Сучасная задача СМІ — ствараць паўнацэнныя камунікацыйныя каналы

- 12:07Інфармацыйная гадзіна

Мультымедыйнасць і канвергентнасць з’яўляюцца асноўнымі задачамі сучасных рэгіянальных СМІ. Гэта падкрэсліў першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі.

У Гомелі ён прыняў удзел у семінары “Рэгіянальныя выданні ў сучаснай медыяпрасторы”, а таксама ўшанаванні пераможцаў штогадовага абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый газет, арганізацый тэлебачання і радыё, журналістаў, якія вядуць сваю дзейнасць у Гомельскай вобласці, па выніках 2017 года.

Гаворачы аб тэндэнцыях развіцця і задачах, якія стаяць перад рэгіянальнымі СМІ, першы намеснік міністра падкрэсліў важнасць прымянення нешаблонных форм і падыходаў у рабоце рэдакцый. “Трэба ствараць паўнацэнныя камунікацыйныя каналы як праз інтэрнэт-сайты, сацыяльныя сеткі, так і праз месенджары. Мультымедыйнасць і канвергентнасць — гэта асноўная задача сучасных рэгіянальных СМІ”, — сказаў ён. Акрамя таго, рэдакцыям неабходна пастаянна працаваць над павышэннем якасці і ўзроўню выданняў.

Першы намеснік міністра таксама падкрэсліў, што на інфармацыйным рынку ўзмацняецца канкурэнцыя, і рэгіянальныя СМІ, якія займаюць асаблівую нішу ў інфармпрасторы, павінны вызначыць дакладную стратэгію дзеянняў.

Яшчэ адным важным напрамкам работы выданняў з’яўляецца ўключэнне моладзі ў чытанне СМІ, атрыманне інфармацыі з мясцовай прэсы. І ў гэтым плане вельмі важна не толькі прымяняць новыя падыходы, але і вучыць кадры рэдакцый працаваць у сучасных рэаліях. “Неабходна вучыць медыямаркетынгу, сучаснаму медыяменеджменту, бачыць тыя трэнды, якія з’яўляюцца актуальнымі і якія вызначаць у будучыні інфармацыйную прастору”, — дадаў Павел Лёгкі.

На семінары, удзельнікамі якога сталі прадстаўнікі рэгіянальных выданняў, абмеркавалі сучасныя тэхналогіі суправаджэння рэгіянальных анлайн-медыя, стратэгіі стварэння сучаснага кантэнту рэгіянальных газет, дызайн выданняў, аспекты падрыхтоўкі кадраў і іншыя пытанні.