Сучасна — пра традыцыі

- 12:16Вышэйшая школа

Візітоўкай любой установы адукацыі, як вядома, з’яўляецца музей. А музею вядучай педагагічнай альма-матар краіны проста наканавана быць узорнай візітоўкай, сумяшчаць лепшыя традыцыі музейнай педагогікі з дасягненнямі сучасных інфармацыйных тэхналогій. Менавіта такі музей і быў урачыста адкрыты 21 лістапада ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка па ініцыятыве рэктара Аляксандра Іванавіча Жука.

21 лістапада 1914 года — адкрыццё Мінскага настаўніцкага інстытута. 1936 год — Мінскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту прысвоена імя А.М.Горкага. 2 верасня 1944 года — аднаўленне дзейнасці МДПІ. 1966 год — І Зорны паход студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы. 1995 год — прысваенне Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту імя народнага паэта Беларусі Максіма Танка. 2007 год — уступленне ў Еўразійскую асацыяцыю ўніверсітэтаў…

Гэта толькі невялікая частка асноўных вех гісторыі БДПУ. А колькі такіх вех у асабістым студэнцкім жыцці можа назваць кожны з выпускнікоў? Першая лекцыя, першы залік, першы экзамен, першая практыка, першы дзяржаўны экзамен… Пра ўсе гэтыя вехі (агульнаўніверсітэцкія і асабістыя) расказваюць фотаздымкі, архіўныя матэрыялы, пісьмы і ўспаміны, разнастайныя прадметы. Экспазіцыя арыентавана на выпускнікоў і выкладчыкаў розных пакаленняў, але ў першую чаргу сённяшніх студэнтаў.

— Наша альма-матар адзначае Дзень універсітэта, а ў святы прынята рабіць падарункі. Абноўленая экспазіцыя музея — гэта своеасаблівае падарожжа ў часе, аповед пра дзейнасць сучаснай навучальнай установы, якая набыла дзяржаўнае і міжнароднае прызнанне. У музеі прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, якія раскрываюць дынаміку развіцця і станаўлення ўніверсітэта на гістарычным фоне развіцця краіны і ўклад ВНУ ў развіццё адукацыі Беларусі. Гэта жывая памяць пра людзей і падзеі, пра студэнтаў, выкладчыкаў і рэктараў, чые імёны ўпісаны ў летапіс універсітэта. Мы па праве ганарымся дасягненнямі нашых выпускнікоў, вядомых дзеячаў навукі, культуры, адукацыі. Музейны матэрыял паказвае наведвальнікам пераемнасць пакаленняў, захаванне традыцый, — адзначыў Аляксандр Іванавіч Жук.

Кожны стэнд музея — гэта дзесяцігоддзе жыцця ўстановы. Значная частка фондаў даступна наведвальнікам у электронным выглядзе. У інфакіёсках размешчаны не толькі гістарычныя дакументы, але і сучасныя фота- і відэаматэрыялы, якія адлюстроўваюць насычанае вучэбнае, культурнае, грамадскае і спартыўнае жыццё флагмана педагагічнай адукацыі краіны. У кожнага экспаната ёсць QR-код, які дае наведвальнікам магчымасць пры дапамозе гаджэтаў і спецыяльнага дадатку атрымаць падрабязную інфармацыю аб тым ці іншым дакуменце. Абноўленая экспазіцыя разам з мастацкай галерэяй “Асветнікі зямлі беларускай” стане асновай музейна-адукацыйнай прасторы ўніверсітэта і будзе цікавая не толькі студэнтам, але і навучэнцам профільных педагагічных класаў, абітурыентам, гасцям універсітэта.

Адкрыццё музея прайшло ў цёплай сямейнай атмасферы, паколькі сённяшнія выкладчыкі і студэнты, а таксама прадстаўнікі розных пакаленняў выпускнікоў — гэта адна вялікая педагагічная сям’я. “Мне заўсёды радасна пераступаць парог роднай альма-матар, я ніколі не бываю тут госцем. Ва ўніверсітэце робіцца многае, каб захаваць і перадаць лепшыя традыцыі педагагічнага майстэрства будучым пакаленням. Экспазіцыя будзе расказваць пра гэтыя традыцыі і выхоўваць студэнцкую моладзь”, — адзначыў акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, член-карэспандэнт, доктар гістарычных навук, прафесар, выпускнік 1975 года Аляксандр Аляксандравіч Каваленя.

102 гады — гэта цэлая эпоха, гэта прыкладна 20 пакаленняў студэнтаў, якія разам з выкладчыкамі дзякуючы сваёй плённай вучобе, навуковай дзейнасці, актыўнаму грамадскаму жыццю стваралі летапіс універсітэта. Традыцыі працягваюцца, летапіс дапаўняецца, экспазіцыя ўзбагачаецца…

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.