Сучасны фармат прафарыентацыі

У Гомельскім абласным палацы творчасці прайшоў тыдзень прафарыентацыі. Ён быў насычаны рознымі мерапрыемствамі, гутаркамі і сустрэчамі, якія спрыялі ранняму прафесійнаму арыентаванню і інфармаванню вучняў.

Тыдзень для кожнага

Тыдзень ахапіў дзяцей рознага ўзросту: ад самых маленькіх да старшакласнікаў. Так, для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў прайшла серыя папулярных міні-гульняў “Кракадзіл-ПРОФІ”, у якіх хлопчыкі і дзяўчынкі развівалі навыкі невербальных зносін, выкарыстоўваючы свае веды аб прафесіях.

У аб’яднаннях па інтарэсах, якія працуюць у абласным палацы, адбыліся заняткі з элементамі трэнінгу “Я магу!”, дзе малодшым школьнікам і падлеткам прапаноўвалася навучыцца прыслухоўвацца да сваіх унутраных жаданняў. Затым удзельнікі трэнінгу вызначалі для сябе тры самыя займальныя заняткі, ацэньвалі свае здольнасці, каб у выніку прааналізаваць, якія прафесіі здольны прынесці ім задавальненне, а таксама матэрыяльную аддачу.

Для старшакласнікаў адбыліся гутаркі аб якаснай падрыхтоўцы да іспытаў, спосабах пераадолення хвалявання пры іх здачы, а таксама аб магчымасцях, якія адкрываюцца ў выпадку няўдачы.

Не пакінулі без увагі і бацькоў, якія заўсёды хвалююцца за выбар свайго дзіцяці, а іншы раз і навязваюць яму сваё бачанне. Разабрацца ў гэтых пытаннях бацькам дапамагалі педагогі і спецыялісты ў экспрэс-гутарках на такія тэмы, як “Ад выбару аб’яднання па інтарэсах у дашкольным узросце да выбару прафесіі ў юнацкім”, “Пісьменнае суправаджэнне прафесійных пошукаў дзіцяці”, “Мастацтва развіцця здольнасцей: улічваючы цікавасць”, “Асноўныя бацькоўскія стратэгіі па аказанні дапамогі дзіцяці ў выбары будучай прафесіі” і г.д. Акрамя таго, на працягу ўсяго тыдня працавала выстава інфармацыйных матэрыялаў па пытаннях выбару прафесіі. Для бацькоў і навучэнцаў былі падрыхтаваны маляўнічыя брашуры, парады, памяткі і лістоўкі, у якіх утрымліваюцца звесткі аб новых запатрабаваных прафесіях, асноўных прынцыпах выбару будучай прафесіі і навучальнай установы, пісьменнай дапамогі сваім дзецям у працэсе іх прафесійнага пошуку, магчымасцях атрымання кансультатыўнай і дыягнастычнай дапамогі псіхолага і прафарыентолага, асаблівасцях прафдыягностыкі ў адпаведнасці з класам. У холе палаца трансліраваліся відэаролікі аб навучальных установах нашай краіны, тэматычныя праграмы па прафарыентацыі.

У рамках тыдня хлопцы і дзяўчаты наведалі прафарыентацыйныя мерапрыемствы ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога і на гомельскім прадпрыемстве “8 Сакавіка”.

Перспектыўны напрамак IT-індустрыі

Выхаванцы аддзела камп’ютарнай тэхнікі і праграміравання ў межах адукацыйнага праекта “Універсітэцкія суботы” наведалі Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога.

Дзеці даведаліся пра новыя павевы ў свеце інфармацыйных тэхналогій, аб напрамках работы факультэта аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм, выпускнікі якога размяркоўваюцца ў вядомыя IT-кампаніі рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій і Гомельскага тэхнапарка.

Сёлета на факультэце адкрываецца новы напрамак “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў гульнявой індустрыі”. Кваліфікацыя выпускніка дазволіць займацца распрацоўкай і стварэннем гульняў, гульнявога кантэнту, гульнявога інтэрфейсу, напісаннем сюжэта, дыялогаў гульняў і інш. Пакуль спецыялістаў такога ўзроўню выпускае толькі БДУІР.

На прэзентацыйна-пазнавальных занятках навучэнцы азнаёміліся з асаблівасцямі распрацоўкі гульнявых дадаткаў з выкарыстаннем такіх праграм, як Unity, Unreal Engine, выкарыстаннем 3D-тэхналогіі і робататэхнікі ў сучасных камп’ютарных гульнях. Магчымасці праграм дазваляюць прамаляваць дробныя дэталі, перадаць гульню святла і цені дакладна ў адпаведнасці з законамі фізікі, зрабіць персанаж максімальна рэалістычным. Прычым гэта тычыцца не толькі камп’ютарных гульняў, але і мастацкіх фільмаў.

Асабліва ўразіў падлеткаў майстар-клас па стварэнні простых камп’ютарных гульняў на Unity. З дапамогай інжынераў-праграмістаў і студэнтаў кафедры кожны змог паспрабаваць распрацаваць камп’ютарную гульню, няхай сабе і нескладаную.

Варта адзначыць, што праект “Універсітэцкія суботы” паспяхова рэалізуецца ў Гомельскай вобласці ўжо на працягу 2 гадоў. Ён арыентаваны на ўдзельнікаў розных узростаў і дае магчымасць атрымаць дадатковыя веды, пашырыць кругагляд, бліжэй пазнаёміцца з універсітэцкім жыццём, вызначыцца з перавагамі ў будучай прафесійнай дзейнасці.

У рамках праекта ў 6 універсітэтах абласнога цэнтра і Мазыра праведзена 157 мерапрыемстваў: навукова-папулярныя лекцыі, майстар-класы, лабараторныя практыкумы і трэнінгі па рознай тэматыцы — ад гісторыі Сярэднявечча, эканомікі да робататэхнікі і нанатэхналогій.

Прафесіі бацькоў

Нядаўна на Гомельшчыне сталі апрабоўваць яшчэ адзін новы адукацыйны праект “Прафарыентацыйныя экскурсіі — прафесіі нашых бацькоў”, пры ўдзеле ў якім дзецям і падлеткам прапануецца наведаць лепшыя прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы розных сфер дзейнасці рэгіёна.

У перыяд вясновых канікул навучэнцы абласнога палаца творчасці наведалі прадпрыемства лёгкай прамысловасці “8 Сакавіка”. Хлопчыкі і дзяўчынкі паназіралі за работай складанага абсталявання, даведаліся пра этапы апрацоўкі, якія павінна прайсці сыравіна, перш чым будзе атрыманы рулон тканіны. Наведвальнікам прадэманстравалі некалькі мадэлей адзення, на прыкладзе якіх расказалі, як наносіцца малюнак і прынт на тканіну, як распрацоўваюцца і зацвярджаюцца макеты і эскізы гатовых вырабаў.

Калі дзеці дзяліліся думкамі наконт экскурсіі, то адзначалі, што, нягледзячы на сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, без удзелу чалавека — супрацоўніка прадпрыемства — вытворчасць усё роўна не абыходзіцца.

Калі “Універсітэцкія суботы” дапамагаюць дзецям пазнаёміцца бліжэй з шэрагам спецыяльнасцей і спецыялізацый, адчуць унутраны свет універсітэцкага жыцця і вызначыцца ў выбары будучай прафесіі, то “Прафарыентацыйныя экскурсіі” ўводзяць у свет вытворчасці, знаёмяць з арганізацыяй працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях і становяцца добрай асновай для фарміравання ў школьнікаў канкрэтных уяўленняў аб прафесіях рынку працы рэгіёна.

Наталля ЛУТЧАНКА.