Сучасныя патрабаванні і новыя магчымасці

- 11:20Адукацыйная прастора

Вялікі педсавет напярэдадні новага навучальнага года аб’яднаў у Віцебску больш за 1000 прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці паўночнага рэгіёна: лепшых настаўнікаў, выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, кіраўнікоў устаноў адукацыі ўсіх узроўняў, лідараў галіновага прафсаюза, метадыстаў, начальнікаў упраўленняў і аддзелаў па адукацыі. У канферэнцыі прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, памочнік прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мірончык, прадстаўнікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: члены Савета Рэспублікі Анатоль Шчасны, Алег Раманаў, Таццяна Полушкіна і Палаты прадстаўнікоў Таццяна Аўтухова, а таксама кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, намеснікі старшынь раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, кіраўнікоў адміністрацый раёнаў Віцебска.

У адзінстве інавацый і традыцый

Менавіта так развіваецца сёння адукацыя Віцебшчыны: прымнажаючы традыцыі, укараняючы інавацыі, упэўнена і планамерна нарошчваючы патэнцыял, які становіцца асноўным актывам будучага эканамічнага, палітычнага, сацыякультурнага росквіту рэгіёна і краіны. Па выніках мінулага года другі раз запар сістэма адукацыі вобласці прызнана лепшай у Беларусі. Выхаванне грамадзяніна і патрыёта, дасягненне пастаўленых на Рэспубліканскім педагагічным савеце мэт, кампетэнтнасны падыход, высокі прафесіяналізм, міжведамаснае ўзаемадзеянне і сацыяльнае партнёрства, выніковая работа па забеспячэнні якасці і даступнасці адукацыі, асобаснага росту, развіцця кожнага дзіцяці — дарожная карта рэгіянальнай сістэмы адукацыі на новы навучальны год. Пад адкрытым небам і ў фае цэнтра культуры “Віцебск” у дзень правядзення канферэнцыі разгарнулася маштабная панарама адукацыйнай прасторы вобласці. Дзясяткі калектываў устаноў адукацыі ярка і арыгінальна прэзентавалі найбольш важныя з рэалізаваных і новыя перспектыўныя праекты, работу рэсурсных цэнтраў, карысныя ініцыятывы, актуальныя метадычныя распрацоўкі, эфектыўныя методыкі і перадавы педагагічны вопыт. Разам з педагогамі свае дасягненні ў вучобе, даследчай, пошукавай і грамадскай дзейнасці, спорце, творчасці прадставілі навучэнцы. На інтэрактыўных пляцоўках можна было паглыбіцца ў гісторыю і адкрыць для сябе новае ў сучаснасці гарадоў і раёнаў, пашырыць веды пра нацыянальную кухню, народныя звычаі, пагуляць у гульні, далучыцца да шматлікіх майстар-класаў. Так, Полацк азнаёміў з двума вялікімі праектамі, у якіх былі задзейнічаны практычна ўсе ўстановы адукацыі раёна: гісторыка-адукацыйным “Стужка часу” і культурна-адукацыйным “Сяброўствам адзіныя. Полацк і гарады-пабрацімы”. Пакаштаваць смачную каву і дэсерты з меню знакамітага “Кафэ 16”, узбагаціць уласныя кулінарныя навыкі запрашалі на пляцоўцы лепшай у краіне па выніках мінулага года ўстановы ПТА — Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафліцэя, які літаральна некалькі дзён назад набыў статус каледжа. Дарэчы, трое з маладых прафесіяналаў WorldSkills, якія вядуць тут майстар-класы, у верасні прадставяць Беларусь на чэмпіянаце свету ў Шанхаі. Не менш змястоўную і адметную прэзентацыю падрыхтаваў Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж, занесены сёлета на рэспубліканскую Дошку гонару. Наваполацк гэтым разам зрабіў выразны акцэнт на рэалізацыі сацыяльна значных ініцыятыў падрастаючага пакалення і праектах маладзёжнага парламента, Орша — на грамадзянска-патрыятычным выхаванні, у тым ліку праз адукацыйны турызм з элементамі інтэрактыву, экскурсійна-турыстычную дзейнасць па вывучэнні помнікаў Вялікай Айчыннай вайны, інтэрактыўныя формы “Музей у чамадане”, “Палявая пошта”, “Ваенная азбука”. На пляцоўцы Аршанскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа адразу прыцягвала ўвагу экспазіцыя праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба ЮНЕСКА “Русічы”. Яго кіраўнік Рыгор Шарай расказаў аб сваёй кнізе “Зямля ўмее гаварыць”, дзе абагульнены вопыт пошукавай работы. Выхаванцы “Русічаў” вывучаюць гісторыю Айчыны, вядуць актыўную пошукава-даследчую дзейнасць, займаюцца страявой, тактычнай, медыцынскай, турыстычнай падрыхтоўкай, асвойваюць стральбу, рукапашны бой і плаванне (у тым ліку з аквалангам), парашутны спорт і верхавую язду. Чашнікі паказалі пляцоўку-прататып Цэнтра прафілактыкі “Альтэрнатыва” — створанай на базе раённага цэнтра дзяцей і моладзі адзінай прасторы міжведамаснага ўзаемадзеяння, дзе спецыялісты ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, РАУС, РАНС, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў у даступнай для кожнай узроставай аўдыторыі форме прадстаўляюць iнфармацыю пра неабходнасць вядзення здаровага і бяспечнага ладу жыцця, уплыў негатыўных фактараў на будучыню, меры па іх папярэджванні. Перад пачаткам пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі выказалі падзяку сваім папярэднікам і калегам, настаўнікам у прафесіі і жыцці. Зала авацыяй вітала ветэранаў педагагічнай працы, якія для ўсёй Віцебшчыны з’яўляюцца прыкладам прафесіяналізму і самаадданай працы, эталонам высокага звання “Настаўнік”. Віншаванне з новым навучальным годам і ўручэнне падарункаў ветэранам галіны — яшчэ адна даўняя і слаўная традыцыя рэгіёна. З асноўным дакладам аб выніках работы сістэмы адукацыі і пастаўленых перад педагагічнай грамадскасцю задачах выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.

Прыярытэт — выхаванне моладзі

— Падзеі мінулага года паказалі, наколькі важнае пытанне выхавання і фарміравання ў падрастаючага пакалення грамадзянскасці і патрыятызму, умення аналізаваць і крытычна ацэньваць інфармацыю з розных крыніц, гатоўнасці стаяць на варце суверэнітэту дзяржавы, імкнення шанаваць і памнажаць дасягнутае, працаваць на развіццё, — задаў тон размове Дзмітрый Леанідавіч. — Мы павінны быць адзінай нацыяй, з’яднанай і моцнай. Роля педагога ва ўсведамленні гэтага маладым пакаленнем вялікая як ніколі. Галоўнай умовай стабільнага развіцця сістэмы адукацыі з’яўляецца дзейсная праца кожнага з нас: кіраўніка, выкладчыка, настаўніка. Давайце берагчы нашу краіну, нашы дасягненні, нашых дзяцей і адно аднаго, каб заўсёды заставацца нацыяй і быць часткай адзінства з іншымі, дзеля росквіту Беларусі, міру і шчасця ў кожным доме!

У вобласці рэалізуецца комплекс мер па ўключэнні моладзі ў сацыяльна значную грамадскую дзейнасць — ад удзелу навучэнцаў і студэнтаў у мерапрыемствах і праектах інфармацыйна-адукацыйнай, грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, актывізацыі дзейнасці ўстаноў адукацыі ў інтэрнэт-прасторы (быў прыведзены ў прыклад станоўчы вопыт Полацкага, Аршанскага раёнаў, УВА вобласці) да арганізацыі шматлікіх маладзёжных дыялогавых пляцовак. На строгім кантролі — прафілактыка суіцыдальных паводзін, нарказалежнасці, правапарушэнняў, выяўленне крызісных станаў непаўналетніх, папярэджанне фактаў гвалту і жорсткага абыходжання з дзецьмі, булінгу з боку аднагодкаў. Дзмітрый Хома асобна акцэнтаваў, што ў рабоце з навучэнцамі, іх бацькамі, сацыяльнымі партнёрамі, мясцовым насельніцтвам неабходна яшчэ больш сур’ёзную ўвагу звярнуць на шосты школьны дзень: яго рэсурсы далёка не вычарпаны.

Гатоўнасць № 1

Дзяржава аказвае магутную падтрымку сістэме адукацыі. На яе функцыянаванне на Віцебшчыне з абласнога бюджэту выдзелены 833 мільёны 274 тысячы рублёў, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў запланавана выдаткаваць больш за 23 мільёны рублёў з абласнога бюджэту і больш за 25 мільёнаў за кошт сродкаў Сусветнага банка. Выкананы значны аб’ём рамотных работ па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, для арганізацыі падвозу ў сельскай мясцовасці набыты 33 аўтобусы. Ад шэфскіх прадпрыемстваў, папячыцельскіх саветаў, спонсараў на развіццё ўстаноў галіны накіравана звыш 1,6 мільёна рублёў. Рост пазабюджэтнай дзейнасці за 7 месяцаў 2021 года склаў 137 працэнтаў да аналагічнага мінулагодняга перыяду. Усё больш устаноў прафадукацыі вядуць сур’ёзныя будаўнічыя работы ўласнымі сіламі, фарміруючы свае прафбрыгады. У якасці падобнага прыкладу на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі варта адзначыць сярэднія школы № 15 Барані, №№ 8, 11 Оршы, № 16 Полацка, № 1 Новалукомля, № 4 Чашнікаў, Расонскую сярэднюю школу імя П.М.Машэрава. У цэлым сістэма адукацыі вобласці да новага навучальнага года гатова.

Абліччы будучыні

Рэалізацыю вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі забяспечаць 504 установы. Віцебшчына займае вядучыя пазіцыі ў краіне па ахопе дашкольнай адукацыяй дзяцей ад 1 да 6 гадоў, па ўзроўні кваліфікацыі спецыялістаў, забяспечанасці сродкамі навучання, узроўні дзіцячай захваральнасці (яна застаецца стабільна нізкай на працягу многіх гадоў). Да дзвюх знізілася колькасць траўм, атрыманых ва ўстановах дашкольнай адукацыі — лепшы паказчык у краіне.

Сістэма агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна ў новым навучальным годзе будзе прадстаўлена 321 установай. За кошт сродкаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пастаўлена 74 вучэбныя кабінеты фізікі, 78 — хіміі, 30 — біялогіі, а таксама 397 мультыбордаў і 500 камп’ютараў. Для старшакласнікаў адкрыты класы аграрнай (у 69 установах), педагагічнай (у 33), спартыўна-педагагічнай (у 4), ваенна-патрыятычнай (у 3) накіраванасці. Створаны рэгіянальны кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі, аблвыканкамам зацверджана рашэнне аб правядзенні аграсубот і штогадовых рэгіянальных злётаў навучэнцаў агракласаў. Дзякуючы сістэмнаму падыходу ў пытаннях прафарыентацыі, 46% выпускнікоў 9-х класаў працягваюць навучанне ва ўстановах прафадукацыі. Назіраецца станоўчая дынаміка ўдзелу выпускнікоў у цэнтралізаваным тэсціраванні: сярэднія балы павысіліся па 10 з 15 вучэбных прадметаў. Атрымана 36 стабальных вынікаў, прычым выпускнікамі не толькі гімназій, але і шэрага сярэдніх школ Бешанковіцкага, Віцебскага, Докшыцкага, Лепельскага, Мёрскага, Аршанскага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага, Першамайскага і Кастрычніцкага г. Віцебска раёнаў; у лідарах — Лепель. Каля 10 тысяч навучэнцаў 6—9 класаў прынялі ўдзел у абласных алімпіядах па вучэбных прадметах, арганізаваных ВАІРА. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прадстаўнікамі Віцебшчыны атрыманы 124 дыпломы (другое месца ў краіне), заваявана 13 медалёў міжнародных алімпіяд. Пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод навучэнцаў 10—11 класаў — дзесяцікласнік Віцебскага кадэцкага вучылішча Вадзім Шмырдзін. Па выніках работы ў мінулым годзе найлепшай у краіне ўстановай агульнай сярэдняй адукацыі прызнана гімназія № 1 Віцебска. На стымуляванне адораных навучэнцаў, іх педагогаў і ўстаноў адукацыі аблвыканкамам абласным Саветам дэпутатаў накіравана 558 тысяч рублёў. Лепшыя педагогі вобласці, метадысты ВАІРА ўнеслі значны ўклад у стварэнне адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурса для вучэбна-метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі, падрыхтаваўшы 724 адукацыйныя модулі.

Ва ўстановах адукацыі вобласці актыўна ажыццяўляецца ўкараненне інклюзіўных тэндэнцый, пашыраецца сетка адукацыйнай інтэграцыі. Станоўча ацэнены вопыт работы абласнога цэнтра і цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Глыбоцкага, Аршанскага, Полацкага, Пастаўскага раёнаў, Наваполацка, сярэдняй школы № 47 Віцебска, устаноў адукацыі Віцебскага раёна.

Мэтавыя паказчыкі па выпуску рабочых і служачых з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй выкананы. Праведзена аптымізацыя сеткі ўстаноў прафадукацыі, у Віцебску на базе чатырох з іх утвораны два буйныя адукацыйныя комплексы. У Полацку лясны каледж працягне работу на базе гандлёва-тэхналагічнага каледжа. У шасці ўстановах ССА працуюць рэсурсныя цэнтры, дзе за навучальны год падрыхтавана 3289 чалавек. Паводле сеткавага прынцыпу ў вобласці прайшлі падрыхтоўку навучэнцы з чатырох устаноў адукацыі іншых абласцей.

— Сёлета ўведзены новыя аб’екты: у студзені — дзіцячы сад у Паставах, у лютым пасля мадэрнізацыі — інтэрнат ВДТК, ідзе мадэрнізацыя карпусоў Полацкага кадэцкага вучылішча, пачата будаўніцтва дзіцячага сада ў Полацку і вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — пачатковая школа” ў Віцебску, — расказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. — Сёння мы канцэнтруем рэсурсы і забяспечваем установы адукацыі самым лепшым абсталяваннем, накіроўваем туды высокакваліфікаваных педагогаў. У прыватнасці, я маю на ўвазе “школы будучыні”, у свой час гэтае паняцце ўпершыню прагучала менавіта на Віцебшчыне як назва пілотнага праекта. Вядома, чакаем адпаведнай аддачы. І прыемна адзначыць, што нашы агульныя з вамі намаганні ўжо прыносяць багаты плён, мы ўдасканальваемся з кожным годам, па выніках гэта бачна. Давайце разам пастараемся зрабіць так, каб мы ганарыліся Віцебшчынай, а дзецям было прэстыжна тут не толькі вучыцца, але і працаваць.

Заслужаныя ўзнагароды

За эфектыўную прафарыентацыйную работу, высокія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання грашовыя сертыфікаты ўручаны начальнікам аддзелаў па адукацыі Лепельскага райвыканкама Анатолю Карпіцкаму, адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Андрэю Пахолкіну, Бешанковіцкага райвыканкама Аляксандру Ерашову, Віцебскага райвыканкама Вользе Трублоўскай, Мёрскага райвыканкама Аляксандру Жуку, Шумілінскага райвыканкама Валянціне Мяньковай, Сенненскага райвыканкама Алене Вілюгінай і начальніку ўпраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірыне Драздовай.

За дасягненне высокіх вынікаў адукацыйнага працэсу, арганізаваны прыём і выпуск навучэнцаў грашовыя сертыфікаты ўручаны дырэктарам Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандру Ласякіну, Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа Ірыне Кісялёвай, Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Ганне Бурэнь, Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Аляксандру Шамашову, Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа Ігару Кунцэвічу.

Радасным і кранальным момантам стала ўшанаванне лепшых педагогаў. Герояў дня, якіх вядучыя ўрачыста запрашалі на сцэну, калегі ў зале сустракалі дружнымі апладысментамі. Выдатныя прафесійныя поспехі адзначаны ганаровымі граматамі абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў, абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, падзякамі старшыні аблвыканкама. Дырэктар Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л.М.Даватара Аляксандр Пашкевіч удастоены Ганаровай граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Нагрудныя знакі выдатнікаў адукацыі атрымалі настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 16 Полацка Алена Пусташыла, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 12 Наваполацка Вольга Беразнёва, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 2 Віцебска Алена Гапеева, майстар вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 прыборабудавання Васіль Дабраўлянін, дырэктары сярэдняй школы № 21 Оршы Таццяна Радзіеўская і гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна Людміла Сомава. Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначаны настаўнік працоўнага навучання і чарчэння сярэдняй школы № 8 Оршы Андрэй Паўлаў, настаўніца біялогіі і хіміі Ушацкай сярэдняй школы Вольга Анатольеўна Жыткая, педагог дадатковай адукацыі Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Пётр Міронаў; граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь —начальнік аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Гаўрылава, дырэктар абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Сяргей Бабіч, намеснік начальніка аддзела па адукацыі Лепельскага райвыканкама Аксана Лясун і метадыст абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесiйнай адукацыi Алена Шышкіна.

Таццяна Бондарава.
Фота аўтара.