Сучасны кантэнт для ўрокаў матэматыкі

- 20:30Адукацыйная прастора

Настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Уздзенскай раённай гімназіі Мінскай вобласці Кацярына Вячаславаўна Станкевіч даўно зрабіла стаўку на інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. У мінулым годзе ўласным вынаходствам стала праграма-рэпетытар “Ірацыянальныя ўраўненні”. Усё гэта дазваляе рабіць складаныя тэмы па матэматыцы больш даступнымі і, што называецца, гаварыць з вучнямі на адной мове.

Кацярына Вячаславаўна любіць спрабаваць нешта новае. Заўсёды выбірала тэмы самаадукацыі, якія тычыліся магчымасцей выкарыстання сучасных форм і метадаў работы з рознымі крыніцамі інфармацыі. З 2019 года К.В.Станкевіч узначальвае творчую групу педагогаў гімназіі па выкарыстанні ІКТ у адукацыйным працэсе.

— Не сакрэт, што інфармацыйныя тэхналогіі прыцягваюць сучасных вучняў. Мяне саму ў школьныя гады вабілі камп’ютары і іншая тэхніка. І паколькі другі прадмет, які я выкладаю, — інфарматыка, то і на ўрокі матэматыкі гэта, безумоўна, аказвае пэўны ўплыў. Пастаянна стараюся прыдумаць нешта новае, каб зацікавіць вучняў. З ІКТ, вядома ж, урокі становяцца не толькі больш цікавымі, але і больш прадукцыйнымі.

Матэматыка — прадмет складаны, патрабуе пастаяннай увагі і матывацыі. Кацярына Вячаславаўна робіць акцэнт на інтэрактыўнасці. У ліку частых у выкарыстанні і цікавых дзецям праграм — інтэрактыўнае геаметрычнае асяроддзе GeoGebra (ІГА GeoGebra). З 7 класа на ўроках геаметрыі гэтая праграма становіцца незаменным памочнікам. Настаўніца распрацавала шэраг заданняў па вывучэнні вуглоў. Усе мадэлі з’яўляюцца дынамічнымі, працаваць з імі зручна. Напрыклад, выкарыстоўваючы на планшэтах ІГА GeoGebra, неабходна пабудаваць дзве прамыя, якія перакрыжоўваюцца, з адлюстраваннем атрыманых вуглоў, а затым даследаваць змяненні вуглоў пры змяненні становішча адной з прамых. Выканаўшы гэтае заданне, вучні бачаць: пры перасячэнні дзвюх прамых утвараюцца чатыры вуглы. Яны самі робяць вывады: гэтым вуг­лам уласцівы шэраг якасцей (процілеглыя вуглы роўныя; вуглы, якія ляжаць на адзін бок ад любой з прамых, у суме роўныя 180°). Нас­таўніку застаецца толькі зрабіць удакладненне наконт таго, што ў першым выпадку агульнапрынятая назва такіх вуглоў — вертыкальныя, а ў другім — сумежныя.

— У сваім арсенале я маю нямала электронных сродкаў навучання, — працягвае аповед К.В.Станкевіч. — Гэта і ІГА GeoGebra, і інтэрактыўныя прэзентацыі, створаныя з дапамогай праграмы ISpring, і QR-коды, і праграмы-рэпетытары. Пры іх дапамозе раблю ўпор на адкрыццё ведаў самімі вучнямі. У 5—7 класах асабліва вялікую цікавасць выклікаюць інтэрактыўныя прэзентацыі і QR-коды. Аднак і ў старшых класах яны таксама эфектыўныя, хоць ужо і больш звыклыя для вучняў.

На ўроках геаметрыі ў 7—8 класах пры дапамозе дынамічных мадэлей вучні фарміруюць паняцці: паралельныя прамыя, вуг­лы пры паралельных прамых і сякучай; вышыня, медыяна і бісектрыса трохвугольніка, іх уласцівасці; сума вуглоў трохвугольніка, знешні вугал трохвугольніка і іншыя. З дапамогай сцяжкоў можна паказваць ці хаваць аб’ект, які вывучаецца, тым самым дэманструючы розніцу паміж паняццямі. Вучні назіраюць і запаўняюць табліцу, выкарыстоўваючы дынамічную мадэль. Право­дзяць экспе­рымент, каб высветліць для сябе размяшчэнне вышыні трохвугольніка.

Дзесяці- і адзінаццацікласнікі з дапамогай ІГА GeoGebra будуюць дынамічныя ма­дэлі мнагаграннікаў для фарміравання прасторавых уяўленняў. Прымяненне названай праграмы значна спрашчае тлумачэнне тэмы “Пабудова сячэнняў мнагагранніка” і тым самым актывізуе вучэбна-пазнавальную дзейнасць вучняў, павышаючы цікавасць да прадмета і фарміруючы матэматычную кампетэнцыю.

Праграма ІГА GeoGebra знайшла прымяненне не толькі на ўроках геаметрыі, але і атрымала шырокае распаўсюджванне ў курсе алгебры. Так, пры вывучэнні тэмы “Пераўтварэнне графікаў функцый” дэманструецца аніміраваная пабудова графікаў функцый наступнага віду: y = f(x); y = f(x + a), a∈R; y = f(x) + b, b∈R; y = -f(x); y = kf(x) і інш. Вучні фарміруюць змяненні графікаў функцый і пасля запаўняюць табліцу (у ёй адлюстроўваюць графікі, функцыі і пераўтварэнне графіка функцыі).

З дапамогай праграмы Microsoft Power Point і ўбудаванага ў яе канструктара прэзентацый і курсаў ISpring Suite ствараюцца інтэрактыўныя прэзентацыі. Гэты кантэнт пераўтварае звычайныя прэзентацыі Microsoft Power Point у інтэрактыўныя курсы, захоўваючы пры гэтым медыяфайлы, эфекты Microsoft Power Point, анімацыю, трыгеры і пераходы пасля пераўтварэння, а таксама ўключае ў сябе рэдактар тэстаў і апытанняў.

Настаўніца раіць выкарыстоўваць тэсціраванне ў праграме Microsoft Power Point з падтрымкай ISpring Suite для кантролю засваення і замацавання ведаў, актуалізацыі ведаў і ўменняў пры выкананні матэматычнага дыктанта. У такога тэсціравання ёсць перавагі: яно можа быць эфектыўна дабаўлена на любым этапе ўрока. Таксама можна ў анлайн-рэжыме ёміста і сцісла прадставіць любы аб’ём вучэбнай інфармацыі. Пры разборы дамашняга задання, матэматычнага дыктанта зручна выкарыстоўваць дакумент-камеру. Гэта дапамагае хутка праверыць работы вучняў, прааналізаваць правільнасць выканання заданняў і пазбегнуць памылак.

Вясной, калі многія дзеці вучыліся дома, у настаўніцы ўзнікла задума распрацаваць праграму для таго, каб з яе дапамогай дзесяцікласнікі маглі асвоіць тэму “Ірацыянальныя ўраўненні”, а затым праверыць свае веды і адпрацаваць навыкі. У выніку з’явілася аднайменная праграма-рэпетытар “Ірацыянальныя ўраўненні”. Яна ўключае тэарэтычную частку, якая змяшчае ў сабе метады рашэння ірацыянальных ураўненняў з прыкладамі, 15 тэставых заданняў з падказкамі для іх выканання і 56 прыкладаў рознага ўзроўню складанасці. Праграма прызначана як для самастойнага вывучэння вучнямі 10—11 класаў, так і для выкарыстання на ўроках і факультатыўных занятках. Простая ў выкарыстанні, не патрабуе ўстаноўкі. З ёй можна працаваць як у рэжыме анлайн, так і афлайн.

Сваёй распрацоўкай настаўніца зараз карыстаецца ўжо з адзінаццацікласнікамі пры падрыхтоўцы да здачы экзамену і ЦТ па матэматыцы. Кацярына Вячаславаўна прадстаўляла праграму-рэпетытар “Ірацыянальныя ўраўненні” на абласным конкурсе “Педагагічная ІТ-мазаіка”, дзе яна была адзна­чана дыпломам ІІ ступені. Цяпер у планах настаўніцы — стварэнне курса для адзінаццацікласнікаў па тэмах школьнай праграмы.

Таццяна ШЫМКО.