Сёлетні чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills у Абу-Дабі (ААЭ) стаў для беларускай каманды другім. Удзел у ім прынялі 29 прадстаўнікоў нацыянальнай зборнай па 27 кампетэнцыях у 6 сферах: “Тэхналогіі будаўніцтва”, “Творчыя прафесіі і мода”, “Інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі”, “Вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі”, “Сацыяльныя і персанальныя паслугі”, “Транспарт і лагістыка”. Вынік — два медалі і 16-е месца сярод 59 краін-удзельніц у агульнакамандным заліку. Нягледзячы на тое, што два гады назад у Сан-Паўлу медалёў было больш, вынік менавіта ў Абу-Дабі лічыцца на гэты момант лепшым за ўсю (пакуль што невялікую) гісторыю ўдзелу нашай краіны ў конкурсе. Чаму? Гэта патлумачыў падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукцыі (РІПА) Валерый Мікалаевіч Галубоўскі.
— Паказчык паспяховасці выступлення каманды на гэтых спаборніцтвах — не колькасць медалёў, а колькасць балаў, якую набралі члены каманды ва ўсіх кампетэнцыях (сёлета мы прымалі ўдзел у 27 з 51 кампетэнцыі). Толькі так можна ўбачыць рост, ацаніць узровень каманды, параўнаць, якім ён быў на мінулым чэмпіянаце і на сёлетнім. Першымі для беларускай каманды былі спаборніцтвы 2015 года ў Бразіліі, дзе ў агульнакамандным заліку мы занялі 36-е месца, удзельнічаючы ў 15 кампетэнцыях. Сёлета ў Абу-Дабі беларуская каманда заняла ўжо 16-е агульнакаманднае месца, удзельнічаючы ў значна большай колькасці кампетэнцый — 27. За два гады развіцця руху WorldSkills у Беларусі, узмоцненай прафесійнай падрыхтоўкі наша краіна палепшыла свой вынік на сусветным першынстве на 20 пазіцый. Гэтыя лічбы — аб’ектыўны паказчык агульнай добрай падрыхтоўкі нацыянальнай зборнай да ўдзелу ў такіх моцных спаборніцтвах, як WorldSkills, — адзначыў рэктар РІПА.
WorldSkills — своеасаблівыя алімпійскія гульні па прафесійным майстэрстве сярод моладзі. Праводзіцца гэты міжнародны чэмпіянат кожныя два гады на працягу больш чым 60 гадоў. У спаборніцтвах прымаюць удзел маладыя кваліфікаваныя рабочыя, студэнты, навучэнцы ліцэяў і каледжаў ва ўзросце да 22 гадоў. Увогуле, рух WorldSkills нацэлены на папулярызацыю рабочых прафесій у сучасным грамадстве, павышэнне іх прывабнасці сярод моладзі.
Сёлетні чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills стаў самым шматлікім за ўсю яго гісторыю — у ім удзельнічала больш за 1250 канкурсантаў і больш за 1500 трэнераў-экспертаў (у тым ліку 27 беларускіх, палова з якіх — прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі). Канкурэнцыя была велізарнай! Напрыклад, у кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” спаборнічалі прадстаўнікі 42 краін, у кампетэнцыі “Мехатроніка” — 37 краін, “Рэстаранны сэрвіс” — 37 краін, “Аутамабільныя тэхналогіі” — 36 краін і г.д.
Беларуская каманда ў Абу-Дабі заваявала два медалі: за прафесійнае майстэрства (Medal of Excellence) і за найбольшую колькасць балаў унутры сваёй каманды (Вest of nation). Абодва — па кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”, уладальнікам якіх стала Надзея Кашцялян, выпускніца Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання.
Нягледзячы на тое, што сёлета патрабаванні да выканання конкурсных заданняў былі істотна павышаны (каб заваяваць медаль выдатніка за прафесійнае майстэрства, неабходна было набраць у асабістым заліку 700 балаў, у той час як у Бразіліі ў 2015 годзе — 500), удзельнікі беларускай каманды выступілі вельмі годна. Многія з іх атрымалі больш за 650 балаў, прычым аднаму з іх да медаля выдатніка не хапіла ўсяго трох балаў. Сярод краін СНД беларуская каманда стала другой пасля расійскай.
Удзельнічаючы толькі другі раз у спаборніцтвах такога ўзроўню, Беларусь па колькасці набраных балаў абышла многія больш вопытныя еўрапейскія краіны, такія як Швецыя, Фінляндыя, Нарвегія, Партугалія.
Рэктар РІПА адзначыў найвышэйшы ўзровень чэмпіянату WorldSkills:
— Конкурсныя пляцоўкі чэмпіянату ўяўляюць сабой своеасаблівыя майстэрні велізарных памераў. Яны — эталон аснашчэння і тэхналогій для падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, якія адказваюць патрабаванням сучаснай эканомікі. Гэта адзін з сур’ёзных стымулаў, каб Беларусь удзельнічала ў такіх спаборніцтвах, мела доступ да такой інфармацыі і прыўносіла абнаўленні ў змест падрыхтоўкі кадраў у сістэме прафесійнай адукацыі.
Марына ПЫРКОВА.