Нашы дзеці жывуць у цацачным раі. Якіх толькі “цудаў свету” ні прапануюць вытворцы, што спаборнічаюць за ўвагу і грошы бацькоў. Цацкі становяцца ўсё больш разнастайнымі і прадуманымі: адны ў дэталях капіруюць рэальнае жыццё, другія задаюць пытанні і тут жа прапануюць гатовыя адказы. Што адбываецца ў гэтых умовах з дзіцячай фантазіяй і творчымі здольнасцямі?
Мы не адкрыем Амерыку, калі прызнаем, што дзіцячыя псіхолагі б’юць трывогу: сучасныя цацкі ў зародку знішчаюць у дзецях крэатыў. Чым больш наварочаная цацка, тым больш у ёй закладзена гульнявых функцый, тым мацней яна падобна на свой жывы аналаг — тым менш у дзяцей падстаў прыдумаць гульню самім, дафантазіраваць знешняе аблічча да аддаленага падабенства з арыгіналам. Вынік знаёмы ўсім бацькам: яшчэ тыдзень назад дзіця марыла пра цацку, прасіла яе, учора, атрымаўшы, скакала паўгадзіны ад радасці і яшчэ дзве гадзіны націскала на кнопачкі, а сёння ўжо нават не падыходзіць. І справа не ў тым, што дзіця распешчанае — яно проста не разумее, што рабіць з ёй цяпер, калі ўсе кнопачкі націснуты сто разоў, столькі ж прагучала песенька і загарэліся лямпачкі.
У такіх наварочаных кнопачных цацках гульнявы вынік прадказальны і ўжо загадзя вядомы. Гэта ператварае дзіця з актыўнага ўдзельніка гульні ў пасіўнага назіральніка. У чорным спісе апынуліся інтэрактыўныя лялькі, лялька Барбі, цацачныя планшэты, лялькі з аксесуарамі, самалёты, машыны і караблі на пультах, любыя кнопачныя цацкі і, як ні дзіўна, канструктары LEGO, бо многія бацькі забараняюць дзецям разбіраць сабраныя LEGO-цацкі, і тыя стаяць на паліцах у выглядзе музейных экспанатаў. Але будзе несправядліва ў адносінах да цацак сцвярджаць, што яны не прыносяць карысці. Большасць цацак маюць станоўчыя якасці: развіваюць дробную маторыку, каляровае і слыхавое ўспрыманне, пашыраюць кругагляд, а самае галоўнае, дапамагаюць дзецям бліжэй знаёміцца са светам дарослых. Калі верыць сацыёлагам, выбіраючы цацкі дзецям, дарослыя кіруюцца 3 асноўнымі прынцыпамі: купляюць цацкі, якіх ім не хапала ў дзяцінстве; купляюць падобныя на тыя, што любілі самі; выбіраюць пад уплывам моды і рэкламы.
Набываючы цацку, клапаціцеся пра яе якасць. Уявіце, што дзіця будзе рабіць з ёй, ацаніце яе развіццёвыя функцыі, а не толькі знешнюю прывабнасць і экстравагантнасць. І не трэба забывацца пра ўзрост дзіцяці: тое, што падыходзіць пяцігадоваму, не падыдзе двухгадоваму. Трэба большае значэнне надаваць тым гульням, якія захоўваюць баланс паміж жаданнем дзіцяці і карысцю для яго.
Наталля ЕРАШЭВІЧ,
выхавальніца Гарадзечанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.