Сучасным вучням — сучасныя педагогі

- 9:20Пункт погляду

У школах пачалася трэцяя чвэрць — самая доўгая і цяжкая як для вучняў, так і для педагогаў. І калі школьнікі на канікулах набіраліся жыццёвай сілы, то настаўнікі падсілкоўваліся метадычна. Для іх школьныя канікулы — час самаразвіцця, павышэння сваёй прафесійнай дасведчанасці.

Думаю, што вучні, настаўнікі якіх на канікулах прайшлі праз вебінары, воркшопы, майстар-класы, адчулі гэта. Не сумняваюся, што для іх урокі ўжо сталі лёгкімі і цікавымі. Напэўна, галоўнай метадычнай падзеяй для педагогаў гэтай зімой стаў Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства, які прайшоў на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ўжо 11 раз. Фестываль ладзіўся ў анлайн-фармаце.

На працягу чатырох дзён у рамках фестывалю было праведзена 36 мерапрыемстваў — майстар-класы, педагагічныя студыі, аўтарскія майстэрні.

У фестывалі прынялі ўдзел настаўнікі матэматыкі, інфарматыкі, рускай мовы і літаратуры, гісторыі і грамадазнаўства, хіміі, біялогіі, пачатковых класаў, фізікі, геаграфіі, выхавальнікі дашкольнай адукацыі, намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце, настаўнікі, якія выконваюць функцыі класных кіраўнікоў, педагогі-арганізатары, спецыялісты СППС з усіх рэгіёнаў краіны (больш за 700 пунктаў падключэння).

У якасці вядучых выступілі 49 педагагічных работнікаў краіны: кіраўнікі і члены рэспубліканскіх творчых груп, клуба “Крыштальны журавель”, настаўнікі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”.

Што стаіць за гэтымі лічбамі? Педагагічная актыўнасць або пасіўнасць? Хочацца думаць, што ўсё ж актыўнасць. Бо тэмы, якія абмяркоўваліся падчас фестывалю, вельмі актуальныя. Многія спікеры дзяліліся вопытам фарміравання чытацкай пісьменнасці. Як вядома, у гэтым годзе нашы школьнікі зноў будуць удзельнічаць у міжнародным параўнальным даследаванні PISA-2022. Акрамя заданняў па трох асноўных напрамках даследавання (акцэнт будзе зроблены на вывучэнні ўзроўню матэматычнай пісьменнасці навучэнцаў), навучэнцам будуць прапанаваны заданні на вызначэнне ўзроўню фінансавай дасведчанасці і ацэнкі крэатыўнага мыслення. Таму, хто ўсё ж падключаўся, можна было папоўніць свае метадычныя скарбонкі патрэбнымі прыёмамі і формамі работы.

Многія педагогі акцэнтавалі ўвагу на візуалізацыі, што таксама прадыктавана часам. Зараз у нашай школе вучацца дзеці, якія выраслі ў эпоху сацыяльных сетак і не ўяўляюць свайго жыцця без смартфонаў, планшэтаў ці макбукаў. Сённяшнія дзеці лагічныя і вельмі прадуманыя. Для таго каб зразумець і прыняць інфармацыю, ім хапае 8 секунд. Гэта пакаленне візуалаў, якім патрэбна ўся вучэбная гісторыя адразу, прычым з дынамічным развіццём. Яны спажываюць інфармацыю пры дапамозе кароткіх відэа, тэгаў і мемаў.

Сучасным вучням уласціва кліпавае мысленне, яны могуць выконваць некалькі спраў адначасова і аддаюць перавагу графічнаму малюнку. Іх успрыманне — не паслядоўнае і не тэкставае. Яны ба­чаць карціну ў цэлым і ўспрымаюць інфармацыю па прынцыпе кліпа. У педагагічнай грамадскасці на гэты конт меркаванні разыходзяцца. Нехта працуе зыходзячы з патрэб сучасных дзяцей, а некаторыя праводзяць урокі так, як зручна ім самім.

Мне ж падаецца, што трэба рухацца наперад (час жа не стаіць на месцы) і шукаць, як можна памяняць тэхналогіі падачы вучэбнага матэрыялу, не парушыўшы пры гэтым вядучых дыдактычных прынцыпаў, каб сучасным навучэнцам было цікава і камфортна. Адказ на гэтае пытанне дапамо­гуць знайсці калегі на сваіх майстар-класах, лекцыях і семінарах. Варта проста зарэгістравацца і стаць актыўным. Вучыцца ніколі не позна. А вучыцца ў сваіх калег — цікава, карысна і натхняльна.