Стымул для далейшага развіцця

- 10:59Адукацыйная прастора

Сёлета заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі праходзіў у Жлобіне Гомельскай вобласці. Інтэлектуальныя спаборніцтвы былі арганізаваны ў сярэдняй школе № 10.

Раман Рамановіч.

У заключным этапе алімпіяды па гісторыі свае веды праверылі 82 навучэнцы. Сярод іх былі не толькі прадстаўнікі 11 і 10 класаў, але і дзявятага і нават восьмага. Дзяўчат на фінальных інтэлектуальных іспытах было ўсяго дзевяць. Аднак яны прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў, тры з iх заваявалі дыпломы. Было трое ­ўдзельнікаў з сельскіх устаноў адукацыі.

Старшыня журы, доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гіс­тарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Сяргей Аркадзьевіч Піваварчык расказаў, што выпрабаванні складаліся з двух тураў — тэарэтычнага і практычнага (тэставага). На абодвух этапах заданні па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі былі пададзены не прадметнымі блокамі, а ў храналагічным парадку і чаргаваліся паміж сабой. Гэта, з аднаго боку, ускладняла задачу, бо юным разумнікам і разумніцам трэба было пастаянна пераключацца з аднаго прадмета на другі, а з другога — дапамагала: гістарычныя з’явы Беларусі і сусвету падаваліся ва ўзаемасувязі. На першым тэарэтычным туры было прапанавана дзесяць заданняў, на выкананне якіх  адводзілася 4 гадзіны. На другім туры былі дадзены тэставыя заданні. Справіцца трэба было за 3 гадзіны.

— Сёлета не пісалі эсэ, — падкрэсліў С.А.Піваварчык. — У першым туры ўдзельнікам быў прапанаваны наглядны ілюстрацыйны матэрыял, ім давялося працаваць з гістарычнымі дакументамі, карцінамі, напiсанымi паводле значных гiстарычных падзей. У некаторых заданнях неабходна было прааналізаваць дадзеную крыніцу інфармацыі і зрабіць вывады, апісаць, з якімі падзеямі і як звязаны гэты матэрыял.

Таксама было шмат заданняў, звязаных з персаналізацыяй гісторыі (трэба было распазнаць дзеячаў гісторыі, гербы гарадоў і радоў). Каб справіцца, патрэбны былі веды не толькі па гісторыі, але і па сумежных дысцыплінах (геральдыцы, генеалогіі, археалогіі, палеаграфіі).

Па выніках пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі I, II і III ступеней. Як паведаміла метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Таццяна Валер’еўна Шымановіч, імі сталі 37 навучэнцаў. Найбольшую колькасць узнагарод — па 8 — атрымалі юныя гісторыкі Мiнска i Гомельскай вобласцi, а ўдзельнiкi з Брэсцкай вобласцi лідзіравалi па колькасці дыпломаў І ступені. Увогуле ж геаграфія лаўрэатаў шырокая: прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў адправіліся дадому з узнагародамі.

Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” за 10 клас былі ўзнагароджаны Аляксей Топаль (гімназія № 6 Мала­дзечна Мінскай вобласці, настаўніца А.І.Мацкевіч), Максім Лойка (гімназія № 5 Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе, настаўнік С.А.Семашкевіч) і Станіслаў Плясун (Браслаўская сярэдняя школа № 1 імя А.М.Жданава Віцебскай вобласці, настаўніца Л.В.Стэльмачонак). Усе дыпламанты плануюць працягваць заняткі па гісторыі і на наступны год зноў удзельнічаць у рэспубліканскай алімпіядзе.

Сярод адзінаццацікласнікаў пераможцамі сталі Раман Рамановіч (сярэдняя школа № 16 Пінска Брэсцкай вобласці, настаўнік А.У.Казлоўскі), Андрэй Маліноўскі (Рэчыцкі раённы ліцэй Гомельскай вобласці, настаўнікі І.Я.Пяткун і В.Я.Бондараў), Максім Маеўскі (сярэдняя школа № 14 Баранавіч Брэсцкай вобласці, настаўніца Г.І.Маскаленка) і Ілья Ляж­дзей (гімназія № 1 Слоніма Гродзенскай вобласці, настаўніца А.М.Несіна). Амаль кожны з іх тым ці іншым чынам плануе звязаць з гісторыяй сваё далейшае жыццё.

Спецпрызам Міністэрства адукацыі — смарт-гадзiннiкам i флэшкай — узнагароджаны вучань 11 класа Гусявіцкай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці Дзмітрый Луцянкоў, які стаў і ўладальнікам дыплома III ступені. Тры ўдзельнікі алімпіяды адзначаны па­дзячнымі водгукамі.

Пераможца ў алімпіядзе па гісторыі за 10 клас Аляксей Топаль з Маладзечна расказаў, што ён больш за ўсё часу патраціў на заданні, якія патрабавалі лагічнага мыслення, аналізу фактаў. Было цікава паразважаць над прапанаванымi гiстарычнымi задачамi і зрабіць уласнае заключэнне. Аляксей упершыню прыняў удзел у рэспубліканскай алімпіядзе, калі вучыўся ў 8 класе. Пераможца за 11 клас Раман Рамановіч з Пінска адзначыў, што на першым туры стараўся да­ваць максімальна падрабязныя, разгорнутыя адказы на ўсе пытанні, бо важна было паказаць свае веды, разуменне прычынна-выніковых сувязей. На этапе падрыхтоўкі да алімпіяды Раман старанна выконваў заданні мінулых гадоў, аналізаваў і запамінаў уласныя памылкі, аднак абавязкова пакідаў час і на адпачынак. Такі падыход прывёў юнака да перамогі.

Таццяна ШЫМКО.