Субота — час для сумеснай творчасці

- 16:07Нам пішуць

Суботні дзень спрыяе арганізацыі сумесный творчай дзейнасці бацькоў і дзяцей, асабліва калі месца сустрэчы — установа дадатковай адукацыі.

Навагрудскі раённы ЦТДіМ будуе сваю дзейнасць у цесным супрацоўніцтве з бацькамі навучэнцаў. Чарговая субота аб’яднала дзяцей, бацькоў і педагогаў агульнай творчасцю, дазволіла карысна правесці вольны час.

Сустрэча была прымеркавана да Дня абаронцаў Айчыны, таму асабліва прыемна было бачыць на мерапрыемстве тат і дзядуль. Бацькі і дзеці з захапленнем далучыліся да майстар-класаў па вырабе святочных сувеніраў з салёнага цеста, стварэнні пано з прыроднага матэрыялу, удзельнічалі ў турысцкай эстафеце. Навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Цырульніцкі гурток “Лонда” прадэманстравалі ўменне рабіць разнастайныя прычоскі для дзяўчат.

Пазнаёміцца з захапленнямі сваіх дзяцей бацькі мелі магчымасць, наведаўшы выставу творчых работ. Юныя вакалісты і танцоры павіншавалі прысутных яскравай канцэртнай праграмай.

Для кожнага дзіцяці важна адчуваць, што бацькі падтрымліваюць іх захапленні, а суботні школьны дзень дае магчымасць падзяліцца творчасцю са сваёй сям’ёй.

Святлана КРЫНСКАЯ,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Навагрудскага раённага ЦТДіМ.