Сучасныя пераказы і сачыненні

Прызнацца шчыра, парады настаўніку інспектара школ Барысаўскага гарана В.Самацэвіч, надрукаваныя ў “Настаўніцкай газеце” 9 лютага 1947 года, нагадалі мае школьныя гады. Раптам успомнілася, як і мае школьныя настаўнікі гэтак жа старанна і паслядоўна, як В.Самацэвіч, вучылі нас пісаць пераказы і сачыненні. Мы пісалі планы, прыдумвалі назвы, стараліся выконваць усе парады. Я ж больш любіла сачыненні, якія давалі пачуццё свабоды думак (не трэба было нічога завучваць). І ў старшых класах нават адмовілася ад чарнавікоў. Неяк пісалася адразу.
Цяпер, калі ўжо ў гімназіі вучыцца дачка, не раз лавіла сябе на думцы, што не задаюць ім ніякіх сачыненняў. Яна шмат вучыць на памяць, запамінае безліч інфармацыі па самых розных прадметах, але каб сесці і напісаць сваё — вельмі рэдка. А яшчэ нядаўна паспрачалася з калегай, якая цалкам апраўдвае такі стан школьнай навукі. Маўляў, якія сачыненні і пераказы ў наш імклівы інфармацыйны час? Але…

Аўтар адзначае, што роля пераказаў недаацэньваецца настаўнікамі, якія нават не ведаюць, як іх праводзіць. Мая ж суразмоўніца па гэтай тэме — настаўніца беларускай мовы і літаратуры намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 50 Гомеля Алена Іванаўна Максімовіч — засяродзілася на іншых праблемах.
— Творчыя работы — пераказы, сачыненні — школьнікі пішуць з пачатковай школы. У 4 класе ўжо ёсць не толькі вучэбныя, але і кантрольныя пераказы. Але дзецям творчыя работы па беларускай мове даюцца цяжка, бо яны жывуць у рускамоўным асяроддзі. І здараецца, нягледзячы на тое, што пераказ трэба пісаць на беларускай мове, пішуць яго па-руску.
Задача сённяшняга настаўніка беларускай мовы — кожны дзень, на кожным уроку па беларускай мове (не толькі прысвечаным падрыхтоўцы да пераказу або сачынення) пашыраць слоўнікавы запас вучняў усімі магчымымі сродкамі. Як гэта робім мы ў сваёй школе? З дапамогай слоўнікавай работы на ўроку беларускай мовы (слоўнікавая, арфаграфічная хвілінка). Абавязковай з’яўляецца работа са слоўнікам: не ведаюць вучні слова — паглядзелі ў слоўнік. Толькі ў самым крайнім выпадку запыталіся ў настаўніка.
Працуючы з тэкстам (падчас падрыхтоўчага этапу да пераказу ёсць спецыяльныя ўрокі па рабоце з тэкстамі, а ёсць такія, дзе тэкст разглядаецца як тэма і вывучаюцца стылі тэксту, яго структура і г.д.), мы прымяняем лінгвакультуралагічны падыход. У чым ён заключаецца? Мы даём не проста тэксты, а тэксты з апісаннем нацыянальнай спецыфікі: традыцый, звычаяў, нацыянальных свят, абрадаў, нацыянальных страў. Такі тэкст мае павучальны змест.
Напрыклад, у нас зіма, значыць, мы бяром тэкст, звязаны з Калядамі, калі вясна — вывучаем тэкст пра Вялікдзень. Хутка пачнецца лістапад — будзе тэкст на тэму свята ўшанавання продкаў “Дзяды”. Гэта тая інфармацыя, якую дзеці не ведаюць зусім і, акрамя ўрокаў беларускай мовы, нідзе пра яе не даведаюцца. І трэба адзначыць, што яна вучням вельмі цікавая. У нас быў выпадак, калі за два гады мы змаглі зацікавіць дзіця, якое прыехала з Украіны, беларускай мовай так, што яно пайшло ЦТ здаваць па гэтым прадмеце. Вось такая сістэмная і карпатлівая работа папярэднічае падрыхтоўцы да пераказаў і сачыненняў, — адзначыла Алена Іванаўна.
Каб свабодна працаваць з тэкстамі і ўмець адрозніваць іх па тыпах, структуры, прызначэнні, трэба іх элементарна чытаць, але сучасныя дзеці ў большасці сваёй не хочуць гэтага рабіць. Праблем дадае і недахоп вучэбных гадзін, адведзеных як на мову, так і на літаратуру.
— Не хапае часу на вывучэнне праграмнага матэрыялу, асабліва па літаратуры. Якая, спытаеце, сувязь з сачыненнямі і пераказамі? Дзеці не паспяваюць асэнсаваць мастацкі твор. Напрыклад, як яны могуць напісаць сачыненне, калі на вывучэнне аповесці В.Быкава “Сотнікаў” адводзіцца толькі 3 гадзіны? У праграме нават стаіць дзве, але настаўнік робіць пераразмеркаванне і аддае тры. Няма магчымасці спакойна пачытаць тэкст, учытацца. Справа яшчэ больш ускладняецца неахвотай да чытання, што ў сваю чаргу прыводзіць вучняў у інтэрнэт-прастору. На жаль, пры напісанні сачыненняў сённяшнія вучні аддаюць перавагу гатовай інфармацыі, а не вытворчасці ўласных думак. Адзінкі выказваюць свае думкі, — працягвала Алена Іванаўна.
Але развіваць звязную мову вучняў і творчыя здольнасці ўсё роўна трэба. У 1947 годзе пры напісанні пераказу прапаноўваўся наступны алгарытм дзеяння настаўніка.У метадычнай лiтаратуры i ў школьнай практыцы ёсць розныя вiды пераказаў:
— у залежнасці ад аб’ёму зыходнага тэксту: падрабязныя, сцiслыя;
— па адносiнах да зместу зыходнага тэксту: поўныя, выбарачныя, з дадатковым заданнем;
— па спосабе выканання: вусныя, пiсьмовыя;
— па месцы выканання: класныя, дамашнiя;
— у залежнасцi ад мэты навучання: вучэбныя, кантрольныя;
— паводле характару тэкставага матэрыялу: апавяданне, апiсанне, разважанне, характарыстыка.
Сачыненнi адрознiваюцца ў залежнасцi ад:
— месца выканання (класныя i дамашнiя);
— аб’ёму (разгорнутыя i мiнiяцюрныя);
— спосабу выканання (калектыўныя i iндывiдуальныя);
— мэты (вучэбныя i кантрольныя);
— характару працы (без дадатковых заданняў i з iмi);
— жанру i тыпу тэксту (апавяданне, апiсанне, разважанне, партрэтная характарыстыка, рэпартаж, нататка, рэцэнзiя i iнш.);
— крынiцы атрымання матэрыялу (па карцiне, на лiтаратурныя тэмы, на матэрыяле асабiстых назiранняў, перажыванняў i жыццёвага вопыту вучняў).
— Алгарытм напісання сачынення і пераказу за апошнія гады практычна не змяніўся. Можа мяняцца аб’ём, тэматыка, але алгарытм напісання — не. Гэтая схема — выпрацаная за гады догма.
Гаворачы пра падрыхтоўку да пераказу, вяртаю вас туды, дзе я гаварыла пра тэкст. Калі мы вучым любому тэксту і на любым уроку, не звязаным з пераказам, то працуем з тэкстам, вызначаючы яго тэму, асноўную думку, дзелім тэкст на сэнсавыя часткі (без гэтага дзіця не зможа пераказаць тэкст), даём загалоўкі сэнсавым часткам. Атрымліваецца план. Так мы вучымся пісаць пераказ па плане, пераказваем усе сэнсавыя часткі. Далей трэба ўдумліва яшчэ раз перачытаць тэкст (калі гэта меншыя класы) ці паслухаць (у старшых класах).
Падрыхтоўка да сачынення тая ж. Яна ўключае развіццё мовы. Спачатку вучым маленькім сачыненням, сачыненням-мініяцюрам (апісваем перш за ўсё прыроду). Тут добрым дапаможнікам з’яўляюцца любыя рэпрадукцыі карцін. Вывучаем розныя стылі тэкстаў. Напрыклад, тэкст-апісанне, тэкст-разважанне. Перад напісаннем сачынення абавязкова гаворым пра тэму сачынення (раскрываем яе сутнасць). Пазначаем тып сачынення, бо ад гэтага залежыць яго структура. Напрыклад, сачыненне-разважанне ўключае ўступ (тэзіс — тое, што патрабуецца даказаць). Далей ідзе асноўная частка — тое, што мы даказваем, і заключэнне — да чаго ўрэшце прыйшлі.
Увогуле, уступ, асноўная частка і заключэнне з’яўляюцца абавязковымі структурнымі часткамі любога сачынення, — адзначыла настаўніца.1947-02-09 Пісьмовыя і вусныя ізлажэнні.jpg(Сайт3)— Акрамя як на ўроках такой творчай дзейнасці, мы не навучым нашых дзяцей гаварыць, асабліва калі ўлічваць той факт, што яны не чытаюць, прычым ні на беларускай, ні на рускай мове. Безумоўна, гаворка ідзе пра сярэдняга вучня, але ж іх у нашых школах большасць. І калі яны не будуць вымушаны пісаць нешта творчае, то на выхадзе з сярэдняй школы мы сутыкнёмся з абсалютнай непісьменнасцю ў плане развіцця вуснай ды і пісьмовай мовы. Частковай матывацыяй больш сур’ёзных адносін да пераказу з’яўляецца тое, што ён стаіць сярод абавязковых экзаменаў па беларускай і рускай мове. Гэта крыху стымулюе.
Мы павінны ў школе развіваць мову, маўленне вучняў. Гэта трэба, каб чалавек выйшаў са сцен школы ўсебакова адукаваным, тым, хто будзе здольны ў соцыуме гаварыць, думаць, выказваць сваё меркаванне, а не думаць як робат і на аўтамаце выконваць тэставыя заданні.
У мінулым годзе я выпусціла 11 клас. З гэтага класа 13 чалавек (з 25-ці) здавалі ЦТ па беларускай мове. Але калі вучань не мае слоўнікавага запасу, не ведае значэння слоў, то падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання яму будзе вельмі цяжка. А ён не будзе ведаць ніякіх слоў, калі не будзе чытаць. Пераказы і сачыненні патрэбны абавязкова, бо яны развіваюць магчымасці гаварыць і думаць іншымі словамі — чалавека ў чалавеку, — лічыць педагог.Сапраўды, у выхаванні маўленчай культуры, развіцці навыкаў самастойнага выказвання вучняў важную ролю адыгрывае вусны пераказ. Як і пісьмовыя, вусныя пераказы бываюць розных відаў: падрабязныя (поўныя, блізкія да тэксту), сціслыя, выбарачныя, з творчым заданнем. Паводле характару тэкставага матэрыялу яны дзеляцца на апісальныя, апавядальныя, разважальныя, могуць быць у выглядзе характарыстыкі.
Мне падаецца, што вусны пераказ з’яўляецца больш складаным, чым пісьмовы, бо ён дэманструе адразу некалькі ўменняў: запамінаць, гаварыць лагічна і паслядоўна, прычым без памылак у канчатках. І калі ўсё гэта ўдаецца, то можна не сумнявацца: вы не будзеце баяцца выказацца і абавязкова данесяце сваю думку субяседніку. У нас вельмі шмат прафесій, дзе суразмоўцамі з’яўляюцца людзі, а не камп’ютары.
Напрыканцы нашай размовы Алену Іванаўну пацягнула на педагагічную лірыку, але менавіта яна не дае нашым настаўнікам скласці рукі, а прымушае рухацца наперад, шукаючы новыя формы і падыходы.
— Калі дзіця самастойна выказвае свае думкі, свой погляд — гэта засёўды цікава. Сучасных дзяцей чапляюць тэмы не літаратурныя, а сачыненні, напрыклад, па выбары сваёй будучай прафесіі. Ім падабаецца пісаць пра тое, што тычыцца канкрэтна іх. Пра свае эмоцыі, уражанні яны пішуць з ахвотай. Такія сачыненні я захоўваю. І калі яны прыходзяць на вечар сустрэчы з выпускнікамі, ім вельмі цікава пачытаць пра свае школьныя прафесійныя планы і параўнаць з жыццёвымі дасягненнямі. Асабістыя сачыненні пра мары, надзеі заўсёды пакідаюць след у душы настаўніка, — адзначыла Алена Іванаўна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.