Сучасныя ВМК: інтэрактыўныя і канкурэнтаздольныя

Якімі павінны быць сучасныя вучэбна-метадычныя комплексы? Што павінна ўваходзіць у іх? Якое месца адвесці ў структуры ВМК электронным адукацыйным рэсурсам? Як зрабіць іх канкурэнтаздольнымі, адпавядаючымі патрэбам грамадства? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі абмеркаваны на рэспубліканскім семінары “Вучэбна-метадычны комплекс па прадметах прыродазнаўча-навуковага цыкла і матэматыцы ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі”, які прайшоў на базе сталічнай гімназіі № 23 пад старшынствам дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Раісы Станіславаўны Сідарэнка. У семінары прынялі ўдзел вучоныя, метадысты, настаўнікі-практыкі, аўтары вучэбных выданняў. Меркаванні некаторых удзельнікаў мерапрыемства мы прапануем увазе чытачоў.

Яўген Якаўлевіч АРШАНСКІ, прафесар кафедры хіміі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, доктар педагагічных навук:
— Паколькі пытанні тэорыі ВМК распрацаваны дастаткова слаба, дазвольце выказаць сваё аўтарскае бачанне гэтай праблемы. У шырокім разуменні мадэль сучаснага ВМК убірае ў сябе вельмі многа складнікаў. Гэта ўжо не той вучэбна-метадычны комплекс, які ўключаў у сябе стандарт, канцэпцыю, праграму, вучэбныя дапаможнікі і кіраўніцтва для настаўнікаў (хаця ўсё гэта складае касцяк любога ВМК). Асноўнымі рысамі гэтага комплексу з’яўляюцца наяўнасць ядра — асноўнай часткі, інфармацыйны лішак варыятыўнай часткі, адкрытасць і мабільнасць. У мадэлі сучаснага ВМК мэтазгодна вылучаць тры асноўныя кампаненты: нарматыўны, вучэбны і метадычны, якія ў сваю чаргу складаюцца з асноўных, дапаможных і дадатковых элементаў. Так, нарматыўны кампанент па вертыкалі ўключае ў сябе канцэпцыю, адукацыйны стандарт, праграмы вучэбнага прадмета (асноўныя элементы), праграмы факультатыўных заняткаў (дапаможныя элементы) і інструктыўна-метадычныя матэрыялы (дадатковыя элементы). Гэта тая нарматыўная частка, якую атрымлівае настаўнік. Другая частка — вучэбная — тая частка, якой у большай ступені карыстаюцца вучні: падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, рабочыя сшыткі, электронныя ВМК, распрацаваныя НІА, кантрольна-вымяральныя матэрыялы (асноўныя элементы), вучэбныя дапаможнікі для факультатыўных заняткаў (дапаможныя элементы), дадатковая вучэбна-пазнавальная літаратура, энцыклапедыі, часопісы і г.д. (дадатковыя элементы). Метадычная частка ўключае ў сябе каляндарна-тэматычнае планаванне, якое мае рэкамендацыйны характар, дапаможнікі для настаўнікаў (асноўныя элементы), праграмы правядзення факультатыўных заняткаў, дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў, рэкамендацыі па выкарыстанні электронных сродкаў навучання і наглядныя дапаможнікі (дапаможныя элементы), навукова-метадычныя часопісы, педагагічныя газеты, разнастайныя матэрыялы для педагогаў (дадатковыя элементы). Такі вось ВМК уяўляецца дастаткова шырокім. У яго мадэлі знайшлося месца таму, што зроблена зараз і што будзе ў перспектыве.
Мяркую, што школьны падручнік сёння не можа разглядацца як крыніца ведаў, ён павінен перш за ўсё разглядацца як крыніца фарміравання навыкаў самастойнай работы. Адсюль цэлы комплекс функцый падручніка. Сёння яго трэба разглядаць як вучэбную сістэму, якая кіруе дзейнасцю настаўніка і навучэнцаў (пра гэта гаворыць большасць дыдактаў). Натуральна, мэта навучання вызначае прадметны змест дапаможніка, які ў сваю чаргу вызначае і метады навучання, і сродкі, і ў пэўнай ступені арганізуе вучэбную дзейнасць навучэнцаў. Асноўныя ідэі пабудовы інавацыйнага падручніка — па-першае, уключэнне ў падручнік не проста асноў адпаведнай навукі, а яе найбольш важных складнікаў. Тут прамы выхад на спалучэнне прынцыпаў навуковасці і даступнасці. Па-другое, разумныя суадносіны тэарэтычнага і фактычнага матэрыялу. Гэта найбольш складаная праблема прадметных дыдактык: калі ўзмацняецца тэарэтычны матэрыял, то падручнік пераўтвараецца ў догму, калі ўзмацняецца фактаж, то падручнік набывае апісальны характар, пакутуе фарміраванне сістэмнага мыслення навучэнца. Па-трэцяе, шырокая апора на міжпрадметныя сувязі (ліквідацыя дубліравання вучэбнага матэрыялу і прадукцыйны дыялог методык прадметнага навучання). Па-чацвёртае, змяненне формы выкладання вучэбнага матэрыялу. Сучасны падручнік у некаторай ступені павінен папулярызаваць вучэбны матэрыял, узмацняць яго займальнасць. Па-пятае, прад’яўленне падручніка як метадычнага дапаможніка для навучэнцаў у напрамку пошуку новых ведаў. Падручнік павінен быць арыентаваны не на нейкую ўсярэдненую асобу, а ствараць аснову для рэалізацыі дыферэнцыраванага навучання (як у самім тэксце, так і праз сістэму заданняў).

Ірына Мікалаеўна ВАСІЛЬЕВА, начальнік упраўлення інфармацыйных адукацыйных тэхналогій Нацыянальнага інстытута адукацыі:
— Сёння ў цэлым меркаванне педагагічнай грамадскасці адзінае: ВМК павінен адпавядаць сучасным патрабаванням, быць гнуткім, каб своечасова абнаўляцца, мець магчымасці для настройкі на розны ўзровень рэсурснага забеспячэння ўстановы і на індывідуальны выбар адукацыйнай траекторыі навучэнцаў. Аднак да сённяшняга часу няма адзінага меркавання наконт таго, што ж па сваёй сутнасці павінен уяўляць інтэрактыўны ВМК. З аднаго боку, прадстаўнікі класічнага падыходу мяркуюць, што менавіта друкаваны падручнік павінен стаць сродкам падрыхтоўкі навучэнца. Гэты падручнік можа быць пашыраны пэўнымі лічбавымі рэсурсамі, якія былі б размешчаны ў адным месцы. Зараз складана сказаць, дзе тое самае месца. Гэта дыск, які ўкладваецца ў падручнік, ці гэта, напрыклад, пэўнае віртуальнае сховішча — адукацыйнае воблака, якое першапачаткова закладзена ў канцэпцыі інфарматызацыі адукацыі. Гэтае адукацыйнае воблака сёння педагогам проста неабходна. Таму мы імкнёмся зрабіць яго на нацыянальным адукацыйным партале сваімі сіламі. Творчыя педагогі могуць пасупрацоўнічаць з намі! Прадугледжваецца, што гэтае адукацыйнае воблака будзе змяшчаць у сабе цэнтр апрацоўкі даных, дзе будуць знаходзіцца праграмныя прадукты па вучэбных прадметах. Прычым для работы з імі не спатрэбіцца інтэрнэт, бо ацаніць глыбіню, ступень праўдзівасці матэрыялаў у інтэрнэце можа не кожны.
З іншага боку, прадстаўнікі інавацыйнай адукацыі лічаць, што ў век распаўсюджання інтэрнэту і інфарматызацыі адукацыйнай прасторы неабходнасць у традыцыйным падручніку адпала натуральным чынам. Сучаснаму вучню замест падручніка неабходны комплекс электронных рэсурсаў, які змяшчае як энцыклапедычную інфармацыю, так і трэнажоры — г.зн. комплекс пазнавальных матэрыялаў, заданняў, практыкаванняў, якія стымулююць самаадукацыйную дзейнасць навучэнцаў і садзейнічаюць фарміраванню прадметных ведаў, уменняў і навыкаў. Узнікае пытанне: на якім устройстве павінен узнаўляцца гэты сучасны вучэбна-метадычны сродак. Безумоўна, не на рыдары. Таму што ўся дыдактычная каштоўнасць інтэрактыву адразу ж знікае. Патрэбны сучасны сродак — планшэтны камп’ютар, ноўтбук.
Фарміраванне ВМК новага пакалення магчыма ажыццяўляць двума шляхамі. З аднаго боку, будзе адбывацца развіццё існуючых нялічбавых ВМК за кошт іх пашырэння наборамі інфармацыйных адукацыйных рэсурсаў. Эфектыўнае выкарыстанне магчымасцей ІКТ шырокім колам настаўнікаў, які працуюць па пэўных падручніках, магчыма толькі тады, калі лічбавыя носьбіты дакладна прывязаны да гэтых падручнікаў. З іншага боку, магчыма стварэнне інавацыйных ВМК. Яны павінны быць пабудаваны на новых педагагічных тэхналогіях, на дзейсным падыходзе, фарміраванні новых кампетэнцый і арыентаваны на новыя формы прадстаўлення вучэбнага матэрыялу, арганізацыі педагагічнага працэсу. Такія інавацыйныя комплексы прызначаны для творчага настаўніка, здольнага самастойна будаваць працэс навучання. Важным прынцыпам стварэння ВМК павінна стаць адкрытасць, якая прадугледжвае магчымасць выкарыстання іх рэсурсаў у матэрыялах, што ствараюцца настаўнікам і навучэнцамі, магчымасць распрацоўкі з дапамогай інструментаў ВМК новых рэсурсаў, якія пашыраць гэты комплекс, і г.д.
На маю думку, сёння ў аснове адукацыйнага працэсу павінен быць пастаўлены падручнік на друкаванай аснове, які б быў распрацаваны па аналогіі з падручнікам-навігатарам, што створаны ў Расіі і ў якім прадстаўлены параграфы з адпаведнымі гіперспасылкамі, значкамі, што адсылаюць на электронны дыск — дадатак да падручніка. На гэтым дыску засяроджана ўсё, што навучэнцу трэба паглядзець, паслухаць, выканаць. Мяркую, трэба думаць пра тое, якім чынам зрабіць друкаванае выданне сучасным, інтэрактыўным і цікавым не толькі для вучня, але і для педагога.

Ірына Віктараўна БАГАЧОВА, начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:
— АПА валодае ўнікальным рэсурсам — педагогамі. У нас у рэспубліцы творчых актыўных педагогаў дастаткова многа. І ў іх ёсць чаму павучыцца. Клуб “Крыштальны журавель” налічвае 54 удзельнікі і пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў педагагічнага майстэрства розных гадоў. Новую кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” атрымаў ужо 101 педагог. Гэтыя настаўнікі гатовы вучыць адно аднаго і іншых. І ў нас праходзяць курсы і семінары, дзе адны практыкі вучаць другіх. Напрыклад, зусім нядаўна настаўнік замежнай мовы вучыў настаўнікаў геаграфіі распрацоўваць уласныя сродкі для інтэрактыўнай дошкі. Давайце супрацоўнічаць з настаўнікамі! Супрацоўнічаць на ўзроўні аўтарскіх калектываў. Раней на семінарах, курсах у нас была практыка абмеркавання настаўнікамі падручнікаў, якія яшчэ не былі выдадзены і толькі рыхтаваліся да друку. Педагогі-практыкі ўносілі свае прапановы, карэкціравалі, шчыльна працавалі з аўтарамі. Мы гатовы і ў далейшым супрацоўнічаць такім чынам. Мяркую, гэта было б прадукцыйна і пазітыўна.
Лічу, галоўны носьбіт зместу не падручнік, а настаўнік, бо змест — гэта не толькі інфармацыя, але і вопыт дзейнасці, эмацыянальна-каштоўнасных адносін. І таму тое, як працуе настаўнік і які ў яго арсенал метадаў і прыёмаў навучання, таксама ўплывае на якасць вучэбна-метадычнага комплексу.
Толькі што завяршыўся завочны конкурс метадычных распрацовак урокаў, дзе мы атрымалі каля 1000 урокаў педагогаў па розных прадметах. І, на жаль, 99% распрацовак — урокі, дзе няма дзейнасці дзяцей. Ёсць тэкст падручніка ці аўтарскі тэкст настаўніка, але не адлюстравана, што ў гэты час робяць дзеці. І вось праблема арганізацыі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, яе арыенціровачная аснова, арганізацыя рознаўзроўневага навучання, стварэнне ўмоў для развіцця творчых здольнасцей, эмацыянальна-каштоўнасных адносін — гэта тая частка ВМК, якая павінна быць абавязкова адлюстравана. Гэта можа быць пэўны дапаможнік для настаўнікаў. У Расіі вельмі папулярныя рабочыя сшыткі для педагогаў. Але мы “задыхаемся” без сучаснай методыкі выкладання прадметаў. Калі б у нас былі такая методыка і інструментарый і нам прапісалі, якія кампетэнцыі павінен асвоіць вучань пры вывучэнні той ці іншай тэмы, то ў нас бы знайшліся граматныя біёлагі, хімікі, фізікі, якія б гэта зрабілі.
Я больш за 20 гадоў працую ў секцыі НІА па грыфаванні вучэбнай літаратуры і думаю, што неабходна экспертыза падручнікаў не толькі прадметная, але і дыдактычная. Як гэта робіцца, напрыклад, у Расіі. Гэты аспект, на жаль, у нас адсутнічае, і тут мы натыкаемся на тыя праблемы ў галіне якасці падручнікаў, за якія нас крытыкуюць.
Наспела неабходнасць сёння абмеркаваць канцэпцыю профільнай адукацыі. Даследчы падыход, праектнае, праблемнае навучанне, арганізацыя вучэбнага ўзаемадзеяння навучэнцаў абсалютна не праглядаюцца ў нашых ВМК. Спадзяюся, што гэта пачатак вялікай карпатлівай работы.

Эла Мікалаеўна ЯКУБОЎСКАЯ, настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна Мінскай вобласці, настаўнік-метадыст:
— Задача сучаснай адукацыйнай сістэмы — не нашпігаваць вучня фундаментальнымі ведамі, большасць з якіх ніколі не будзе запатрабавана ім, а сфарміраваць навыкі паспяховай сацыяльнай адаптацыі і здольнасць да самаадукацыі. Гэта асабліва важна ва ўмовах, калі ідзе хуткая змена інфармацыі і традыцыйныя падручнікі проста не могуць адлюстроўваць змены, якія адбываюцца. Адсюль і новыя адносіны да падручніка — як навігатара атрымання ведаў. Калі гаварыць пра вучэбныя дапаможнікі па фізіцы, то, на маю думку, яны павінны адпавядаць патрэбам як настаўніка, так і навучэнца. І для старшых класаў, на мой погляд, павінны быць асобныя падручнікі для базавага і профільнага ўзроўню. І справа не ў аб’ёмах матэрыялу. Пры выкладанні на профільным узроўні вялікая ўвага павінна ўдзяляцца фарміраванню ў школьнікаў фізічных паняццяў на аснове назіранняў фізічных з’яў, выкананню навучэнцамі самастойных доследаў і эксперыментаў з наступным аналізам іх вынікаў і развіццю ўменняў прымяняць на практыцы тэарэтычныя веды, якія атрыманы на ўроку. Мова дапаможніка для профільных класаў больш складаная. Дзеці ў профільных класах больш матываваныя, таму гатовыя да чытання вялікіх тэкстаў і далейшага іх прымянення. Пры вывучэнні фізікі на базавым узроўні аб складаных рэчах трэба гаварыць простай і даступнай мовай. Трэба імкнуцца да спрашчэння, але не прымітывізацыі. Больш паказваць сувязь фізікі з іншымі галінамі чалавечай дзейнасці, шматлікімі прыкладамі прымянення фізічных законаў для тлумачэння з’яў прыроды, рэалізацыі фізічных ідэй у канкрэтных прыборах і ўстройствах. І зборнікі задач таксама павінны быць рознымі. У профільных класах няма неабходнасці рашаць задачы першага і другога ўзроўню ў вялікай колькасці. З гэтага года колькасць зборнікаў павялічылася, з’явіліся ў рэшце рэшт тыя, якія можна выкарыстоўваць у класах фізіка-матэматычнага профілю без дадатковага прыцягнення двух-трох зборнікаў паралельна. На жаль, якасць зборнікаў, якія выдаюцца, вымушае жадаць лепшага. Разлічаныя для выкарыстання на працягу як мінімум трох гадоў, яны распадаюцца ўжо праз месяц актыўнага карыстання. Магчыма, будуць створаны падручнікі, прыдатныя для работы ў некалькіх профілях — у класах з рознымі мэтамі навучання і розным узроўнем падрыхтоўкі навучэнцаў. Работа па такіх падручніках можа весціся па кожным профілі на сваім узроўні. Але, на маю думку, гэта несумненна адаб’ецца на аб’ёме падручніка. І да таго ж дробны шры фт не заўсёды хочацца чытаць дзецям. Мне як настаўніку фізікі хацелася б мець гатовыя камп’ютарныя праграмныя прадукты. Гаворка ідзе не аб прэзентацыях, якіх хапае на прасторы інтэрнэту па любых тэмах і любога ўзроўню. Мультымедыйныя сродкі ў большасці сваёй распрацаваны і прадстаўлены расійскімі распрацоўшчыкамі, і анатаваны каталог электронных адукацыйных рэсурсаў па фізіцы, прадстаўлены на нацыянальным адукацыйным партале, задавальняе запыты любога ўзроўню. Я маю на ўвазе недахоп кантрольна-дыягнастычных і інтэрактыўных электронных матэрыялаў: на гэты момант рэкамендаваныя электронныя сродкі навучання галіновага фонду праграмных сродкаў ГІАЦ у рэсурсных цэнтрах аддзелаў адукацыі проста адсутнічаюць.
Распрацовак педагогаў, якія перамаглі на конкурсе “КАІ”, паступае ў аддзелы адукацыі вельмі мала альбо іх там няма зусім. Так, зараз адбыліся пазітыўныя зрухі, і праекты-пераможцы апошніх трох гадоў прадстаўлены на партале НІА. Імі можна карыстацца, але інфармацыя пра іх павінна быць прадстаўлена шырэй, напрыклад, на курсах павышэння кваліфікацыі, на сайтах абласных інстытутаў.
Заданні для інтэрактыўнай дошкі павінны таксама быць прадстаўлены ў медыятэцы ў гатовым выглядзе. Я не выдумляю задачы, а падбіраю іх з розных зборнікаў. Гэтак жа павінна быць з матэрыялам для інтэрактыўнай дошкі. Але інтэрактыўныя матэрыялы зараз настаўнік распрацоўвае сам. І часу на гэта затрачваецца вельмі шмат. Падрыхтоўка да ўрока перарастае ў вечар стварэння задання да інтэрактыўнай дошкі.
Часта даводзіцца чуць скаргі, што без настаўніка навучэнцу цяжка разабрацца самастойна з вучэбным матэрыялам. Так, такое ёсць. Некаторыя дзеці выязджаюць у санаторыі, аздараўленчыя летнікі, дзе не заўсёды праводзяцца вучэбныя заняткі, ды і проста хварэюць, і таму яны надоўга выпадаюць з вучэбнага працэсу. Таму ВМК па фізіцы павінна быць прыгодным для самаадукацыі навучэнцаў.
Асобна хочу закрануць пытанне азнаямлення навучэнцаў з сучаснымі дасягненнямі навукі і тэхнікі, з укладам у развіццё навукі і тэхнікі беларускіх вучоных. Абмежаванасць аб’ёму падручніка патрабуе сцісласці выкладання, патрэбны медыядадаткі. Пагаджуся, што гэты матэрыял можна знайсці ў інтэрнэце. Але, па вялікім рахунку, інтэрнэт — гэта вялікая звалка, на якой можна знайсці ўсё што заўгодна. Вучань мае права выкарыстоўваць розныя шляхі атрымання інфармацыі, але знайсці і ацаніць дакладнасць неабходнай інфармацыі — гэта частка медыяграматнасці, якую мы таксама павінны фарміраваць. Падручнік у гэтых адносінах павінен валодаць бясспрэчным аўтарытэтам. Я разумею, што школьніка больш цікавіць навіна з інтэрнэту, а не параграф падручніка. У падручнік не змесціш усе магчымыя навіны. Магчыма, на адукацыйным партале варта зрабіць дадатак накшталт медыякомпаса, як у шведскіх калег, дзе для настаўнікаў будзе прапанавана актуальная інфармацыя і гатовыя метады і прыёмы яе выкарыстання для выкладання розных прадметаў.
Навучанне фізіцы ў школе ў многім залежыць ад узроўню падрыхтоўкі педагагічных кадраў у сістэме вышэйшай адукацыі. На жаль, апошнія наборы студэнтаў пакідаюць жадаць лепшага. І калі я чую меркаванне, што фізіка — нецікавая, складаная, цяжкая, то вельмі часта прычына далёка не ў падручніках і не ў аснашчанасці кабінетаў. Таму актуальна і неабходна выданне дыдактычных сцэнарыяў урокаў па ўсім курсе фізікі. Маладому спецыялісту неабходны гатовыя мадэлі ўрокаў, на якіх рэалізуецца дзейсны падыход у навучанні. Калі гаварыць пра профільнае навучанне, то асобна павінна быць падрыхтоўка да выкладання прадмета на профільным узроўні.

Сяргей Уладзіміравіч АБЕРГАН, настаўнік хіміі сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці, член клуба “Крыштальны журавель”:
— Вучэбна-метадычны комплекс ствараецца з мэтай эфектыўнай арганізацыі розных вучэбных і іншых відаў дзейнасці, павінен утрымліваць лагічна пабудаваныя і адначасова даступныя для разумення сродкі навучання. Вядучая роля сёння адводзіцца памяншэнню аб’ёму падачы пры максімальнай насычанасці інфармацыі, г.зн. ВМК прадстаўляецца як шматкампанентная сістэма, якая прадугледжвае канкрэтную адпаведнасць агульнадыдактычным прынцыпам. У 7—11 класах, дзе выкладаецца хімія, складнікі дзеючага ВМК можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі: тэкставыя кампаненты, якія ўяўляюць сабой падручнікі, зборнікі задач, разнастайныя дапаможнікі для настаўнікаў, дыдактычныя матэрыялы і г.д. і ЭСН. Як паказвае практыка, усе складнікі першай групы лагічна дапаўняюць адно аднаго і маюць фактычна поўны пералік неабходнага для паспяховага засваенння вучэбнай праграмы па прадмеце. Некалькі іншае і неадназначнае ўражанне складваецца пры аналізе ЭСН. На сёння гэта электронная прадукцыя кампаніі “ІНІС-СОФТ”: “Хімія”, 7—11 класы, “Хімічны практыкум” і “Хімія. 10 клас. Металы і неметалы”, якія працуюць у праграмных комплексах “Знак” і “Школьны настаўнік”. Выкарыстоўваюцца і іншыя прадукты: “Майстар-клас настаўніка хіміі” фірмы “Глобус”, вучэбнае электроннае выданне “Віртуальная лабараторыя”, праграма “1С: рэпетытар”. Яшчэ карыстаецца папулярнасцю ў настаўнікаў хіміі электронны зборнік задач, які быў зроблены напрыканцы 90-х. Аднак хуткасць развіцця камп’ютарных тэхналогій аказваецца на самай справе значна вышэйшай, чым хуткасць абнаўлення электронных кампанентаў ВМК. І ў рабочай скарбонцы многіх перадавых педагогаў з’яўляюцца ўсё новыя праграмы, электронныя дапаможнікі, інавацыйныя комплексы як расійскага паходжання, так і створаныя ў іншых краінах, таму часта англамоўныя. Умоўна ўсе праграмныя комплексы і электронныя кампаненты можна падзяліць на некалькі груп: хімічныя калькулятары (праграмы для распрацоўкі каэфіцыентаў ва ўраўненнях хімічных рэакцый), электронныя перыядычныя сістэмы хімічных элементаў (дазваляюць атрымліваць вычарпальную інфармацыю аб хімічных элементах), рэдактары формул і трохмернай хімічнай графікі (вельмі цікавыя праграмы, якія падабаюцца школьнікам, дазваляюць мадэляваць не толькі трохмерныя структуры, але і ствараць слайд-фільмы і дыяфільмы), электронныя даведнікі і памочнікі (хімічныя праграмы, якія прызначаны для розных разлікаў). Гэта адна невялікая частка хімічных праграм. Іх разнастайнасць дае магчымасць настаўніку падабраць менавіта тыя, якія яму неабходны ў вучэбнай дзейнасці, зразумелыя і даступныя, у іх нескладаны інтэрфейс, і знайсці іх на адпаведных рэсурсах проста. Так, у школьным курсе хіміі 9 класа ў раздзеле “Вуглевадароды” прадугледжаны лабараторны вопыт “Выраб шарастрыжнёвых малекул вуглевадароду”, падобная работа ёсць і ў 10 класе. І калі гэтая работа для дзевяцікласнікаў уяўляе пэўную цікавасць, то ў 10 класа не вельмі вітаецца навучэнцамі. У выніку прымянення праграмы “Авагадра” вучні з задавальненнем выконваюць работу. Камп’ютарнае мадэляванне адрозніваецца даступнасцю, зразумеласцю, некалькімі рэжымамі нагляднасці. Ці яшчэ адзін прыклад: адна з балючых тэм хіміі — навучанне школьнікаў правільнасці расстаўлення каэфіцыентаў метадам электроннага балансу. Ёсць праграмы, якія дазваляюць навучыць школьнікаў гэта рабіць. Вынікам работы з гэтымі праграмамі з’яўляюцца высокія адзнакі на праверачных работах і добры ўзровень засваення тэмы. І падобных прыкладаў выкарыстання ЭСН можна прыводзіць шмат. Таму, лічу, спецыялістам неабходна дэталёва вывучыць і рэкамендаваць падобныя праграмы як лагічнае дапаўненне да існуючых ВМК. І яшчэ адна прапанова. Зараз практычна ўсе школьнікі карыстаюцца планшэтнымі камп’ютарамі. У залежнасці ад віду аперацыйнай сістэмы нават тыя праграмы, якія рэкамендаваны да выкарыстання, не з’яўляюцца аптымальнымі на найноўшых сістэмах. Ёсць сэнс перавесці частку існуючых хімічных праграм у патрэбны фармат. Чым больш іх будзе, тым правільней будзе прымяненне смартфонаў і планшэтаў.

***

Семінар стаў першай ластаўкай у абмеркаванні праблемы распрацоўкі сучасных вучэбна-метадычных комплексаў ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі, бо сапраўды ВМК з’яўляецца важнейшым інструментам пераўтварэння школьнага асяроддзя, своеасаблівым рычагом яго мадэрнізацыі. Вось толькі магчыма гэта ў выпадку гатоўнасці і зацікаўленасці ў гэтым педагогаў — як вучоных, так і практыкаў, дзяцей, адміністрацыі школы і іх бацькоў, паколькі патрабуе фінансавых выдаткаў, часу, інтэлектуальных намаганняў.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара і з уласных архіваў педагогаў.