Суботні дзень карысна і цікава

- 16:12Навіны рэгіёнаў

Гімназія № 2 Бабруйска па суботах нагадвае вулей, бо колькасць вучняў, якія жадаюць лішні раз наведаць установу, тут вельмі вялікая. А ўсё таму, што кожнае дзіця знаходзіць сабе занятак па душы.

— Нароўні з іншымі аспектамі арганізацыі вучэбнага працэсу, значную ўвагу наш педагагічны калектыў удзяляе правядзенню шостага школьнага дня. Планы работы гімназіі па суботах складаюцца такім чынам, каб ахапіць занятасцю як мага больш дзяцей. Для дасягнення гэтай мэты мы імкнёмся максімальна ўлічваць інтарэсы навучэнцаў. “Думай пазітыўна, дзяліся добрымі навінамі, праяўляй цікавасць да навакольных падзей” — такім дэвізам кіруюцца нашы настаўнікі пры арганізацыі шостага школьнага дня, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ала Аніхоўская.

Кожны суботні дзень у гімназіі праходзіць насычана і цікава. Педагогі стараюцца зрабіць выхаваўчыя мерапрыемствы максімальна разнастайнымі. Тут удзяляюць увагу ўсім напрамкам адукацыйнай дзейнасці: спартыўна-масаваму, турыстычна-краязнаўчаму, грамадзянска-патрыя­тычнаму, прафарыентацыйнаму, прафілактычнаму, вучэбнаму.

— Творчыя асобы могуць наведваць шматлікія гурткі дэкаратыўна-прыкладнога кірунку. Для аматараў актыўнага адпачынку працуюць спартзала, гульнявыя пляцоўкі, запланаваны разнастайныя спартыўныя турніры, першынствы, эстафеты. Бібліятэка заўсёды гатова прапанаваць кніжную выставу на актуальную тэму, відэаўрок або вусны часопіс. У суботу можна атрымаць кансультацыю ад псіхолага або пазаймацца з лагапедам. Значны ўпор нашы педагогі робяць і на вучэбную дзей­насць: факультатывы, стымулюючыя заняткі, а таксама работа цэнт­ра па рабоце з адоранымі вучнямі дапамагаюць навучэнцам атрымаць дадатковыя веды. Падтрымліваем мы і грамадзянскую актыўнасць дзяцей. Па ініцыятыве маладзёжных лідараў пярвічак БРСМ і БРПА ва ўстанове штогод рэалізоўваюцца важныя сацыяльныя праекты “Лідар цэнтр”, “Мой двор — мой клопат”, “Дом без адзі­ноты”, “Ідзём шляхам дабра”, — адзначыла Ала
Мікалаеўна.

Асаблівы ўпор у шосты школьны дзень педагогі робяць на прафарыентацыю вучняў. Перыядыч­на праводзяцца экскурсіі на мясцовыя прадпрыемствы, арганізоўваюцца сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, выезды ва ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Гэта дапамагае старшакласнікам свядома вызначыцца з будучай прафесіяй.

Адметна, што ў 2-й бабруйскай гімназіі нала­джана плённае супрацоўніцтва педагагічнага калектыву з бацькамі. У суботні дзень спецыялісты сацыяльна-педагагічнай службы праводзяць баць­коўскі ўніверсітэт, настаўнікі-прадметнікі кансультуюць мам і татаў па пытаннях навучання. Законныя прадстаўнікі прымаюць актыўны ўдзел у навучанні і выхаванні дзяцей, рэгулярна навед­ваюць усе школьныя мерапрыемствы. Цеснае ўзаемадзеянне настаўнікаў і бацькоў спрыяе якаснаму выхаванню гімназістаў.

Суботні дзень у гімназіі № 2 Бабруйска цалкам накіраваны на развіццё дзіцячых здольнасцей. Педагогі імкнуцца ўсебакова дапамагчы вучням дасягнуць тых вышынь, якія засталіся непакоранымі ў будні, таму нядзіўна, што дзеці ідуць у гімназію з задавальненнем і радасцю.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.