Сугучча творчасці і прафесіяналізму

Набліжаецца канец навучальнага года. Гэта час падводзіць вынікі праведзенай работы. У сістэме прафесійнай адукацыі Міншчыны своеасаблівым падвядзеннем вынікаў стаў конкурс “Лепшы навучэнец установы прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці”. Канечне, конкурс — не тое ж самае, што справаздачы і статыстыка. Але ён даволі поўна адлюстроўвае цэласную карціну і паказвае, што ў сістэме прафадукацыі вучацца таленавітыя юнакі і дзяўчаты, якія могуць ганарыцца поспехамі ў вучобе, прафесійным майстэрстве, інавацыйнай, даследчай і грамадскай дзейнасці.

Сёння задача ўстановы прафесійнай адукацыі не проста даць навучэнцу навыкі выканання пэўнага набору аперацый, а выхаваць асобу, здольную творча мысліць і прымаць рашэнні. Менавіта ў такім рэчышчы арганізоўваецца вучэбны працэс і выхаваўчая работа. Таму сучасныя навучэнцы каледжаў і ліцэяў не толькі вучацца, але і генерыру­юць цікавыя ідэі, рэалізуюць маштабныя ініцыятывы. Яны развіваюцца ўсебакова, у іх шырокае кола інтарэсаў. Пра гэта сведчыць колькасць намінацый конкурсу “Лепшы навучэнец установы прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці”, якія адлюстроўваюць розныя кірункі дзейнасці моладзі, — усяго іх было 9. Дарэчы, многія ўдзельнікі маглі прэтэндаваць на перамогу адразу ў некалькіх намінацыях, таму што іх прафесійныя інтарэсы не абмяжоўваюцца адной галіной.

Удзельнікамі конкурсу сталі 66 юнакоў і дзяўчат з 20 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Сёлета конкурс ладзіўся другі раз. Першы конкурс адбыўся ў мінулым годзе, а яго вынікі падво­дзіліся на абласным фестывалі ўстаноў прафесійнай адукацыі, які таксама прайшоў упершыню. У гэтым годзе правядзенню фестывалю перашко­дзілі ўмовы, а конкурс праводзіўся завочна. Прапаноўваем нашым чытачам пазнаёміцца з яго пераможцамі. 

Трыа пераможцаў з Капыля

Прыемна пазнаёміцца з “залатым трыа” прадстаўнікоў Капыльскага дзяржаўнага каледжа. У намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне прафесійнага майстэрства” 1-е месца заняла Аляксандра Гліністая. Дзяўчына вучыцца па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” і робіць гэта вельмі паспяхова. У гэтым навучальным годзе яна атрымала дыплом II ступені ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus па кампетэнцыі “Рэстаранны сэрвіс”, перамагла ў міжнародных конкурсах “Асновы кулінарыі” і “Уводзіны ў кулінарыю”. Дарэчы, Аляксандра ўдзельнічала і ў першым конкурсе “Лепшы навучэнец устаноў прафесійнай адукацыі” — у мінулым годзе яна атрымала дыплом ІІІ ступені.

Таварыш Аляксандры па каледжы — Дзяніс Трафімук — дэбютант конкурсу. Ён яшчэ вучыцца на 1 курсе, але паспеў пакарыць выкладчыкаў каледжа сваім сур’ёзным стаўленнем да навучання, сумленнасцю і стараннасцю, інтэлігентнасцю і добразычлівасцю. Таму менавіта ён быў выбраны сярод мноства дастойных кандыдатаў для ўдзелу ў конкурсе і перамог у намінацыі “За высокія якасныя паказчыкі паспяховасці”.

Арцём Ватазін і майстар вытворчага навучання Т.І. Шахоўская.

За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій узнагароджаны лідар намінацыі Арцём Ватазін. У гэтым годзе Арцём стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу па інфарматыцы і вылічальнай логіцы “Бабёр-2019”, Міжнароднага  дыстанцыйнага конкурсу па матэматыцы і інфарматыцы “Рымская сістэма злічэння” для студэнтаў. У Арцёма шырокае кола інтарэсаў, але ўсе свае веды і ўменні ён імкнецца прымяняць для свайго развіцця як прафесіянала. Ён вучыцца на спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” і вельмі любіць прафесію, якую выбраў. Яго добрае валоданне сучаснымі тэхналогіямі, на­прыклад, было карысным пры рабоце над праектам “Гастранамічны тур “Смачныя традыцыі малой радзімы”. Спачатку гэта была даследчая работа. Арцём вывучаў кулінарныя сакрэты Капыльшчыны, сустракаўся з мясцовымі жыхарамі, якія расказвалі пра тое, як іх бабулі гатавалі розныя стравы. У выніку атрымалася цікавая і змястоўная работа. На аснове гэтай інфармацыі Арцём распрацаваў віртуальны гастранамічны тур, які можа выкарыстоўвацца як электронны адукацыйны рэсурс.

Арцём выбраў прафесію кухара ўсвядомлена і пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства.

 — Усе прафесіі патрэбныя і па-свойму добрыя, але кожны чалавек падбірае сабе тую, у якой ён зможа праявіць свае здольнасці і самарэалізавацца. Для мяне гэта прафесія кухара,  — расказвае Арцём. — На першы погляд можа здацца, што кухня — сфера нескладаная. Што цяжкага ў тым, каб гатаваць есці? Але на самай справе мастацтва гатавання — адзін з самых складаных заняткаў. Добры кухар павінен валодаць не толькі майстэрствам, але і багатай фантазіяй, памяццю, назіральнасцю, цярпеннем, вынаходлівасцю. А яшчэ важна гатаваць з душой. Ні адна страва, нават самая простая яечня, не атрымаецца па-сапраўднаму смачнай, калі гатаваць яе з дрэнным настроем і нежаданнем. Калі работа сапраўды прыносіць задавальненне, то і вынікі яе будуць добрымі.

З такімі думкамі і настроем Арцём ставіць перад сабой вялікія прафесійныя мэты.

 — Мару адкрыць свой рэстаран, весці кулінарны блог, каб гаспадыні гатавалі стравы па рэцэптах Арцёма Ватазіна.

І ў гэтым кірунку Арцём таксама робіць упэўненыя крокі — дзеліцца смачнымі сакрэтамі на старонках рэгіянальнай газеты.

Прыгажуні, разумніцы, спартсменкі

Лідарамі некалькіх намінацый сталі дзяўчаты — таленавітыя прыгажуні і разумніцы. У намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне гуманітарных навук, літаратурнай творчасці” найбольш паспяхова выступілі навучэнкі Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Паліна Шкрабко стала пераможцай, а Аліна Кандыбайла заняла 3-е месца. Дарэчы, у гэтай намінацыі і ў мінулым годзе лідарам стала навучэнка названага каледжа.

За перамогу ў намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне навукова-даследчай дзейнасці” змагаліся ўдзельнікі навуковых таварыстваў, дыпламанты і лаўрэаты розных конкурсаў. Перамогу святкавала Юлія Яроміч, навучэнка Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. У спісе яе дасягненняў —1-е месца на навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “У свет пошуку, у свет творчасці, свет навукі”, Еўразійскай інавацыйнай алімпіядзе, Міжнародным інавацыйным навукова-практычным форуме INMAX-2019. У XVI Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Моладзь у навуцы” Юлія атрымала дыплом ІІІ ступені.

“За дасягненні ў галіне фізічнай культуры і спорту” ўзнагароджана прадстаўніца Мінскага дзяржаўнага абласнога каледжа Арына Мацкевіч. Ужо шмат гадоў яна захапляецца плаваннем. У 5 класе прыйшла ў басейн, каб навучыцца пла­ваць, і навучылася так, што цяпер не злічыць яе медалёў. Арына — неаднаразовая пераможца ў асабістым і камандным заліку адкрытага першынства Рэспублікі Беларусь, прызёр і пераможца адкрытага Кубка Рэспублікі Беларусь, міжнародных спаборніцтваў-турніраў у Польшчы, Літве, Латвіі і Германіі. Спорт зрабіў яе моцнай фізічна і маральна, а яшчэ паўплываў на прафесійны выбар.

 — Плаванне для мяне не проста спорт — гэта стыль жыцця. Дзякуючы яму, у мяне з’явіліся новыя магчымасці. На спаборніцтвы я ездзіла ў розныя гарады і краіны, заўважаючы прыгажосць навокал. Так пачала цікавіцца архітэктурай і ландшафтам гарадоў, што паўплывала на выбар спецыяльнасці.

Сёння Арына вучыцца ў каледжы на спецыяльнасці “Садова-паркавае будаўніцтва”. Акрамя вучобы, у яе па дзве трэніроўкі кожны дзень. Такі рэжым няпросты, але дзяўчына знаходзіць на ўсё і час, і сілы. А ўвесь сакрэт у тым, што яна выбрала для сябе справу па душы. Да таго ж дзяўчына знаходзіць час яшчэ і на хобі.

 — З-за насычанага графіка навучылася цаніць асаблівыя імгненні і імкнуся захаваць іх у памяці з дапамогай здымкаў. Так з’явілася маё захапленне фатаграфіяй. Бывае, калі нешта не атрымліваецца, не хапае матывацыі, праглядаю фотаздымкі, і настрой становіцца лепшым. Спрабую сябе і ў фотаконкурсах.

Творчасць, накіраваная ў будучыню

Розныя грані творчасці прадэманстравалі юнакі — пераможцы розных намінацый абласнога конкурсу. Так, лідарам намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў тэхнічнай творчасці” стаў Алег Семянчук, навучэнец Клецкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. З ім у намінацыі спаборнічалі дзясяткі юнакоў і дзяўчат, якія прадстаўлялі свае лепшыя інавацыйныя ідэі на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, Рэспубліканскім агля­дзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, міжнародных конкурсных пляцоўках.

Алег з дзяцінства захапляецца тэхнікай. Яго не выцягнуць было з дзядулінага гаража, дзе ён увесь час нешта майстраваў. У Клецкім ліцэі гэтае захапленне заўважылі і надалі яму новы  імпульс і правільны кірунак. Юнак з 1 курса наведвае аб’яднанне па інтарэсах “Тэхнічная творчасць” пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Сяргея Трафімавіча Ільюкевіча. За гэты час яго работы выраслі ад простых вырабаў да складаных тэхнічных прыбораў. Напрыклад, Алег распрацаваў праект па ўтылізацыі аўтапакрышак з прымяненнем і атрыманнем вадароду. Паколькі юнак вучыцца ва ўстанове сельскагаспадарчага кірунку, то падумаў і над тым, як зрабіць больш лёгкай працу на зямлі. Так з’явіўся квадрацыкл “Малютка” з сеялкай. Яшчэ адна цікавая вынаходка — квадрацыкл “Вікіпедыя”, які дэманструе магчымасці выкарыстання цеплавой энергіі, што выкідваецца рухавіком унутранага згарання. Дзякуючы гэтым праектам, Алег стаў пераможцам абласнога этапу конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”, уладальнікам заахвочвальнага дыплома і спецыяльнага прыза журы рэспубліканскага этапу гэтага творчага спаборніцтва, уладальнікам спецыяльнага дыплома конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”, пераможцам абласнога этапу XVI Рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў — навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі.

Намінацыя “За папулярызацыю рабочых прафесій сродкамі мастацка-творчай дзейнасці” аб’яднала тых, хто  ярка, творча, умела прапагандуе рабочыя прафесіі сярод моладзі. Пераможца намінацыі — Уладзімір Самасюк, навучэнец Слуцкага дзяржаўнага каледжа, актыўны ўдзельнік творчых фестываляў і конкурсаў, прафарыентацыйных праектаў, дабрачынных акцый. Ён прадоўжыў пераможны шлях свайго таварыша па навучальнай установе Мікіты Сакалова, які лідзіраваў у гэтай намінацыі год назад.

У намінацыі “За дасягненні ў галіне гісторыі, турызму і краязнаўства” найвышэйшай узнагародай адзначана дзейнасць Юрыя Прыбалаўца, навучэнца Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

 Радасна ўсведамляць, што ў хуткім часе гэтыя юнакі і дзяўчаты свае таленты, творчасць і крэатыўнасць будуць прымяняць на працоўных месцах. Яны ўдасканальваюць свой прафесіяналізм і накіроўваюць яго ў будучыню.

Дар’я РЭВА.