Сучасныя, самабытныя, інклюзіўныя

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ва ўрачыстай атмасферы былі падведзены вынікі і ўзнагароджаны пераможцы І Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”. Нагадаем, што спаборніцтвы праводзіліся ў два этапы — абласны і рэспубліканскі (завочны і вочны туры) — па наступных намінацыях: “Лепшая спецыяльная дашкольная ўстанова”, “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа (спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат)”, “Лепшая дапаможная школа (дапаможная школа-інтэрнат)”, “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”.

Ад экалагічнага праекта да тэрыторыі талерантнасці

“Сёння мы падводзім вынікі конкурсу, які ўпершыню праводзіўся сярод устаноў спецыяльнай адукацыі, — звярнуўся да педагогаў з прывітальным словам міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Шчыра кажучы, нейкі час я сумняваўся, наколькі мэтазгодны такі конкурс, бо сёння на слыху ў педагогаў пытанні інклюзіі, і было б лагічна, каб і адукацыйныя конкурсы мелі такі ж кірунак. Але мы ўбачылі, што і педагогі ўстаноў спецыяльнай адукацыі змаглі прадэманстраваць на мерапрыемстве высокі ўзровень дасягненняў, якія перш за ўсё звязаны з іх працай, няпростай і спецыфічнай, але вельмі важнай і неабходнай. Дзеці з асаблівасцямі ў развіцці, якія з-за пэўных абставін не могуць рэалізаваць сябе належным чынам, заўсёды будуць вам удзячны за тое адчуванне поспеху, якое вы для іх створыце. Хочацца верыць, што менавіта ваша праца дапаможа зрабіць шчаслівымі іх і іх бацькоў. І гэты конкурс сапраўды стаў крокам да інклюзіўнасці ў сферы адукацыі і ў цэлым да інклюзіўнага грамадства”.
Конкурс ацэньвала журы, у склад якога ўваходзілі 17 чалавек — прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, НІА, АПА, БДПУ імя Максіма Танка, кіраўнікі ўстаноў спецыяльнай адукацыі — Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку і Рэспубліканскага цэнтра для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху. Старшынёй журы была начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна Змушко. Яна адзначыла: “Нягледзячы на тое, што мы шмат гаворым аб руху да інклюзіі, установы спецыяльнай адукацыі займаюць вельмі значнае месца ў сістэме. Яны могуць сказаць важкае слова ў працэсе развіцця інклюзіўнай адукацыі і могуць дапамагчы тым установам, якія толькі заяўляюць аб сваім курсе да інклюзіі. У ходзе абароны праектаў мы ў гэтым упэўніліся. Да таго ж заўсёды будзе частка дзяцей, якія не змогуць пайсці ў інклюзіўную школу. І калі мы скажам сёння, што ў нас павінна быць толькі інклюзія і больш нічога, то прыйдзем да аднапалярнага свету ўжо ў рамках сістэмы спецыяльнай адукацыі. А любая аднапалярнасць і адсутнасць выбару прымусіць у рэшце рэшт шукаць штосьці новае, нейкую альтэрнатыву. Выбар павінен быць і ў дзіцяці, і ў яго бацькоў”.
У ходзе завочнага тура былі вывучаны і ацэнены вопыт работы кожнай установы і відэапрэзентацыя іх дзейнасці. У выніку журы выбрала 12 устаноў — па тры ў кожнай намінацыі — для ўдзелу ў вочным туры конкурсу. Пераможцы вызначаліся ў кожнай з намінацый па суме балаў, набранай установамі ў завочным і вочным турах. Крытэрыямі ацэнкі конкурсных матэрыялаў з’яўляліся: актуальнасць тэмы, адпаведнасць прадстаўленага педагогамі вопыту сучасным тэндэнцыям развіцця спецыяльнай адукацыі, сувязь з соцыумам.
У дзень урачыстага адкрыцця вочнага тура прайшла Рэспубліканская выстава-прэзентацыя вопыту работы лепшых устаноў спецыяльнай адукацыі краіны, і канкурсанты на сцэне абаранялі свае адукацыйныя праекты.
— Дзякуючы такому мерапрыемству, мы ўбачылі ўстановы адукацыі, якія раней не траплялі пад свет сафітаў, — адзначыла Антаніна Міхайлаўна Змушко. — Сярод іх ёсць вельмі цікавыя ўстановы спецыяльнай адукацыі, самабытныя, з цудоўным вопытам работы. Увогуле, усе праекты былі арыгінальнымі, ні адзін з іх не паўтарыўся. Гэта паказчык адметнасці, разнастайнасці работы педагогаў, іх інтарэсаў, праблем, з якімі ім даводзіцца сутыкацца і якія яны ўсімі сіламі імкнуцца вырашыць. Тэматыка выступленняў была самай шырокай — ад экалагічнага праекта да тэрыторыі талерантнасці, якая ахоплівае цэлы раён, ад развіцця звязнага маўлення дзяцей сродкамі жывапісу да прафарыентацыйнай работы і жыццеўладкавання асоб як з інтэлектуальнай недастатковасцю, так і з аўтычнымі парушэннямі. Мы даведаліся, як можна дапамагчы ўбачыць святло невідушчаму дзіцяці, пачулі маўленне тых, хто звычайна выкарыстоўвае жэставую гаворку, — дзяцей, якія не чуюць. Мы зразумелі, наколькі важны і неабходны ІКТ для сацыялізацыі і развіцця дзяцей з парушэннем слыху. Упэўніліся ў зацікаўленасці ўстаноў спецыяльнай адукацыі ў развіцці інклюзіўнай адукацыі, у фарміраванні талерантных адносін да асаблівых дзяцей. Нам паказалі арыгінальную інтэрпрэтацыю сістэмнага падыходу ў фармаце нейрапсіхалогіі і тое, як гэты падыход можна прымяніць на практыцы ў рабоце з дзецьмі з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці. Нам прадэманстравалі асаблівасці дзіцяці з аўтызмам і падрабязна расказалі, як яго сацыялізаваць, у тым ліку і сродкамі дадатковай адукацыі. Мы ўбачылі цудоўныя самабытныя дапаможныя школы-інтэрнаты, педагогі якіх расказалі, як яны дапамагаюць сваім выхаванцам у прафесійным самавызначэнні і ў самастойным жыцці. Асабліва мне хочацца адзначыць адзін праект, які быў прадстаўлены на беларускай мове, — гэта праект Ельскай дапаможнай школы-інтэрната. Усе члены журы прыйшлі да высновы, што калектыў гэтай установы паказаў самае лепшае і незвычайнае выступленне на сцэне. І прысвечана яно было нашым вытокам. Ідэя выступлення вельмі цікавая — паказаць дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, якія заняты пошукам сваіх каранёў. Гэта быў моцны і добры пасыл усяму грамадству. Самае галоўнае — аўтары праекта здолелі рэалізаваць сваю задуму на працягу 15 хвілін.
Мы ўбачылі падчас конкурсу дасведчаных, разумных, творчых і вельмі прыгожых педагогаў, кіраўнікоў, якія з гонарам дэманстравалі свае ўстановы. Мы ўбачылі дзяцей не толькі на сцэне, але і праз праекты. Даведаліся, што педагогі вельмі заклапочаны іх лёсамі, а значыць, і лёсам нашай краіны і нават (праз экалагічны праект) лёсам усёй нашай планеты.
Конкурс стаў самым лепшым за апошнія часы мерапрыемствам не толькі сістэмы спецыяльнай адукацыі, але і адукацыі ў цэлым.

Хто стаў лепшым?

Педагогі вельмі грунтоўна падрыхтаваліся да абароны праектаў на сцэне. Кожная каманда прывезла з сабой шмат маляўнічых дэкарацый. Падчас выступлення калектывы дэманстравалі фільмы аб сваіх педагогах, аб іх дасягненнях і поспехах, сучасных адукацыйных тэхналогіях і методыках, якімі яны карыстаюцца, аб інклюзіўных падыходах да навучання і выхавання дзяцей, а таксама аб асаблівасцях і перспектывах развіцця ўстаноў. Выступоўцы свабодна валодалі матэрыялам, які прэзентавалі са сцэны. Яны спявалі, дэкламавалі вершы, танцавалі, разыгрывалі сцэнкі, дэманстравалі ўсе свае мастацкія таленты — былі яркімі, крэатыўнымі, творчымі.
“У конкурсу ёсць пераможцы, а прайграўшых няма, таму што педагогі расказалі пра свой каласальны вопыт, прадэманстравалі той практычны матэрыял, які можна выкарыстоўваць усім педагогам у рабоце з дзецьмі з АПФР”, — адзначыў падчас уручэння ўзнагарод старшыня аргкамітэта конкурсу намеснік міністра адукацыі Васіль Антонавіч Будкевіч.
Усе 12 удзельнікаў фінальных выпрабаванняў былі адзначаны дыпломамі пераможцаў І, ІІ, і ІІІ ступені і каштоўнымі прызамі ў памерах 10, 15 і 30 базавых велічынь адпаведна.

У намінацыі “Лепшая спецыяльная дашкольная ўстанова” узнагароджаны:
* Спецыяльны яслі-сад № 30 для дзяцей з парушэннем зроку Мазыра (Гомельская вобласць) — дыплом І ступені. Адзначаны праект “Жывапіс вывучаем — маўленне і зрок развіваем”. Педагогі ўстановы ствараюць тактыльныя карціны па матывах работ вядомых мастакоў, распрацавалі гульню “Палітра”, з дапамогай якой трэніруюць дзяцей у колераўспрыманні, а таксама адкрылі ў садку майстэрню слова. Карціны дапамагаюць развіваць зрокавае ўспрыманне, знаёмяць з перспектывай, кампазіцыйным планам. Дзеці вучацца складаць па карцінах разгорнутае апавяданне. Педагогі гэтай установы распрацавалі метадычныя матэрыялы, канспекты інтэграваных заняткаў, аўтарскія ЭСН. У наступным навучальным годзе плануюць абнавіць змест твораў мастацтва, якія вывучаюцца, абагаціць іх з дапамогай беларускіх мастакоў і распрацаваць канспекты заняткаў і ЭСН на роднай мове.
* Спецыяльны дзіцячы сад № 17 для дзяцей з парушэннем зроку Пiнска (Брэсцкая вобласць) — дыплом ІІ ступені. Калектыў сада абараніў праект “Музейная педагогіка як інтэграваны дыдактычны сродак пазнавальнага развіцця дашкольнікаў з парушэннем зроку”.
* Спецыяльны яслі-сад Слоніма (Гродзенская вобласць) — дыплом ІІІ ступені. Педагогі выступалі з праектам “Мы ўсе павінны быць разам”, у якім яны расказалі аб рэгіянальным рэсурсным цэнтры па развіцці інклюзіўнай адукацыі, які быў адкрыты на базе ўстановы.

У намінацыі “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа (спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат )” узнагароджаны:
* Шклоўская дзяржаўная спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем зроку (Магілёўская вобласць) — дыплом І ступені. Установа прадстаўляла праект “Фарміраванне пазнавальнай актыўнасці дзяцей малодшага школьнага ўзросту сродкамі адаптыўнай нагляднасці”.
Дзеці з парушэннем зроку адчуваюць значныя цяжкасці ва ўспрыманні навакольнага асяроддзя. Педагогі імкнуцца сфарміраваць у іх уяўленні аб прадметах, абагаціць іх пачуццёвы вопыт, абудзіць жаданне да пазнання навакольнага свету. Толькі тэхнічных сродкаў недастаткова пры навучанні і развіцці пазнавальнай актыўнасці дзіцяці з парушэннем зроку. Неабходны спецыяльны дыдактычны развіццёвы матэрыял. Разам з дзецьмі педагогі пачалі ствараць тактыльныя кнігі — рукатворныя адаптыўныя дапаможнікі з серыі “Нясумная кніжка”, і разам з навучэнцамі гімназіі Шклова прынялі ўдзел у Рэспубліканскай акцыі “Добрая кніга”. Распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па вырабе такіх кніг.
* Мінская абласная дзяржаўная спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху (Мінская вобласць) — дыплом ІІ ступені. Яна агучыла экалагічны праект “Свет, які патрэбен нам” (памяці былога дырэктара школы Віктара Іосіфавіча Гардынца прысвячаецца).
* Рэчыцкая спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху (Гомельская вобласць) — дыплом III ступені. Яна выступала з праектам “Прымяненне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у працэсе прафесійнага самавызначэння выпускніка з парушэннем слыху”.

У намінацыі “Лепшая дапаможная школа (дапаможная школа-інтэрнат)” узнагароджаны:
* Малоткавіцкая дапаможная школа-інтэрнат (Брэсцкая вобласць) — дыплом І ступені. Праект “Стварэнне сістэмы прафесійна-арыентацыйнай работы для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю дапаможных школ (школ-інтэрнатаў) і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Брэсцкай вобласці” на базе рэсурснага цэнтра.
У школе створана сучасная матэрыяльна-тэхнічная база для працоўнага і прафесійнага навучання: ёсць класы паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі па спецыяльнасцях “Тынкоўшчык-маляр”, “Зборшчык мэблі”, “Агароднік, “Садавод і кветкавод”, “Швачка”, “Пчаляр”. Школа супрацоўнічае з установамі агульнай сярэдняй адукацыі. У час канікул педагогі дапаможнай школы запрашаюць дзяцей са звычайных школ да сябе ў лагер працы і адпачынку, дзе тыя спрабуюць сябе ў розных прафесіях. У Малоткавіцкай школе ёсць добрая база і для дадатковай адукацыі. Яе эфектыўнае выкарыстанне дае навучэнцам магчымасць паспрабаваць сябе ў стварэнні ганчарных і керамічных вырабаў, багетных рамак, васковых свечак, пазаймацца ткацтвам, брашураваннем і ламініраваннем друкаванай прадукцыі.
* Ельская дапаможная школа-інтэрнат (Гомельская вобласць) — дыплом ІІ ступені; спецыяльны прыз за адданасць традыцыям ад ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі за праект “Праз роднае слова — да родных вытокаў”.
* Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат (Мінская вобласць) — дыплом ІІІ ступені. Сацыяльны праект “Пуцёўка ў самастойнае жыццё”.

У намінацыі “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі” ўзнагароджаны:
* Слуцкі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі” (Мінская вобласць) — дыплом І ступені. Праект “Адукацыйная прастора — тэрыторыя талерантнасці”.
Каб дапамагчы дзецям з АПФР адчуць сябе паўнацэннымі ў асяроддзі равеснікаў, у мясцовай супольнасці, спецыялісты цэнтра пачалі рэалізацыю праекта, асноўная ідэя якога ў наступным: калі сям’я, дзіцячы сад, школа — уся адукацыйная прастора — стануць тэрыторыяй талерантнасці, то можна будзе зрабіць талерантным і грамадства. На базе цэнтра праводзяцца семінары для кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагогаў і бацькоў. Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і іх бацькоў у раёне арганізоўваюцца фізкультурна-аздараўленчыя, спартыўныя мерапрыемствы, фестывалі мастацкай самадзейнасці, творчыя выставы, конкурсы і акцыі міласэрнасці. Асаблівую ўвагу спецыялісты цэнтра ўдзяляюць тым установам, у якіх ёсць класы (групы) інтэграванага навучання і выхавання. Слуцкі раённы ЦКРНіР дзеліцца вопытам работы па выкарыстанні такога інтэрактыўнага метаду, як форум-тэатр. Ён дапамагае, у прыватнасці, вырашаць канфліктныя сітуацыі, якія ўзнікаюць у класах інтэграванага навучання і выхавання.
У будучыні педагогі цэнтра плануюць распрацаваць і рэалізаваць новую праграму “Горад для ўсіх”.
* Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Партызанскага раёна Мінска — дыплом ІІ ступені. Праект “Рэалізацыя прынцыпу сістэмнасці ў аказанні дапамогі дзецям з функцыянальнымі і арганічнымі парушэннямі ЦНС у рабоце спецыялістаў ЦКРНіР”.
* Гомельскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі” (Гомельская вобласць) — дыплом ІІІ ступені. Праект “Укараненне мадэлі інклюзіўнай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з расстройствам аўтычнага спектра”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.