Сугучны сусветным трэндам на рынку вучэбнай літаратуры

Раней мы пісалі ўжо пра новы вучэбны дапаможнік па фізіцы для 7 класа, выпушчаны выдавецтвам “Народная асвета”, і вось зноў з’явілася прыемная нагода згадаць пра яго. Нядаўна гэтае выданне было намініравана ў конкурсе “Мастацтва кнігі” дзяржаў — удзельніц СНД, што праходзіў у Душанбэ.

Як адзначыла дырэктар выдавецтва Вікторыя Калістратава, вучэбны дапаможнік па фізіцы, адным з аўтарам і ідэйным натхняльнікам якога з’яўляецца вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчай адукацыі НІА, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Ларыса Арцёмаўна Ісачанкава, прываблівае не толькі сучасным знешнім выглядам, але і зместам.

“З прадстаўнікамі нашага выдавецтва мы бываем на розных кніжных выставах як у Расіі, так і ў краінах Еўропы. І дзе б мы ні дэманстравалі новы падручнік па фізіцы для 7 класа (прычым як рускамоўную, так і беларускамоўную версіі), чуем толькі станоўчыя водгукі. Гэта можна патлумачыць тым, што ён сучасны, сугучны сусветным трэндам на рынку вучэбнай літаратуры”, — адзначыла Вікторыя Віктараўна.

Высока ацанілі новы падручнік па фізіцы для 7 класа і ў нашай краіне. Сёлета гэтае выданне атрымала дыплом пераможцы на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі”. Варта нагадаць, што новы падручнік мае аблегчаную інтэгральную вокладку (яе прапанавалі ў выдавецтве “Народная асвета”), новы фармат, набліжаны да А4, змяшчае шмат ілюстрацый. Але самае галоўнае, у новым вучэбным дапаможніку тэкст параграфа і заданні даюцца на адным развароце. Увесь неабходны матэрыял — у вучня перад вачыма, што забяспечвае цэласнае ўспрыманне вучэбнай інфармацыі.

Перш чым пачаць распрацоўку гэтага вучэбнага дапаможніка, Л.А.Ісачанкава вывучыла вопыт калег з іншых краін і прааналізавала безліч замежных падручнікаў па фізіцы. У выніку Ларыса Арцёмаўна з беларускімі калегамі склала сучасны падручнік, у якім прыкладна 60% вучэбнай інфармацыі і 40% ілюстрацый. За кошт інтэгральнай вокладкі новы падручнік атрымаўся лёгкім. Акрамя таго, фармат, набліжаны да А4, даў магчымасць павялічыць шрыфт. Уся дадатковая інфармацыя выдзелена асобным колерам. Раздзел “Прыклады рашэння задач” размешчаны на фоне аркуша са школьнага сшытка ў клетачку.

Акрамя таго, была перапрацавана ўся практычная частка: яна стала больш сучаснай і напоўненай нацыянальным зместам. Так, у задачах энергію выпрацоўваюць ветракі, па чыгунцы курсіруюць “штадлеры”, у кар’ерах працуюць сучасныя БелАЗы. У вучэбным дапаможніку ёсць спасылкі на электронныя адукацыйныя рэсурсы Нацыянальнага адукацыйнага партала. Рэсурсы па фізіцы змяшчаюць інтэрактыўныя мадэлі.

Нядаўна выдавецтва “Народная асвета” выпусціла вучэбны дапаможнік па фізіцы ўжо для 8 класа (пад рэдакцыяй Л.А.Ісачанкавай). Ларыса Арцёмаўна, характырызуючы новы падручнік, адзначыла, што ён такі ж сучасны, як і для 7 класа. Ад сябе заўважу, што ў згаданым выданні ёсць магчымасць ажыўляць карцінкі (рэалізоўваецца дапоўненая рэальнасць) і можна паспрабаваць свае сілы ў праектнай дзейнасці. Аўтары прапануюць вучням кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыяі і доўгатэрміновыя праекты. Дарэчы, фармат, набліжаны да А4, захаваецца і пры падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў па фізіцы для старшых класаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.