Сучасныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе

Абласны семінар “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе ўстановы дашкольнай адукацыі” для выхавальнікаў дашкольнай адукацыі адбыўся ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 11 г. Ваўкавыска.

Адкрыла семінар і вызначыла праблемнае поле метадыст цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Абрамчык. Яна звярнула ўвагу на значэнне выкарыстання сучасных педагагічных тэхналогій у адукацыйным працэсе ў павышэнні якасці дашкольнай адукацыі.

Перспектывы адукацыйнай прасторы Ваўкавыскага раёна акрэсліла Ірына Вялесік, загадчык Ваўкавыскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.

Назапашаны досвед па фарміраванні асноў экалагічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту пры дапамозе праектнай дзейнасці прадставіла Данута Лобач, выхавальніца дашкольнай адукацыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Свіслач. Яна падкрэсліла, што метад праектаў арыентуе адукацыйны працэс на выхаванца, яго інтарэсы, жыццёвы вопыт, індывідуальныя здольнасці, вучыць узаемадзеянню і партнёрству.

Выкарыстанне ТРВЗ-тэхналогій для фарміравання ўяўленняў у выхаванцаў дашкольнага ўзросту аб аб’ектах прыроднага свету прадставіла выхавальніца дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 78 г. Гродна Алена Карповіч.

Інеса Енка, педагог-псіхолаг ясляў-сада № 40 г. Ліды, адзначыла важнасць далучэння да адукацыйныга працэсу бацькоў, пазнаёміла прысутных з эфектыўнымі формамі ўзаемадзеяння з бацькамі па фарміраванні дзіцяча-бацькоўскіх адносін на прыкладзе работы папінай і мацярынскай школ на базе ўстановы дашкольнай адукацыі.
Аб выкарыстанні аўтарскіх дыдактычных гульняў для фарміравання асноў бяспекі жыццядзейнасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 г. п. Карэлічы Наталля Скок.

Магчымасці выкарыстання мультымедыйнай прэзентацыі ў спецыяльна арганізавай дзейнасці прадэманстравала Аксана Кондрат, выхавальніца дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 104 г. Гродна.

Майстар-клас з удзельнікамі семінара па фарміраванні логіка-матэматычных уяўленняў у дзяцей дашкольнага ўзросту пры дапамозе вучэбна-гульнёвага дапаможніка “Лагічныя блокі Дз’енеша” прадставіла Валянціна Баброва, выхавальніца дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 31 г. Гродна.

Асаблівую цікавасць удзельнікаў семінара выклікалі адкрытыя прагляды выхавальнікаў дашкольнай адукацыі Алены Ігнатовіч і Таццяны Вішнеўскай — па адукацыйных абласцях вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі “Дзіця і прырода” па тэме “Надзвычайныя якасці магніта” і “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” па тэме “Падарожжа з буслікам”.

Было прадэманстравана спалучэнне сучасных тэхналогій і традыцыйных метадаў.

Удзельнікі семінара адзначылі высокі змястоўны і метадычны ўзровень мерапрыемства, а таксама гатоўнасць выкарыстоўваць атрыманыя веды ў далейшай практычнай дзейнасці.

Ірына ГУБІНА,
метадыст Ваўкавыскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.