Сучасна — для сучасных дзяцей

- 14:58Гомельшчына

Турыстычна-краязнаўчы, эколага-біялагічны, тэхнічны, мастацка-эстэтычны, фізкультурна-спартыўны — установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі менавіта такіх профіляў працуюць у Беларусі, у тым ліку ў Гомельскай вобласці. Сярод гэтай багатай палітры ёсць адна ўстанова з адметным ІТ-колерам — Камп’ютарны цэнтр дзяцей і моладзі Светлагорска. З асаблівасцямі работы цэнтра, асноўнымі напрамкамі дзейнасці яго аб’яднанняў па інтарэсах мы азнаёміліся ў першы дзень прэс-туру падчас наведвання Светлагорскага раёна.

Камп’ютарны цэнтр дзяцей і моладзі Светлагорска — адзіная ў сваім родзе ўстанова дадатковай адукацыі Гомельскай вобласці. Яна з’яўляецца адносна маладой (дзейнічае на працягу 16 гадоў), аднак вопыт, назапашаны яе педагогамі, можна (нават варта) актыўна папулярызаваць на ўсю краіну. І гэта тычыцца не толькі ІТ-адукацыі і замежных моў, што з’яўляецца асноўным напрамкам дзейнасці цэнтра. Багаты вопыт назапашаны ў плане пазабюджэтнай дзейнасці. Адзін толькі факт: першыя платныя паслугі цэнтр пачаў аказваць у лютым 2003 года. Курыраванне рынку вонкавай рэкламы ў Светлагорскім раёне — гэта таксама важны напрамак дзейнасці цэнтра. Але пра ўсё па парадку.

— Наша адкрыццё, якое адбылося ў 2002 годзе, 21 верасня, — гэта сумесны праект паміж Светлагорскім райвыканкамам і округам Мэндзіп (Вялікабрытанія). Асноўная наша дзейнасць — гэта ІТ-адукацыя, усё, што з ёй звязана, а таксама замежныя мовы. Гэтыя напрамкі мы пачалі папулярызаваць з моманту адкрыцця. Нашым асноўным дэвізам, ідэяй з’яўляецца адаптацыя маладых людзей да жыцця ў сучасным інфармацыйным грамадстве. Трэці напрамак, не скажу, што ён глабальны, але неабходны, — сацыяльна-педагагічны. У нашым клубе “Перакрыжаванне” займаюцца падлеткі, якіх прынята называць цяжкімі. Хоць і не люблю гэтае слова, аднак так будзе зразумелай сутнасць дзейнасці клуба, — паведаміў дырэктар Камп’ютарнага цэнтра дзяцей і моладзі Светлагорска Руслан Сцяпанавіч Сідоранка.

Пра тое, што ў цэнтры працуе каманда прафесіяналаў, сведчыць наступны факт: 29 студзеня 2017 года пачаліся першыя заняткі па робататэхніцы, а ўжо 10 лютага прадстаўнікі камп’ютарнага цэнтра заваявалі ў вобласці 3-е месца. Гэта быў не проста добры крок — нават подзвіг. Потым былі прызавыя месцы і перамогі на рэспубліканскім узроўні. Наогул, колькасць усіх дыпломаў, заваяваных навучэнцамі цэнтра і яго педагогамі, налічваецца сотнямі. Перад тым як далучыцца да свету робататэхнікі, дзеці (пачынаючы з 1 класа) займаюцца алгарытмізацыяй праграмавання ў асяроддзі Scratch. Потым пачынаецца робататэхніка. Гэты напрамак быў адкрыты толькі ў мінулым годзе пасля набыцця спонсарам папулярных робататэхнічных набораў Lego. Сёння гэта 8 базавых і 6 пашыраных набораў.

Што тычыцца вывучэння замежных моў, то гонарам цэнтра з’яўляецца міжнародная бібліятэка, дзе пераважаюць англійская, нямецкая і італьянская мовы. Ёсць кнігі на польскай, латышскай, кітайскай, іспанскай мовах. Адметнасць бібліятэкі ў тым, што тут прадстаўлена літаратура, якая выдаецца за мяжой для носьбітаў той ці іншай мовы. Каля 800 чалавек запісаны ў бібліятэку, а гэта, пагадзіцеся, выдатны паказчык. Дарэчы, на платнай аснове ў цэнтры дзейнічаюць групы па вывучэнні замежных моў для дарослых.

— Напэўна, мы першыя ў краіне ў структуры дадатковай адукацыі пачалі аказваць платныя паслугі. Нам як піянерам гэтай справы было вельмі складана, аднак, з іншага боку, вельмі цікава і проста. Цяпер гэтая справа выйшла ў краіне на больш высокі ўзровень. На сёння мы не просім у бюджэту грошы, ніводнай капейкі. Увесь рамонт зроблены за кошт пазабюджэту. Канечне, грошы трацяцца не толькі на рамонт. Галоўным з’яўляецца кадравае пытанне, прыцягванне педагогаў-прафесіяналаў. Што тычыцца працы на рынку вонкавай рэкламы, то гэта была ініцыятыва райвыканкама. Нам прапанавалі. Мы падумалі. Так, гэта аднімае шмат часу, але мы пайшлі на гэта. На сёння мы курыруем рынак вонкавай рэкламы ў раёне, што дае нам значныя грашовыя паступленні, у тым ліку ў раённы бюджэт, — падзяліўся дырэктар цэнтра.

Як павінна працаваць сучасная ўстанова дадатковай адукацыі? Якім чынам яна павінна аказваць паслугі сучасным дзецям? Вычарпальныя адказы дасць калектыў Камп’ютарнага цэнтра дзяцей і моладзі Светлагорска.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.