Суботы ў нашай школе не для нуды!

- 12:29Нам пішуць

Пра шосты школьны дзень выказваюцца розныя меркаванні і думкі. Адны мяркуюць, што ён для цяперашніх вучняў карысны, іншыя гатовыя спрачацца, што дадатковая нагрузка стамляе дзяцей. Я, як мама і педагог, лічу, што вельмі важна выкарыстоўваць суботні час для развіцця сваіх здольнасцяў.

Дадатковы школьны дзень трэба разглядаць не як нагрузку, а як магчымасць цікава і з карысцю правесці гэты час. У нашай школе ў шосты школьны дзень праходзяць спартыўныя спаборніцтвы, тэматычныя святы, забаўляльныя шоу-праграмы, вясёлыя эстафеты для дзяцей і іх бацькоў.

Дзеці вельмі старанна рыхтуюцца да кожнага мерапрыемства. Заўсёды цікава праходзіць “Зорны дождж” (мерапрыемста праводзіцца з мэтай выявіць адораных вакалістаў, акцёраў, дэкламатараў паэтычных твораў, танцораў). З вялікім жаданнем чакаюць гэтага мерапрыемства вучні, настаўнікі і бацькі. Рыхтуюцца да выступленняў вучні самастойна, гэта надае конкурсу яшчэ большую арыгінальнасць і запамінальнасць. На суд журы прадстаўляецца шмат цікавых нумароў. І вельмі складана вызначыць лепшых, таму ўсе артысты атрымліваюць дыпломы і салодкія падарункі.

У суботу працуюць гурткі і секцыі, настаўнікі займаюцца з алімпіяднымі групамі.

Вельмі займальна і цікава ў нас праходзяць дні здароўя, якія дзеці таксама вельмі любяць.

Кожную суботу ў школе працуе камп’ютарны клуб. Камп’ютары настолькі трывала ўвайшлі ў наша жыццё, што сёння дзеці нярэдка аддаюць перавагу віртуальным зносінам, гатовыя гадзінамі сядзець у планшэтах і мабільных тэлефонах. Цалкам ізаляваць дзяцей ад гэтага немагчыма, але час знаходжання іх у “сетцы” можна абмежаваць. Шосты школьны дзень таму добрая альтэрнатыва. Дзеці праводзяць час разам, займаюцца агульнымі справамі — усё гэта развівае іх камунікатыўныя навыкі.

Лічу, што такія мерапрыемствы даюць магчымасць па-сапраўднаму рэалізаваць сябе ў розных кірунках.

Аксана АНДРУКОНІС,
педагог-арганізатар Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.