Сумесныя кампаніі — інструмент для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва

Беларусь прапануе Астраханскай вобласці актыўней ствараць сумесныя кампаніі. Пра гэта заявіў Cтаршыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з губернатарам Астраханскай вобласці Аляксандрам Жылкіным.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што рэгіянальнае ўзаемадзеянне — асноўная апора для двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Пры гэтым сумесныя кампаніі ён назваў інструментам, дзякуючы якому яно развіваецца. Не прыніжаючы значнасці таварнага супрацоўніцтва, спікер зрабіў акцэнт на стварэнні сумесных прадпрыемстваў. “Усё ж такі трэба рабіць агульны бізнес. А для гэтага павінны быць сумесныя кампаніі, салідная прамкааперацыя, інвестыцыйныя праекты”, — сказаў ён і прапанаваў губернатару Астраханскай вобласці абмеркаваць гэтыя пытанні.

Спікер перакананы, што і прамкааперацыя, і адпаведныя фінансавыя патокі павінны ўдзельнічаць у пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва.

Старшыня Савета Рэспублікі запрасіў Аляксандра Жылкіна на Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбудзецца 10—12 кастрычніка ў Магілёве. Традыцыйна ў ім прымуць удзел кіраўнікі дзяржаў.

У сваю чаргу расійскі губернатар пагадзіўся, што беларускаму і расійскаму машынабудаўнічым бізнесам неабходна кааперавацца, ствараць праекты, якія будуць канкурэнтаздольныя на сусветным рынку. Ён удакладніў, што мае на ўвазе перш за ўсё камунальную тэхніку, аўтобусы, электробусы. Ён падкрэсліў гатоўнасць ісці на стварэнне сумесных прадпрыемстваў, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі.

Аляксандр Жылкін растлумачыў, што Астраханская вобласць гатова прапанаваць пакет магчымасцей для Беларусі з улікам геаграфічнага становішча расійскага рэгіёна. Вяртаючыся да ўзнятай Міхаілам Мясніковічам тэмы сумесных прадпрыемстваў і прамкааперацыі, ён прапанаваў разгледзець магчымасці для прасоўвання тавараў беларускіх вытворцаў праз фарміруемыя камфортныя ўмовы ўзаемадзеяння прыкаспійскіх дзяржаў.