Стывен Сігал пакаштаваў беларускіх прадуктаў з прэзідэнцкай градкі

- 11:30Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нефармальную сустрэчу з вядомым амерыканскім акцёрам Стывенам Сігалам. Аб гэтым паведаміла прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант.

Акцёр напярэдадні позна вечарам прыляцеў у Мінск. Стывен Сігал супрацоўнічае з найбуйнейшай беларускай кампаніяй — распрацоўшчыкам анлайн-гульняў. Зрэшты, толькі дзелавым гэты візіт не стаў: кароткая экскурсія па Мінску, знаёмства з беларускай кухняй — за суткі знаходжання ў сталіцы акцёр паспеў многае.

“Сёння адбылася нефармальная сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі. Пазнаёміцца з Аляксандрам Лукашэнкам Стывен Сігал, па яго ўласным прызнанні, марыў даўно і, збіраючыся ў Мінск, настойліва прасіў аб сустрэчы. Да Беларусі стаўленне ў госця асаблівае яшчэ і таму, што, як высветлілася, Стывен Сігал — наш зямляк, ёсць яго карані і ў Беларусі”, — расказала прэс-сакратар.

Сустрэча з прэзідэнтам атрымалася жывой і для госця вельмі пазнавальнай, з акцэнтам на сельскую гаспадарку. Пытанне сапраўды актуальнае, паколькі ўборачная ў краіне ў самым разгары. Стывену Сігалу паказалі тое, без чаго не абыходзіцца ніводная беларуская гаспадарка, найбольш папулярныя культуры — буракі, капусту, моркву. Тут жа ў полі адбылася і першая дэгустацыя.

Назіраў госць і за ўборкай бульбы, а таксама бахчавых — культуры, якая становіцца ў Беларусі традыцыйнай. “Яшчэ пяць гадоў назад цяжка было ўявіць, што на нашай зямлі можна будзе вырошчваць такія кавуны, і сёння яны асабліва зацікавілі госця, — адзначыла прэс-сакратар. — За лёгкай вячэрай у рэзідэнцыі прэзідэнта стравы беларускай кухні госці каштавалі літаральна “з градкі”. Даспадобы прыйшліся халаднік, бульба і, вядома, беларускае сала. Натуральныя беларускія прадукты не пакінулі абыякавымі амерыканскіх гасцей”.