Стыпендыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі атрымалі 40 актывістаў-навучэнцаў

- 11:10Актуально

III Рэспубліканскі форум «Прафсаюз на 360°», арганізаваны Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі, аб’яднаў таленавітых і адкрытых да новых ведаў прафсаюзных лідараў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Форум сабраў 120 удзельнікаў з ліку актывістаў абласных і раённых маладзёжных саветаў Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі, стыпендыятаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і галіновага прафсаюза, старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый, навучэнцаў і работнікаў устаноў вышэйшай адукацыі. Удзельнікаў вітала старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч.

У рамках форуму адбылося некалькі адкрытых дыялогаў. Так, на базе Міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО» перад лідарамі прафсаюзнага руху выступілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Папко, палітычны аглядальнік тэлеканала АНТ Ігар Тур і інш. Размова ішла пра асаблівасці работы з моладдзю праз выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў.

На сустрэчы з удзелам намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, клірыка прыхода храма-помніка ў гонар Усіх Святых іерэя Мікалая Поўнага, старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяны Якубовіч актывісты аб’яднання абмеркавалі ролю бацькі ў сям’і і грамадстве.

У студзені 2026 г. Беларускаму прафесійнаму саюзу работнікаў адукацыі і навукі спаўняецца 105 гадоў. Маладзёжны савет ініцыіраваў закладку «Капсулы часу» з пасланнем будучым пакаленням прафсаюзных лідараў, якую плануецца распячатаць праз 45 гадоў.

Капсула з пасланнем нашчадкам на працягу некалькіх месяцаў будзе падарожнічаць па нашай краіне, прафсаюзныя актывісты кожнага рэгіёна пакінуць свае пажаданні будучым лідарам.

Таксама на форуме шмат гаварылася аб рабоце пярвічных прафсаюзных арганізацый з маладымі выбаршчыкамі і іх удзеле ў выбарчым працэсе. Лідары прафсаюзнага руху абмеркавалі пытанні, якія тычацца рэформ і ініцыятыў, звязаных з электаральнай сістэмай нашай дзяржавы.

Прыемным момантам стала ўрачыстая цырымонія ўручэння выплат Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі навучэнцам з ліку прафсаюзных актывістаў у рамках рэспубліканскай акцыі «Студэнцтва і прафсаюзы разам». У гэтым годзе прафсаюз узнагародзіў 40 стыпендыятаў.

Наталля КАСТЭНКА
Фота прадастаўлены галіновым прафсаюзам