“Настаўнікам года-2014” стаў Віктар Эдуардавіч Жук. Малады педагог працуе ў сярэдняй школе № 11 Маладзечна, дзе выкладае гісторыю. Ён змог пакарыць як вучнёўскае, так і прафесійнае журы, напэўна, тым, што заўсёды рабіў і гаварыў усё па сутнасці. Ён сучасны, мабільны і неабыякавы і ў адносінах да прадмета, і ў адносінах да дзяцей.
Імя пераможцы было агучана ў мінулую суботу са сцэны актавай залы Ліцэя БДУ падчас урачыстага закрыцця Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014” . У цырымоніі ўзнагароджання традыцыйна прыняў удзел міністр адукацыі нашай краіны Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.
Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014” быў дзясятым па ліку і новым па змесце. Адметнасцю конкурсу стала ўвядзенне прадметных намінацый. Іх было сем. Адпаведна, кожную вобласць на рэспубліканскім конкурсе прадстаўлялі сем чалавек. Усяго ўдзельнікамі заключнага этапу конкурсу былі 49 педагагічных работнікаў. Як правільна заўважыў міністр, усе яны сталі пераможцамі, бо з’яўляюцца лепшымі ў сваіх рэгіёнах.
“Новы конкурсны фармат дазволіў нам выявіць лепшага настаўніка ў кожнай намінацыі. І вельмі б хацелася, каб гэтыя пераможцы сталі пуцяводнымі зоркамі для настаўнікаў краіны і кіраўнікоў у сістэме адукацыі”, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.
Нагадаем імёны пераможцаў:
Іна Рычардаўна Віннік, настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці;
Наталля Дзмітрыеўна Грушко, настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 73 Мінска;
Віктар Эдуардавіч Жук, настаўнік гісторыіі сярэдняй школы № 11 Маладзечна Мінскай вобласці;
Таццяна Мікалаеўна Залеўская, выхавальнік ясляў-сада № 19 “Пралеска” Жодзіна Мінскай вобласці;
Святлана Усцінаўна Мацулевіч, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Глыбокага Віцебскай вобласці;
Уладзімір Вячаслававіч Цымановіч, настаўнік інфарматыкі базавай школы № 10 Наваполацка Віцебскай вобласці;
Ірына Баляславаўна Хаданёнак, настаўніца выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 1 Наваполацка Віцебскай вобласці.
Усе яны на закрыцці конкурсу атрымалі маленькіх жураўлёў і ўшанаваны званнем “Выдатнік адукацыі”. У іх гонар гучалі фанфары і бясконцыя віншаванні, да якіх далучаемся і мы, супрацоўнікі газеты.
Але галоўным героем на найбліжэйшыя гады ўсё ж стане Віктар Эдуардавіч Жук, які, дарэчы, вельмі правільна ацаніў сваё цяперашняе становішча. Атрымаўшы з рук міністра адукацыі крыштальнага жураўля, ён сказаў: “Гэта вялікая нечаканасць, гэта вялікая адказнасць, гэта вялікая праца”.
Міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, уручаючы ўзнагароду пераможцу, падкрэсліў, што лепшы педагог Беларусі павінен быць цікавай асобай і прафесіяналам, які глыбока любіць свой прадмет.
Пераможца ж у сваю чаргу заўважыў: “Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, падабаецца мець зносіны з імі, расказваць пра тое, што ведаю сам. Галоўнае — знайсці правільную форму падачы матэрыялу. Я вельмі люблю гісторыю і лічу, што яна, як ніякі іншы прадмет, фарміруе асобу, грамадзяніна, патрыёта сваёй Радзімы. Гісторыя вучыць разважаць, думаць. Кожны ўрок для дзіцяці павінен быць вайной за веды, а настаўнік — палкаводцам, які вядзе наперад”.
Віктар Эдуардавіч адзначыў, што ў сваёй практыцы выкарыстоўвае нестандартныя падыходы да навучання, напрыклад, можа прынесці артэфакты з раскопак або зайсці ў клас у даспехах. “Канечне, на ўроках не абыходзіцца і без інтэрактыўных методык. Усе варыянты добрыя, галоўнае — захапіць дзяцей, даць ім магчымасць выказаць свой пункт гледжання, самім знайсці правільнае рашэнне той ці іншай гістарычнай задачы”, — упэўнены пераможца.
У канцы размовы з журналістамі В.Э.Жук прызнаўся, што вельмі засумаваў за гэты тыдзень без сваіх вучняў. “Я хачу ў школу, проста працаваць са сваімі вучнямі”, — сказаў на развітанне пераможца конкурсу “Настаўнік года-2014”.
У сваю чаргу члены журы адзначылі, што Віктар Эдуардавіч паказаў уменне даволі хутка знаходзіць крэатыўныя рашэнні, якія падтрымліваюць асобу дзіцяці ў складаных і нестандартных сітуацыях. А паслядоўнасць і ўменне абгрунтаваць свае рашэнні дазваляюць педагогу дабівацца разумення з боку вучняў, стымулююць іх цікавасць, даюць магчымасць актыўна ўключацца ў прыняцце і рэалізацыю рашэння. Педагагічнае крэда Віктара Жука заснавана на словах Жан Жака Русо: “Жыць — вось рамяство, якому я хачу вучыць выхаванца. Выходзячы з маіх рук, ён будзе не суддзёй, не салдатам, не святаром: ён будзе перш за ўсё чалавекам”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
dubowska@ng-press.by