Школьнікі з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці прынялі ўдзел у абласным конкурсе “Стымулятар бою”. Гэтая камп’ютарная гульня з’яўляецца часткай праекта “Віртуальны музей ваеннай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны”, які стварылі навучэнцы Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці. Праект стаў пераможцам конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.
К онкурс праходзіў у два этапы. Пераможцы раённых этапаў сустрэліся ў Гродне. Яны былі падзелены на дзве ўзроставыя группы: 9—12 гадоў і 13—15 гадоў.
— Цікавасць дзяцей да гэтай гульні, дзе ўсё адпавядае тэхніцы ваенных гадоў, вялікая, — расказвае дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Іван Дашкевіч. — Па ўмовах конкурсу, кожны ўдзельнік праводзіў тры баі, у залік ішлі два лепшыя вынікі. Асаблівасць гэтай камп’ютарнай гульні яшчэ і ў тым, што яна дае магчымасць азнаёміцца з сапраўднай ваеннай тэхнікай, тактыкай вядзення бою, пашырае веды аб Вялікай Айчыннай вайне. Плануем да Дня Перамогі правесці адкрытае першынство па “Стымулятары бою” і запрасіць да ўдзелу ў ім школьнікаў з іншых абласцей.
А на гэты раз лепшымі байцамі сталі навучэнец Ізабелінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна Дзяніс Палякоў у малодшай узроставай групе і Арцём Чакавы з Бакштаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна ў старшай групе.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.