“Сучасныя вучні неабыякавыя да этнаграфіі, іх трэба проста зацікавіць”

Не верце, што сучасная моладзь, асабліва гарадская, не цікавіцца этнаграфіяй, традыцыйнай матэрыяльнай культурай. “Калі не цікавіцца, значыць не зацікавілі”, — лічыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 25 Мінска Аліна Казіміраўна Пахвалёная. Каб пераканацца ў гэтых словах, дастаткова пяці, а то і адной мінуты гутаркі з энергічнай, эмацыянальнай, апантанай Алінай Казіміраўнай. З намі ж настаўніца будзе дзяліцца вопытам цэлую гадзіну! Ды дзе! У адным з найлепшых музеяў устаноў адукацыі краіны — народным гісторыка-краязнаўчым музеі “Невычэрпная крыніца гісторыі”.

Педагогаў-краязнаўцаў часта характарызуюць як людзей апантаных, неабыякавых, улюбёных у сваю справу і родны край. У адносінах да нашай гераіні гэтых праўдзівых слоў будзе недастаткова. Лепш гаварыць так: адна з самых апантаных, адна з самых неабыякавых, адна з самых улюбёных у краязнаўства настаўніц. Калі не самая… Той, каму хоць раз даводзілася сустракацца з Алінай Казіміраўнай, ніколі не забудзе яе энергічнасці, эмацыянальнасці. Уся яе душа і цела літаральна гараць краязнаўчай справай. Побач з ёй ніколі не паверыш, што сённяшніх навучэнцаў нічога, акрамя гаджэтаў, не цікавіць. Нават бацькі, якім сярод штодзённых клопатаў рэдка выпадае магчымасць азнаёміцца з прадметамі побыту продкаў, пераступіўшы парог музея, гэтак жа, як і іх дзеці, захоплена гавораць: “Ух, якая прыгажосць!”

“Ці зацікавяцца вучні традыцыйнай матэрыяльнай культурай нашага народа, залежыць ад іх знаёмства з этнаграфічнай экс­пазіцыяй, ад якасці правядзення першай экскурсіі. Яна павінна быць не проста цікавай, а жывой, нестандартнай, адпавядац­ь узросту наведвальнікаў. І тут, канечне, настаўнік павінен быць артыстам, як, дарэчы, і яго памочнікі — юныя экскурсаводы, — адзначыла Аліна Казіміраўна. — Наша экскурсія пачынаецца так: “Дзеткі, да нас прыйшла незвычайная пасылка. Давайце пагля­дзім, што там”. Адкрываю пасылку, а там пісьмо, якое нібыта даслала бабуля Глафіра і ў якім паведамляе, што ў яе на гарышчы вельмі шмат розных рэчаў. Яны звалены абы-як, запылены. І гэтыя рэчы бабуля можа падарыц­ь вучням. Аднак перад гэтым дзеці павінны скласці пазлы, адгадаць, што гэта за рэчы. Дзеці ўжо зацікаўлены! Потым прапаноўваю ім завітаць у музей з анучкамі. Адразу ж гу­чыць здзіўленае пытанне: “Чаму з анучкамі?” А таму, гавару, што ў музеі ляжыц­ь пыл стагоддзяў і гэты пыл нам трэба разам выцерці. На наступны дзень прыхо­дзяць усе і нават прыводзяць на музейны суботнік бацькоў”.

Так дзеці паступова знаёмяцца з цудоўным светам этнаграфіі. Падчас незвычайнага суботніка ім прапануецца не толькі пазбавіць экспанаты ад пылу стагоддзяў, але і адгадаць загадкі. Напрыклад: “Ён драўляны, невялізны, вельмі зручны для рукі, памагае мыць бялізну ля азерца ці ракі”. Здагадаліся? Гэта пранік. Па словах Аліны Казіміраўны, цяперашнія вучні чакаюць не проста экскурсію-аповед, а экскурсію-свята. Таму выступленне экскурсавода, як снежны камяк, павінна абрастаць прыказкамі, прымаўкамі, загадкамі пра колішнія прадметы побыту, інтэрактывам, гульнямі, у экскурсіі павінен быць незвычайны пачатак і не менш яркае заканчэнне. Некалькі такіх экскурсій — і дзеці самі выказваюць жаданне стаць экскурсаводамі, расказваць сваім таварышам і пра біклагі, і пра збаны, і пра глечыкі, і пра кросны.

“Важна не толькі зацікавіць этнаграфіяй, але і падтрымліваць гэтую цікавасць. Дзеля гэтага я з дзецьмі і навуковыя работы пішу, і ў экспедыцыі езджу, і ў паходы адпраўляюся, і сустракаюся са старажыламі”.

“Для мяне кожны вучань — патэнцыяльны экскурсавод. Нават тыя дзеці, якія напачатку баяцца аўдыторыі, не маюць добрай дыкцыі, праз пэўны час могуць стаць выдатнымі апавядальнікамі. Сёння ён нясмела гаворыць, саромеецца, апускае вочы, а заўтра ён будзе ўпэўнена глядзець на людзей, усміхацца. Зацікавіць дзяцей насамрэч вельмі проста: іх трэба хваліць. Я абавязкова гавару хлопчыкам і дзяўчынкам, што кожны з іх таленавіты і гэты талент трэба развіць. Вы, дзеці, сёння цудоўна выступаеце, вочкі вашы гараць, вам цікава. Ваша маленькая экскурсія некалі стане большай, потым вы выступіце перад класамі, у актавай зале, перад бацькамі. А як, дзеці, бацькі вамі ганарацца, вы ж ведаеце пра экспанаты больш, чым яны! Сучасныя вучні неабыякавыя да этнаграфіі, іх трэба проста зацікавіць. Важна не толькі зацікавіць этнаграфіяй, але і падтрымліваць гэтую цікавасць. Дзеля гэтага я з дзецьмі і навуковыя работы пішу, і ў экспедыцыі езджу, і ў паходы адпраўляюся, і сустракаюся са старажыламі”, — падзялілася настаўніца.

Любімым для Аліны Казіміраўны метадам фарміравання ў дзяцей цікавасці да этнаграфіі з’яўляецца ролевая гульня. Яна право­дзіцца і з бацькамі вучняў. Гэта са­праўднае сямейнае этнаграфічнае свята. Татам і мамам прапаноўваецца выбраць гаспадара і гаспадыню музея і паказаць, як раней, напрыклад, узбівалі масла або падавалі і прымалі з печы чыгункі. Смех, цудоўны настрой… Тое, што трэба, каб зацікавіць дзяцей і дарослых нашай багатай этнаграфічнай спадчынай!

“Людзі зразумелі каштоўнасць традыцыйных біклаг, збаноў і актыўна ствараюць этнаграфічныя куткі ў дамах бацькоў і дзядоў, на лецішчах. І гэта цудоўна!”

У музеі 25-й сталічнай гімназіі чапаць экс­панаты рукамі не тое што дазваляецца, а нават вітаецца. Дарэчы, экспанаты могуц­ь размаўляць. Канечне, вобразна, аднак экскурсія ад гэтага атрымліваецца надзвычай цікавай. Напрыклад, яна можа праводзіцца ў форме дыялогу колішніх прадметаў побыту, як сялянскіх (бандарныя, ганчарныя вырабы), так і гарадскіх (стары фотаапарат, швейная машынка, патэфон). Экспанаты нібыта спрачаюцца, хто з іх лепшы, хто больш патрэбны для чалавека. У самым канцы экскурсавод робіць выснову, што ўсе музейныя прадметы адыгрывалі важную ролю, у кожнага было сваё прызначэнне.

З асаблівасцямі гэтага прызначэння госці могуць азнаёміцца як праз аповед экскурсавода, так і з дапамогай гаджэтаў. Для гэтага дастаткова счытаць адпаведныя QR-коды, распрацаваныя Алінай Казіміраўнай разам з настаўніцай інфарматыкі Марынай Юр’еўнай Сімаковай. Больш за 4 тысячы прадметаў захоўваецца ў фондах музея, а зала для іх размяшчэння ўсяго адна, не з усімі прадметамі наведвальнікі могуць азнаёміцца, таму, канечне, узнікла пытанне пра стварэнне віртуальнай музейнай прасторы. Былі адлічбаваны найбольш цікавыя экспанаты. Знаёмства з імі часта адбываецца на музейных хвілінках урокаў інфарматыкі. Вучням прапаноўваецца распазнаць прадметы традыцыйнага беларускага побыту, пры вывучэнні графічнага рэдактара стварыць тэматычныя малюнкі, аб’яднаныя тэмай пра родны край. Дома дзеці расказваюць пра захапляючыя моманты ўрока, бацькі таксама пачына­юць цікавіцца, далучаюцца да работы музея. Ствараюцца прэзентацыі, відэафільмы. На сайце гімназіі з’явілася старонка музея, а з часам створаны і сайт музея. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, было распрацавана 17 электронных экспазіцый. Сярод іх — “Мастацтва гліны і агню”, якая знаёміць з ганчарнай справай, “Лён і апрацоўка льну”, якая дазва­ляе акунуцца ў гісторыю апрацоўкі найважнейшай для Беларусі агракультуры. Сумесная творчая дзейнасц­ь па распрацоўцы віртуальнай музейнай прасторы садзейнічае фарміраванню ў настаўнікаў, вучняў, бацькоў не толькі камунікатыўных і медыйных кампетэнцый, але і матывуе на вывучэнне традыцыйнай матэрыяльнай культуры.

“У далёкім 1987 го­дзе я правяла з вучнямі першую фальклорна-этнаграфічную экспе­дыцыю на маю малую радзіму ў Нясвіжскі раён. Тады было сабрана каля 500 экспанатаў. Цяпер мы наўрадці збяром дзясятак. І справа не ў тым, што прадметаў ранейшага побыту не засталося ў вёсках. Іх шмат, проста людзі зразумелі каштоўнасць традыцыйных біклаг, збаноў і актыўна ствараюць этнаграфічныя куткі ў дамах бацькоў і дзядоў, на лецішчах. І гэта цудоўна!” — падзялілася Аліна Казіміраўна.

Найбольш каштоўныя прадметы ў музеі 25-й гімназіі — гэта ручнікі са знакамітай вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна. Адзін з іх падораны ткачыхай Ганнай Сцяпанаўнай Суглоб. Гэты ручнік калісьці вісеў у царкве на іконе, каля якой Ганна Сцяпанаўна малілася за свайго сына, што праходзіў службу ў Афганістане. “Мы гэты ручнік вельмі шануем, бо ён, вобразна кажучы, сатканы з малітваў маці. З некаторымі экспанатамі звязаны настолькі цікавыя гісторыі, што, калі іх слухаеш або расказваеш гэтыя гісторыі гасцям, нават дрыжыкі бягуць па целе”, — адзначыла настаўніца.

Усяго адну гадзіну Аліна Казіміраўна дзялілася сваім багатым вопытам далучэння навучэнцаў да дзівоснага свету этнаграфіі, але гэтая гадзіна была настолькі насычанай і яркай, настолькі эмацыянальным быў аповед кіраўніка народнага музея, што склалася адчуванне, быццам ты наведаў рэспубліканскі семінар і пачуў вычарпальны адказ на пытанне: “Ці лёгка зацікавіць сучасных дзяцей нашай багатай этнаграфічнай спадчынай?”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.