У спартыўнай зале Петрыкаўскай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення не сціхалі галасы — тут праходзілі спаборніцтвы па піянерболе.
Паміж сабой спаборнічалі зборная каманда навучэнцаў сярэдніх школ № 1, № 2 і гімназіі Петрыкава, каманда дзяўчат са спецыяльнага вучылішча № 1 і каманда школы-інтэрната, якая выступала прымаючым бокам.
Піянербол — гэта адна з самых цікавых, дынамічных і захапляльных гульняў з выкарыстаннем ручнога мяча. Тут патрэбны не толькі хуткасць, вынослівасць, спрыт, каардынацыя рухаў, але і ўменне выстройваць міжасобасныя адносіны, размяркоўваць ролі і абавязкі, разумець, што толькі зладжаная сумесная праца можа прывесці да адзінай для ўсіх мэты — перамогі.
Гульні былі вельмі напружанымі, бо да апошняга было невядома, хто ж стане пераможцам. Розніца ў ачках была зусім нязначная, лік мяняўся на карысць то адной, то другой каманды. Але ад гэтага гульня рабілася яшчэ цікавейшай. Кожнай камандзе хацелася заваяваць перамогу. Аднак усіх абышла зборная каманда Петрыкава. Другімі былі дзяўчаты са спецвучылішча, ну а “бронза” дасталася гаспадарам. Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны граматамі і прызамі.
Дзеці атрымалі велізарны зарад бадзёрасці і аптымізму ад спартыўнага мерапрыемства, да таго ж многія знайшлі новых сяброў. Варта адзначыць і тое, што арганізатары гульні бралі пад увагу такую форму работы, як інклюзіўная адукацыя: выхаванцы школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і дзеці са звычайных школ раённага цэнтра вельмі добра і весела правялі час.
Міхаіл СЫЦЬКО,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Петрыкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.