Сучасная агітбрыгада

Пакуль прагульваемся між карпусамі каледжа, з намі паважліва і нават крыху цырымонна вітаюцца навучэнцы. “А ці можна будзе да вас зайсці пасля чацвёртай пары?” — пытае адзін з хлопцаў, быццам напрошваецца на званую вячэру, а не на дадатковую рэпетыцыю. Калі б Алену Аркадзьеўну Касабуцкую, педагога-арганізатара Слуцкага дзяржаўнага каледжа, трэба было апісаць адным словам, гэта было б слова “інтэлігентнасць”. Бліжэй пазнаёміцца з кіраўніком агітбрыгады каледжа “Моладзь і творчасць” запрашаем у традыцыйнай рубрыцы “Арт-вакацыі”: галерэя творцаў” — сумесны праект Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і “Настаўніцкай газеты”.

Фота да матэрыялу: Сучасная агітбрыгада. — Алена Аркадзьеўна, як вы трапілі ў педагогіку?

— У мяне перад вачыма заў­сёды былі прыклады вельмі таленавітых настаўнікаў. Ад Галіны Спірыдонаўны Страмавус,  дырэктара Лотвіцкай васьмігадовай школы Баранавіцкага раёна, дзе я вучылася, пераняла актыўнасць, падзвіжніцтва. Мой класны кіраўнік Ірына Віктараўна Дмухоўская — філолаг ад Бога: яе цудоўная мова, стрыманасць і сёння са мной. Ужо ў педвучылішчы мне пашчасціла быць у групе Раісы Мікалаеўны Уласенка. У яе быў талент аб’ядноўваць калектыў, таму і я, і мае аднагрупнікі падтрымліваем з ёй сувязь праз столькі гадоў. Пасля мне пашанцавала з выкладчыкамі ў педагагічным універсітэце, з калегамі на першым працоўным месцы — у гімназіі № 1 Слуцка, — яны вучылі мяне быць настаўнікам.

Я хацела выкладаць у малодшых класах, але за сваё жыццё давялося папрацаваць і з моладдзю ў гаркаме камсамола, і са школьнікамі, і з падлеткамі ў каледжы.

У няпростыя 90-я гады я нават была сакратаром у судзе — пісала пратаколы пасяджэнняў. Людзям майго складу, настаўнікам увогуле нельга там працаваць. Асабліва цяжка было, калі разбіралі справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Памятаю: я друкую, а ў мяне папера ўся ў бурбалках, бо на яе слёзы коцяцца.

Паспрабавала сябе ў адміністратыўнай рабоце. Хутка зразумела: гэта не маё, мне трэба працаваць непасрэдна з дзецьмі. І вось пяць гадоў я педагог-арганізатар у каледжы.

— У чым спецыфіка работы ў каледжы?

— Многія недаацэньваюць навучэнцаў каледжа. Я лічу, што ў кожнага дзіцяці свой час. Хтосьці раскрываецца раней, у школе, а хтосьці — у нас. Але для гэтага з дзецьмі трэба працаваць.

Ва ўстановах вышэйшай адукацыі студэнты ўжо дарослыя, таму ім можна ўдзяляць менш увагі і даваць больш самастойнасці. А ў каледжы навучэнцы думаюць, што яны дарослыя. І для ўчарашніх дзевяцікласнікаў гэта можа быць нават небяспечна, таму ў кожнай групы ёсць куратар і два майстры, на кожным паверсе інтэрната — выхавальнік.

Каб дапамагчы дзецям раскрыцца, а таксама панаглядаць за імі, калі гэта сапраўды неабходна, мы прапануем кожнаму знайсці сабе справу.

Фота да матэрыялу: Сучасная агітбрыгада.

Алена ЛАЎРЫНОВІЧ, загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў навучэнцаў і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ:

Выступленні агітбрыгады падаюцца нескладанымі ў падрыхтоўцы, але гэта не так. Агітбрыгада выкарыстоўвае шырокую палітру мастацкіх сродкаў: паэтычны і празаічны літаратурны тэкст, харэаграфію і акцёрскія замалёўкі, вакал, музыку і шумавыя эфекты. Акрамя гэтага, неабходна прадугледзець касцюмы, атрыбутыку, а іншы раз — і мультымедыйнае суправаджэнне. І зрабіць гэта трэба так, каб відовішча даносіла ідэю-сэнс.

Агіткалектыў выконвае сацыяльна значную функцыю — адгукаецца на актуальныя падзеі, пабу­джае гледача да актыўнага дзеяння. Таму задача кіраўніка — дакладна вызначыць мэтавую аўдыторыю і падабраць для яе пераканаўчы дакументальны матэрыял, які будзе прадстаўлены на сцэне. Трэба вызначыць, што прымусіць гледача ажыццявіць ідэі, якія прапаноўвае агітбрыгада.

Напрыклад, у гэтым годзе, каб выбраць цікавы занятак сярод разнастайных аб’яднанняў па інтарэсах, навучэнцы ўдзельнічалі ў квест-гульні “Кірмаш талентаў”. Кожная група рухалася па сваім маршруце, на станцыях яе сустракалі педагогі дадатковай адукацыі і давалі заданні, звязаныя з напрамкам іх дзейнасці. Так навучэнцы знаёміліся, спрабавалі новыя для сябе спартыўныя, творчыя хобі і выбіралі, што ім даспадобы.

Акрамя гэтага, мы рыхтуемся да фестывалю “Паглядзіце, хто прыйшоў!”. Гэта традыцыйнае свята, на якім першакурснікі могуць сябе паказаць, прэзентаваць як група. Сёлета падрыхтоўка зацягнулася да лістапада, ды мы дзяцей не падганяем, даём магчымасць адтачыць свае нумары. Усё-такі гэта першы курс, у іх яшчэ ідзе станаўленне калектыву: яны не ведаюць, хто чаго варты, спрачаюцца. Гэта ўсё прой­дзе.

— Акрамя аб’яднанняў па інтарэсах, што яшчэ прапануеце дзецям?

— Я вельмі люблю праектную дзейнасць, калі мы выбіраем цікавую тэму, звязаную са Слуцкам, і рыхтуем цэлае даследаванне. Дзеці прыязджаюць з усіх куточкаў краіны, хочацца іх акунуць у нашу гісторыю, бо тут ёсць і такія рэчы, як слуцкі пояс (яго павінен ведаць кожны беларус), і цікавыя для іх будучай прафесіі тэмы. Работа сырароба, маслароба, кухара ў многім абапіраецца на народны вопыт. Прадаўцам нялішне вывучаць нашу беларускую ветлівасць, гасціннасць.

Рыхтаваць такія праекты зручна, бо кожны атрымлівае заданне, якое будзе яму цікавым. Нехта займаецца гістарычнымі даследаваннямі, нехта — практычнай дзейнасцю. Кожны на сваім месцы.

Мы ўжо рэалізавалі некалькі праектаў. Адзін з іх — “Слуцкі пояс: гісторыя і сучаснасць”. Падчас падрыхтоўкі мы і фабрыку наведалі, і шмат літаратуры прачыталі, і творчую прэзентацыю склалі. Вытокі праваслаўя на Случчыне і мясцовыя храмы мы разглядалі ў праекце “Праваслаўныя святыні Случчыны”. З прафесійных праектаў варта вылучыць даследаванне дынастыі Макуравых. Калі скласці вопыт усіх пакаленняў, то ў іх сям’і атрымаецца 240 гадоў агульнага стажу ў перапрацоўцы малака!

Важна расказваць пра вынікі свайго даследавання не толькі на канферэнцыях і конкурсах, але і ў каледжы. Працуе прынцып “роўны вучыць роўнага”: калі мы, настаўнікі, пра гэта расказваем — гэта адно, а калі гаво­раць самі навучэнцы — успрымаецца інакш.

Слуцкі дзяржаўны каледж вырас з заснаванай у 1948 го­дзе школы майстроў сыраробства і масларобства і ў снежні адзна­чае сваё 70-годдзе.

Апошнія 10 гадоў каледж штогод становіцца пераможцам абласнога спаборніцтва “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. Сёння, акрамя спецыялістаў для малочнай прамысловасці, тут рыхтуюць тэхнікаў-механікаў, слесараў, прадаўцоў, кухараў. Ужо 27 гадоў каледж узначальвае выдатнік адукацыі Барыс Браніслававіч Блахін.

Для навучэнцаў працуюць 27 аб’яднанняў па інтарэсах і 8 спартыўных секцый, створаны кулінарныя студыі, гісторыка-краязнаўчы музей, музей малака. Вывучаць народныя рамёствы і гатаваць стравы нацыянальнай кухні навучэнцы могуць у этнаграфічнай майстэрні “Скарбніца”. Адпачыць і атрымаць асалоду ад унікальнай калекцыі раслін — у зімнім садзе.

— А калі дзіця зусім не цікавіцца ні дадатковымі заняткамі, ні праектнай дзейнасцю? Як працаваць са складанымі навучэнцамі?

— У нас такіх, здаецца, і няма. Навучэнцы не заўсёды ведаюць, чым сябе заняць, таму лёгка адгукаюцца на ўсё цікавае, што адбываецца ў каледжы. Бывае, перад важным мерапрыемствам мы праводзім рэпетыцыі, а ў зале сядзіць некалькі дзясяткаў цікаўных, якія прыйшлі паглядзець, як мы рыхтуемся. Для іх такая дзейнасць — яшчэ і спосаб знаёмства паміж сабой. Калі запрашаю хлопчыкаў паўдзельнічаць, яны заўсёды гавораць: “А дзяўчынкі будуць?” Дзяўчынкі ўголас не пытаюцца, але я бачу, што і для іх гэта важна.

А педагог павінен знайсці кожнаму з іх справу, якая будзе і падабацца, і падыходзіць дзіцяці. Напрыклад, група рыхтавала выступленне, а адзін хлопчык сядзеў і на сцэну падымацца адмаўляўся, такі ў яго страх публікі. Тады я прапанавала яму пада­браць музыку да пастаноўкі і намаля­ваць на ватмане патрэбныя дэкарацыі — і ён адразу ўключыўся ў агульную работу.

Яшчэ адзін падобны прыклад: дзяўчынка, якая не вымаўляла літару “р”, але вельмі хацела быць вядучай. Мне вельмі складана сказаць дзіцяці, што яно не падыходзіць. Тым больш што гэтую дзяўчынку я ведала яшчэ калі яна вучылася ў гімназіі. Там яна сябе не праяўляла, а тут, гляджу, ірвецца ў бой, прыйшоў яе час. Тады я села і напісала ёй тэкст без літары “р”. Яна вельмі добра глядзелася на сцэне, выдатна чытала і — галоўнае — не адчувала ніякага комплексу. Я лічу, педагог павінен ствараць для дзяцей такія ўмовы, каб пазбаўляць іх комплексаў, здымаць заціскі.

— Раскажыце, чым займаецца сучасная агітбрыгада?

— Назва, напэўна, гучыць па-савецку, ды сама форма работы вельмі мабільная, сучасная. Па-першае, выступленні надзвычай дынамічныя. Формы прадстаўлення хутка мяняюцца: на сцэне рухаюцца, спяваюць, танцуюць, дэкламуюць, таму глядач не паспявае стаміцца. Я заўсёды гавару сваім навучэнцам, што яны павінны за некалькі хвілін выйсці, успыхнуць і знікнуць, пакінуўшы пасля сябе, як шлейф, тую думку, што яны даносяць у выступленні.

Па-другое, у агітбрыгадзе выкарыстоўваюцца розныя віды мастацтва, але пакрысе — такая форма не патрабуе высокага выканальніцкага майстэрства. Таму педагогу не трэба шукаць прафесійных музыкантаў і спевакоў, могуць далучыцца юнакі і дзяўчаты з розным узроўнем падрыхтоўкі. Яны прымяраюць на сябе розныя віды творчасці.

Па-трэцяе, кіраўнік агітбрыгады можа сам задаць тон яе выступленню, знайсці сучасную падачу. Для гэтага трэба падумаць, што будзе цікава дзецям на сцэне, і тым, якія сядзяць у зале.

— А што самае складанае ў кіраванні агітбрыгадай?

— Для мяне — унутраны канфлікт. Я не рэжысёр і не сцэнарыст па адукацыі, таму ў мяне бы­ваюць цяжкасці з тым, каб правільна пабудаваць малюнак, падабраць дарэчнае слова. Нават задумвалася пайсці вучыцца на рэжысёра, бо хочацца нечага новага, стыльнага.

Дапамагаюць гутаркі з рэ­жысёрамі гарадскога Дома культуры, з калегамі. З намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Надзеяй Міхайлаўнай Лазоўскай у нас ужо склалася, можна сказаць, каманда: усе ідэі абмяркоўваю з ёй. На фестывалях, на фінальных канцэртах рэспубліканскіх конкурсаў з задавальненнем гляджу выступленні ўстаноў адукацыі, якія рыхтуюць работнікаў культуры. Там працуюць адукаваныя спецыялісты, і ў іх ёсць чаму павучыцца.

Думаю, было б добра праводзіць курсы для педагогаў-арганізатараў, якія працуюць у каледжах. У нашых школьных калег зносіны, абмен вопытам больш актыўныя.

Бывае, проста гляджу выступленні артыстаў па тэлебачанні і заў­важаю, як пабудавана праграма, як рухаюцца людзі на сцэне. Калі шмат усяго пабачыш і паставіш сабе задачу нешта прыдумаць, ідэі прыходзяць самі, трэба толькі злавіць іх і не адпускаць.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва каледжа.