Стыльная зіма

Толькі 11 снежня падчас адкрыцця Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія” для юных фларыстаў Беларусі і іх педагогаў надышла сапраўдная зіма. Традыцыйна адрасам для зімовага старту стаў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Акрамя адкрыцця самой выставы, на якой было прадстаўлена больш за 200 лепшых фларыстычных работ з усёй краіны, тут цэлы дзень праходзілі і вочныя творчыя баталіі для дзяцей і іх педагогаў.

Юныя фларысты правялі паказальныя выступленні, стварыўшы фларыстычныя аб’екты “Сакрэт навагодняга настрою” і інтэр’ерныя работы “Калядная зорка”. А кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах фларыстычнага кірунку прадэманстравалі ўзровень свайго майстэрства, стварыўшы фларыс­тычныя сумачкі ў намінацыі “Стыльная зіма”. Усе гэтыя шэдэўры папоўнілі выставу. Усяго ж тут было выстаўлена больш за 200 творчых работ навучэнцаў: арыгінальныя навагоднія ёлкі і калядныя вянкі, жывыя кампазіцыі і ёлачныя цацкі з прыродных матэрыялаў, фларыстычныя калажы і скульптуры і, канечне, навагодні сувенір на “мышыную” тэму.

Чарговы раз агледзеўшы экспазіцыю, Вольга Камінская, загадчык лабараторыі аддзела раслінаводства РЦЭіК, адзначыла: “Дзеці ў нас на вачах стварылі калядныя зоркі — традыцыйны атрыбут свята. Прычым папярэдне аўтары прапрацавалі гэтую тэму: вывучалі нацыянальныя асаблівасці выкарыстання такіх зорак, шукалі свае варыянты інтэрпрэтацыі іх у прыродных матэрыялах. Сёння многія робяць навагоднія ўпрыгажэнні, інтэр’ерныя аб’екты на зімовую тэматыку. Не абышлі гэтую тэн­дэнцыю і мы, прапанаваўшы намінацыю “Сакрэт навагодняга настрою” па стварэнні арт­аб’ектаў. Іх у нас было створана 7 — па адным ад кожнай вобласці і сталіцы.

Сярод завочных намінацый адна з самых папулярных — стварэнне ёлак “Усе адценні радасці”. Мы як эколагі, аматары прыроды заклапочаны захаваннем нашых лясоў. І няхай для свят ёлкі спецыяльна вырошчваюць, усё роўнае шкада, калі іх, ссохлыя, потым выкідваюць на сметнік, таму мы і прапануем дзецям стварыць альтэрнатыву жывым елкам — прыемнае ўпрыгажэнне для дома ці класа і варыянт святочнага падарунка.

Вельмі цікавай аказалася намінацыя па стварэнні калажаў “Мой родны кут”. Прычым працавалі дзеці ў адной тэхніцы — фларыстычны жывапіс. Гэта копіі вядомых мастацкіх карцін, толькі ствараюцца яны не фарбамі, а прыроднымі матэрыяламі. 

Не абышлі мы і тэму падсвечнікаў і свечак (як без гэтага ў святы?), а таксама прапанавалі абыграць тэму сімвала года. Так, да нас прыехала звыш 50 мышэй у розных вобразах: і асілкі, і клапатлівыя маці, і гарэзы на санках, з гантэлямі і са сваім любімым сырам… У асноўным усе створаны ў тэхніцы сухога ці мокрага валення лямцу”.

Сваімі ўражаннямі ад выставы і фларыстычных экспанатаў падзяліліся эксперты. Так, Лора Белабровік, выкладчык, фларыст–­дызайнер міжнароднага класа, чэмпіён Беларусі па фларыстыцы, сказала: “З кожным годам мы, журы, адзначаем, як павышаецца ўзровень работ на гэтым конкурсе. Фларыстыка становіцца папулярнай, ужо ёсць разуменне, што яна можа быць прафесіяй, таму захапленне ёй расце. І сёння мы ўбачылі шмат вельмі добрых прыкладаў”.

Мікалай Даніловіч, майстар­-фларыст, прызёр і пераможца міжнародных конкурсаў, нарэшце ўбачыў на выставе тое, чаго чакаў некалькі апошніх гадоў: “Раней ідэі канкурсанты шукалі ў часопісах, у інтэрнэце і калі не капіравалі іх, то ўсё роўна падабенства было відавочным. Цяпер жа яны ўжо ўвасабляюць выключна свае фантазіі. Мяне прываблівае і сціпласць матэрыялаў. Дзеці даказалі, што, каб стварыць годную кампазіцыю, не трэба дарагіх кветак, зеляніны — дастаткова таго, што ёсць пад рукой, што вырашчана на сваім жа ўчастку і засушана на зіму. Гэта вучыць думаць, разважаць”.

Любоў Храптовіч, навучэнка Абласнога цэнтра творчасці Магілёва, каб прадставіць сваю вобласць на выставе стварыла стылізаваныя дзверы з кары ў рост чалавека, аздобіла іх стручкамі, імхом, семачкамі, саломінкамі, штучным снегам і нават скуркай ад авакада… “Мая кампазіцыя называецца “Парог Новага года”, а гэтыя дзверы — пераход да зімовых казак. У некага Новы год асацыіруецца з зоркамі, цукеркамі, Дзедам Марозам, у мяне ж — са снегам, першымі маразамі, ледзянымі горкамі”, — патлумачыла снежна­карычневы кантраст у сваёй рабоце Любоў.

Свае работы Люба ўжо не раз прэзентавала на рэспубліканскіх фларыстычных конкурсах. Што цікава, традыцыйна яна пазбягае яркіх колераў, тым не менш і без чырвона­ружовага ў яе работы атрымліваюцца па-­святочнаму прыгожымі (дзяўчына лічыць, што стракатасць больш падыхо­дзіць дзіцячым работам). Гэтую асаблівасць заўсёды цэняць не толькі журы, але і яе родныя і сваякі: кожны раз на Каляды, Новы год і іншыя святы на працягу года Люба рыхтуе для іх мноства фларыстычных падарункаў, таму да кожнага свята ў іх дамах выстаўляюцца міні­экспазіцыі з Любіных кампазіцый.

Лявон Комар, пяцікласнік з сярэдняй школы № 17 Барысава, усяго год у фларыс­тыцы, але ўжо таксама выпрацаваў свой стыль. Пакуль яго калегі­-дзяўчынкі ствараюць вытанчаныя карункі, Лявон аддае перавагу па­мужчынску практычнаму мінімалізму.

Удыхнуць зіму і злавіць святочны настрой, натхніцца на творчасць на выставе “Лёд. Кветкі. Фантазія” можна будзе да 19 студзеня ў Рэспубліканскай галерэі “Прырода і творчасць” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Акрамя таго, лепшыя з іх будуць уключаны ў экспазіцыю выставы дабрачыннага навагодняга свята для дзяцей у межах акцыі “Нашы дзеці”. Пазней аб’явяць пераможцаў і прызёраў выставы­-конкурсу. Усе яны атрымаюць узнагароды ад Міністэрства адукацыі.

Святлана НІКІФАРАВА,
Фота аўтара.