плошчы калегіума езуітаў эліту айчыннага студэнцкага спорту віншавалі Ігар Карпенка, намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной, чэмпіён ХХIХ летніх Алімпійскіх гульняў 2008 года ў Пекіне старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Багдановіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў, чэмпіёны па чырлідынгу і лепшыя сама­дзейныя творчыя калектывы, моладзь і спартыўная грамадскасць Аршан­шчыны.

Вітаючы спартсменаў, Аляксандр Багдановіч выказаў агульнае меркаванне, што спорт — візітоўка Беларусі, а сённяшнія чэмпіёны задаюць правільныя арыенціры ўсім нам і ў першую чаргу моладзі, дэманструюць шлях да здаровага ладу жыцця.

— У спартыўных спаборніцтвах, майстар-класах, сустрэчах з алімпійскімі чэмпіёнамі, паказальных выступленнях і іншых мерапрыемствах Тыдня спорту і здароўя, які праходзіў ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, прынялі ўдзел больш за 100 ты­сяч навучэнцаў і студэнтаў, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Сёння падрастаючаму пакаленню прадастаўлены лепшыя спартыўныя збудаванні краіны: стадыёны, басейны, лядовыя арэны, сучасныя спартыўныя пляцоўкі. Гэта вынік клопату дзяржавы пра нашых людзей, нашу моладзь. Кожны з нас мае магчымасць у вольны ад работы і вучобы час займацца любімымі відамі спорту. У Беларусі ў 2019 годзе прайшло маштабнае мерапрыемства — ІІ Еўрапейскія гульні, якія даказалі, што мы па-сапраўднаму спартыўная краіна. Паспяховыя вынікі беларускіх спартсменаў на чэмпіянатах свету і Еўропы, сусветных універсіядах і Еўрапейскіх гульнях пацвердзілі гэта чарговы раз. Спадзяюся, што нашы паказальныя мерапрыемствы прыцягнуць больш навучэнцаў да заняткаў фізічнай культурай і спортам. Многія паў­дзельнічаюць у спаборніцтвах у школе, пабываюць на майстар-класах — і запішуцца ў секцыю, аб’яднанне па інтарэсах, а ў перспектыве, я ўпэўнены, прасла­вяць нашу Беларусь на сусветнай арэне. Няхай кожны зробіць крок наперад у будучыню, дзе здароўе з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю для актыўнага жыцця!

Падзякамі міністра адукацыі і каштоўнымі прызамі ўзнагароджаны Аляксандра Раманоўская і Арцём Башлакоў (фрыстайл), Дзмітрый Асанаў (бокс), Марына Слуцкая і Марыя Кандрацьева (дзюдо), Вольга Мельнік (спартыўная акрабатыка), Юлія Еўчык (мастацкая гімнастыка), Рыгор Пякарскі (плаванне).

— Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы, урада, у нашай краіне многае зроблена для развіцця масавай фізічнай культуры і спорту, — расказаў Міхаіл Партной. — Удасканальваецца інфраструктура, расце колькасць спартыўных аб’ектаў сусветнага ўзроўню, што дазваляе нам прымаць буйныя міжнародныя спаборніцтвы. Самы хуткі і эфектыўны дыпламат — гэта спартсмен. Спорт высокіх дасягненняў абапіраецца на масавы спорт, на падрыхтоўку рэзерву. Становіцца модна весці здаровы лад жыцця, займацца спортам. Хачу па­дзякаваць Міністэрству адукацыі за су­працоўніцтва. Усе свае кадры спорт атрымлівае з адукацыі. Дзіця пачынае займацца ў сям’і, потым у дашкольнай установе, школе і толькі потым прыходзіць у спартыўную школу, вучылішча алімпійскага рэзерву. Самыя выдатныя спартсмены трапляюць у нацыянальныя зборныя і абараняюць гонар краіны на міжнароднай арэне. Стаўце амбіцыйныя мэты і дасягайце іх!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.