Суб’ектам гаспадарання, рэгіёнам трэба больш актыўна працаваць на еўрапейскіх рынках

Еўрасаюз праяўляе гатоўнасць да большага адкрыцця дзвярэй у Беларусь. Аб гэтым у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” расказаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

“Еўрасаюз у пэўнай меры праяўляе гатоўнасць да большага адкрыцця дзвярэй у Беларусь. Гэта бачна ў нашым супрацоўніцтве, напрыклад, з еўрапейскімі фінансавымі інстытутамі, — адзначыў міністр. — Мы зацікаўлены ў развіцці гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з ЕС, таму што ён для нас другі па значнасці гандлёва-эканамічны партнёр, мы проста абавязаны мець нармальныя адносіны з ім”.

“Трэба разумець, што сёння ЕС адносна Беларусі не прымае якіх-небудзь дыскрымінацыйных мер. Ён праводзіць такую ж палітыку, як і ў дачыненні да іншых аналагічных краін, за выключэннем тых, з якімі мае прэферэнцыйныя пагадненні. Таму наша задача цяпер у тым, каб актыўней прасоўваць сваю прадукцыю на еўрапейскі рынак. Для гэтага трэба вырашаць пытанне сертыфікацыі прадукцыі, больш актыўна працаваць у канкрэтных краінах, для гэтага трэба нашым суб’ектам гаспадарання, рэгіёнам рабіць больш актыўныя захады па рабоце на еўрапейскіх рынках”, — сказаў Уладзімір Макей.

Разам з тым ён падкрэсліў, што беларускі бок усё ж такі адчувае пэўныя нюансы, звязаныя з палітычнай сферай, калі размова ідзе аб неабходнасці развіваць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне. “Думаю, што ў нас атрымаецца выйсці ў выніку на падпісанне Прыярытэтаў партнёрства (да 2020 года.— Заўв. БелТА.). Але калі мы працавалі на пачатковых стадыях над гэтым дакументам, мы бачылі, што некаторыя дзяржавы спрабавалі ўставіць нейкія пасажы, звязаныя ці то з тэматыкай правоў чалавека, ці то з палітычнай падаплёкай. І для нас гэта, вядома, было непрымальна”, — заўважыў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

“Прэзідэнтам яшчэ раз былі дакладна абазначаны нашы падыходы: ёсць нацыянальныя інтарэсы. Мы павінны зыходзіць з іх. Вядома, калі ЕС гатовы зрабіць нейкія зрухі ў тых ці іншых сферах, мы таксама гатовы зрабіць адпаведныя крокі насустрач. Але мы ні ў якай меры не будзем адступацца ад прынцыпаў і ісці на повадзе ў асобных краін, якія спрабуюць нейкім чынам аказаць націск на Беларусь”, — рэзюмаваў міністр.