Сучасны — значыць сацыяльна актыўны

- 11:06Навіны рэгіёнаў

На базе дзіцячага сада — пачатковай школы № 1 Брэста прайшоў абласны семінар кіраўнікоў пачатковых і базавых школ, вучэбна-педагагічных комплексаў, прысвечаны фарміраванню сацыяльнай актыўнасці асобы ва ўмовах сучаснай установы адукацыі.

Адкрываючы семінар, метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Э.І.Міхайлава адзначыла актуальнасць тэмы мерапрыемства: “Сацыяльная актыўнасць садзейнічае паспяховай самарэалізацыі ў жыцці, развіццю карысных кампетэнцый і наладжванню міжасобасных зносін”.
— Асноўная мэта работы нашай установы — забеспячэнне бесперапыннага вучэбна-выхаваўчага працэсу, выкананне запытаў бацькоў у рознабаковым развіцці іх дзяцей, — расказала дырэктар дзіцячага сада — пачатковай школы № 1 Брэста Т.А.Мосіна. — Педагогі працуюць над фарміраваннем творчай і эрудзіраванай асобы, здольнай вучыцца і развівацца на працягу ўсяго жыцця, рэалізоўваць свой патэнцыял ва ўмовах пастаянных сацыяльных і тэхналагічных перамен. Для дасягнення пастаўленых мэт неабходна забяспечыць належную якасць адукацыі, якая залежыць ад эфектыўнага кіравання навучальнай установай. Павышэнне эфектыўнасці кіраўніцкай дзейнасці з’яўляецца актуальным пытаннем для кожнага кіраўніка.
Па словах Т.А.Мосінай, высокую якасць адукацыі гарантуе інавацыйная і эксперыментальная дзейнасць, якая арыентуе кіраўніка на патрэбы чалавека ў асобасным росце, стварае ўмовы для ўсебаковага развіцця кожнага выхаванца і педагога, матывуе іх да эфектыўнай самакіруемай і калектыўнай работы. Кожная ўстанова адрозніваецца ўмовамі, магчымасцямі, патрэбамі і запытамі вучняў, бацькоў і грамадскасці ў арганізацыі адукацыйнага працэсу. Гэта патрабуе ад кіраўніцкай каманды адмысловых рашэнняў. Установа адукацыі развіваецца паспяхова тады, калі на першы план выходзіць асоба дзіцяці і педагога.
Вучыцца любяць там, дзе любяць вучыць. У дзіцячым садзе — пачатковай школе № 1 працуюць вопытныя і кампетэнтныя педагогі. У гэтым удзельнікі семінара пераканаліся падчас знаёмства з вопытам іх работы. Так, настаўніца пачатковых класаў С.М.Буняк падзялілася напрацоўкамі па забеспячэнні індывідуальнага падыходу ў развіцці творчай асобы школьнікаў.
— Сацыяльна актыўнага чалавека характарызуюць шмат якасцей: грамадзянскасць, самастойнасць, маральнасць, таварыскасць, — адзначыла педагог. — Сацыяльная актыўнасць нібы творчасць. А асноўная каштоўнасць творчасці, на думку Л.Выгоцкага, заключаецца не ў яе выніку і канчатковым прадукце, а ў самім працэсе. Важна не толькі тое, што ствараюць дзеці, але і тое, што яны набываюць падчас творчай працы.
Адной з педагагічных умоў для развіцця сацыяльнай актыўнасці з’яўляецца наяўнасць творчага асяроддзя для самарэалізацыі. Менавіта падчас самарэалізацыі асоба атрымлівае каштоўны вопыт самавыяўлення ў выглядзе актыўных дзеянняў па рэалізацыі розных праектаў.
Выступленне калегі працягнула настаўніца пачатковых класаў В.П.Маўчанюк, якая азнаёміла ўдзельнікаў семінара з комплекснай сістэмай работы з адоранымі вучнямі.
У вучэбна-педагагічным комплексе створаны банк адораных дзяцей. Штогод для іх арганізоўваюцца розныя інтэлектуальныя конкурсы і алімпіяды. Здольныя школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у творчых праектах, даследчай дзейнасці, конкурсе “Вучань года”.
У жыцці важная не колькасць талентаў у чалавека, а яго здольнасць развіць з іх. Дапамагчы дзецям у гэтым абавязаны педагогі. Так, педагог-псіхолаг А.С.Аўрава засяродзіла ўвагу на псіхолага-педагагічным суправаджэнні творчага развіцця асобы. Галоўнай мэтай псіхалагічнай службы ўстановы адукацыі з’яўляецца псіхалагічнае здароўе дашкольнікаў і пачаткоўцаў. Вялікая ўвага ўдзяляецца адаптацыі дзяцей на ўсіх этапах навучання і выхавання, што асбаліва важна ва ўмовах пераемнасці дашкольнага і пачатковага звяна. Гэтая пераемнасць вельмі дапамагае ў рабоце педагога-псіхолага, бо з першакласнікамі і іх бацькамі ўжо наладжаны добры кантакт да пераходу ў пачатковую школу.
Дашкольнікі не пакідаюць родныя сцены, дзякуючы чаму адчуваюць менш стрэсу. Гэта дапамагае лепш адаптавацца. Развіццёвая і карэкцыйная работа, накіраваная на станаўленне творчай асобы, мае фармат арт-тэрапіі. На працягу года падчас шматлікіх творчых тыдняў рознай тэматыкі праводзяцца трэнінгавыя заняткі на развіццё ўяўлення і мыслення дзяцей, умацаванне сяброўскіх адносін у калектыве. Развіваецца ўменне ўзаемадзейнічаць у камандзе.
У ВПК няшмат класаў, таму педагогі і адміністрацыя ўстановы могуць арганізаваць работу найбольш эфектыўна і ўдзяліць максімум увагі ўсім вучням. У такіх умовах дзецям лягчэй праявіць інтэлектуальныя і творчыя здольнасці.
Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў семінара выклікала прэзентацыя праекта “Брэст — культурная сталіца Беларусі”. Бібліятэкар С.І.Івашкова расказала, што праект, які складаецца з блокаў выхаваўчых мерапрыемстваў, распрацаваны з мэтай знаёмства дзяцей з цікавымі мясцінамі горада і яго культурнымі традыцыямі. Вылучаны 10 напрамкаў праектных даследаванняў: “Брэст тэатральны”, “Брэст забаўляльны”, “Брэст спартыўны”, “Брэст рэлігійны”, “Брэст гістарычны”, “Брэст экалагічны”, “Брэст літаратурны”, “Брэст пешаходны”, “Брэст гераічны” і інш.
Любая экскурсія ў гісторыю роднага краю пачынаецца ў школьным этнаграфічным кутку “Вянок”. Экспанаты, якія там захоўваюцца, даволі ўнікальныя. Некаторых з іх няма нават у абласным краязнаўчым музеі. Выхаванцы ВПК сабралі адметную калекцыю нацыянальнага адзення і беларускіх ручнікоў. Экскурсаводамі з’яўляюцца вучні пачатковых класаў, якія праводзяць экскурсіі на розных мовах для дашкольнікаў, пачаткоўцаў і гасцей.
Тэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў працягнула настаўніца пачатковых класаў пераможца абласнога конкурсу “Да духоўнасці ад маральных вытокаў” Н.І.Клімянок. Вучні пад кіраўніцтвам педагога шэфствуюць над ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Разам з імі на школьным двары былі высаджаны памятныя дрэвы. Дзеці заўсёды гатовы дапамагчы ветэранам, віншуюць іх са святамі, рыхтуюць для іх канцэрты. З кожнага вучня настаўніца імкнецца выхаваць годнага грамадзяніна.
Даволі шырока на семінары былі прадстаўлены дзіцячыя аб’яднанні. Так, настаўніца пачатковых класаў Н.Я.Шахалевіч расказала пра работу прэс-цэнтра “Экатопік”, дзейнасць якога заключаецца ў фарміраванні экалагічнай культуры малодшых школьнікаў. Прэс-цэнтр працуе па 4 напрамках: пазнавальным, даследчым, здароўезберагальным і творчым. Выхаванцы аб’яднання ахвотна ўдзельнічаюць у конкурсах малюнкаў, калектыўных творчых справах, напісанні насценгазет і плакатаў, стварэнні вырабаў з прыродных матэрыялаў, сабраных падчас экскурсій, і ілюстраванні прачытаных апавяданняў. Акрамя таго, дзеці пішуць сачыненні і казкі на экалагічную тэматыку.
У навучальнай установе працуе экалагічная гасцёўня, дзе вучні знаёмяцца з мастацкімі творамі пра прыроду. Найбольш цікавыя з іх інсцэніруюцца. На гарадскім конкурсе экалагічных тэатраў выхаванцы ўстановы атрымалі дыплом ІІ ступені за спектакль “Казачныя жыхары лесу і рэк”.
У пазаўрочны час вучні займаюцца азеляненнем класа і школы, удзельнічаюць у турыстычных паходах. Сабраныя матэрыялы апрацоўваюцца: звесткі пра розныя віды раслін і жывёл заносяцца ў “зялёны” сшытак, а факты экалагічных парушэнняў — у “чорны”. Акрамя таго, школьнікі ўдзельнічаюць у рабоце пастоў беражлівых і ў праектнай дзейнасці (экапраекты “Засмечаныя словы”, “Кніга скаргаў прыроды”, “Чыстая раніца”, “Птушыная сталовая”). У прэс-цэнтры дзейнічае агітбрыгада.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.В.Казлоўская паведаміла, што ў ВПК, акрамя экалагічнага прэс-цэнтра, працуюць і іншыя дзіцячыя аб’яднанні: “Палессе”, “Юны патрыёт”, “Акцябраты”, “Юныя інспектары дарожнага руху” і “Юныя ратавальнікі-пажарныя”. Аб’яднанні, чыя работа цесна ўзаемазвязана, задавальняюць патрэбы вучняў у развіцці і абароне ад негатыўнага ўплыву сацыяльнага асяроддзя. Педкалектыў лічыць, што дзейнасць дзяцей у аб’яднаннях робіць выхаваўчы працэс больш арганізаваным, сістэматычным і пераемным.
Настаўніца фізічнай культуры і здароўя І.Ц.Герасевіч азнаёміла ўдзельнікаў семінара з фізкультурна-аздараўленчай работай у навучальнай установе. Для гэтага ёсць добрая матэрыяльна-тэхнічная база: спартыўная і харэаграфічная залы, плавальны басейн, міні-стадыён з футбольным полем, бегавымі дарожкамі і гульнявымі пляцоўкамі для валейбола, баскетбола і скачкоў у даўжыню. Ва ўстанове праводзяцца розныя спартыўныя мерапрыемствы, спаборніцтвы, гульні і святы: “Малыя алімпійскія гульні”, “Берасцейскія гульні”, “Усе на старт”, “Ану, дзяўчынкі!”, “Ану, хлопчыкі!”, “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, “Зарнічка” і інш.
Шмат увагі ўдзяляецца пазакласнай фізкультурна-аздараўленчай рабоце. У ВПК працуюць секцыі футбола, таэквандо, шахмат, рытмікі і плавання, спартыўны гурток “Вясёлы мяч”, якія з задавальненнем наведваюць дашкольнікі і пачаткоўцы. Каманды ўстановы з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі і прызёрамі раённых і гарадскіх спаборніцтваў па плаванні, лёгкаатлетычным кросе і футболе.
Вялікую цікавасць выклікаў вопыт работы па тэатралізацыі вучэбнага працэсу на замежнай мове, прадстаўлены кіраўніком ВПК настаўніцай англійскай мовы Т.А.Мосінай. Выхаванцы педагога прапанавалі гасцям англамоўную тэатральную пастаноўку “Тры жаданні” і польскамоўную музычна-харэаграфічную кампазіцыю “Мая Радзіма”, прысвечаную творчасці М.Агінскага.
— Мэта выкладання англійскай мовы — навучыць мець зносіны, арыентавацца ў пэўнай моўнай сітуацыі, правільна будаваць выказванні і пераадольваць моўны бар’ер, — адзначыла Т.А.Мосіна. — Улічваючы спецыфіку прадмета, неабходна падбіраць такія метады навучання, якія не толькі садзейнічаюць якаснаму вывучэнню мовы, але і дапамагаюць зрабіць эмацыянальна прывабным працэс завучвання. Эфектыўнай формай работы з дзецьмі ў гэтым напрамку з’яўляецца тэатральна-маўленчая дзейнасць, якая працягвае ўрочную дзейнасць і выступае неад’емнай часткай вучэбнага працэсу. Гэтая дзейнасць накіравана на актывізацыю вучэбнага матэрыялу і яго інтэрпрэтацыю на новым моўным узроўні з выхадам на практычную камунікацыю. Вопыт па арганізацыі тэатральнай дзейнасці пры выкладанні англійскай мовы абагульнены.
Па словах Т.А.Мосінай, дзеці даволі цікаўныя і з інтарэсам пачынаюць вывучаць замежную мову, якая для іх з’яўляецца чымсьці новым і нязвыклым. Для паспяховага вывучэння замежнай мовы важна захаваць гэты інтарэс як мага даўжэй. Дзеля гэтага педагог вырашыла пагрузіць дзяцей у атмасферу тэатра, развіваючы іх маўленчыя і пазнавальныя здольнасці на аснове маўленчага вопыту ў роднай і замежнай мовах, ствараючы станоўчую матывацыю да далейшага вывучэння замежнай мовы і абуджаючы інтарэс да жыцця і культуры іншых краін.
— Дзеці ўспрымаюць свет сэрцам, а не розумам, любяць тое, што ім цікава. Тэатр для іх — вялікая радасць. Усе дзеці цікавыя, усе розныя. Дапамагчы ім праявіць сваю індывідуальнасць і захаваць яе — асноўная задача дзіцячага тэатра. Тэатральныя ўрокі развіваюць дасціпнасць, творчае ўяўленне, абуджаюць цікавасць да творчасці. Менавіта ў пачатковай школе важна далучыць дзіця да тэатра. Першымі тэатральнымі пастаноўкамі, з якімі яны знаёмяцца, з’яўляюцца спектаклі-казкі. Казачны свет адкрывае дзецям першую радасць ад перамогі дабра над злом, будзіць фантазію, развівае ўяўленне. Тэатралізацыя ўрокаў англійскай мовы павышае ўзровень ведаў і навыкаў, атрыманых падчас навучання. Але тэатралізаваныя пастаноўкі не з’яўляюцца самамэтай, а выступаюць у якасці матыватара да засваення праграмнага матэрыялу, дапамагаюць стварыць сітуацыю, дзе жаданне маўленчай дзейнасці значна апярэджвае моўныя магчымасці дзяцей. Гэта стварае вельмі добрыя ўмовы для засваення новых ведаў, — расказала Т.А.Мосіна.
Удзельнікі семінара высока ацанілі работу педагогаў дзіцячага сада — пачатковай школы № 1 Брэста. Гэта прыклад прафесіяналізму, варты пераймання.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота з архіва дзіцячага сада — пачатковай школы № 1 Брэста.