Сумленная работа бачна без справаздач

Расонскі раён Віцебскай вобласці — самы невялікі, але вельмі прыгожы і ўтульны. І Віктар Віктаравіч МЕЛЬНІКАЎ, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Расонскага райвыканкама, падчас нашага невялікага працоўнага інтэрв’ю не раз запрашаў палюбавацца расонскім наваколлем. Але для нас цікавай найперш з’яўляецца адукацыйная сістэма рэгіёна, таму пытанні былі абмежаваны дзейнасцю ў гэтай сферы.

— Віктар Віктаравіч, ці можна сцвярджаць, што ў невялікім раёне і праблемы такія ж?
— Усё вельмі адносна, але, сапраўды, памер і месцазнаходжанне нашага раёна ўпрывае на характар нашай адукацыйнай сістэмы. Пэўныя цяжкасці выклікае тое, што колькасць дзяцей у навучальных установах вельмі адрозніваецца. У гарадской школе вучыцца больш, чым у некалькіх вясковых. І гэта, канечне, выклікае трывогу. Акрамя таго, здараецца, што паміж школамі вялікая адлегласць, а гэта часам выклікае пэўныя праблемы з кадрамі, бо дабрацца да далёкіх школ няпроста. З-за невялікай камплектацыі мы штогод закрываем або рэарганізуем якую-небудзь школу. Натуральна, у нас арганізаваны падвоз дзяцей да кожнай навучальнай установы, таму ўсе вучні да месца свайго навучання даязджаюць своечасова.
Калі гаварыць на перспектыву, то, напрыклад, у Расонах нават намячаецца станоўчая дынаміка. Гэта відаць па колькасці дзяцей у пачатковых класах. А вось у вёсках такога пакуль не назіраецца. Ведаеце, як былы настаўнік геаграфіі магу зазначыць, што размяшчэнне раёна на ўскраіне ідзе нам, канечне, не на карысць.

— Але ж вы спраўляецеся і сур’ёзных праблем з кадрамі і, адпаведна, з якасцю адукацыі ў школах не існуе.
— Канечне, мы заўсёды шукаем выйсце са складанага становішча, калі яно ўзнікае. Праблемы з кадрамі нам дапамагаюць вырашаць выключна мэтавікі, таму праф-арыентацыйная работа ў нас на першым месцы. У выніку кожны год на работу ў сістэму адукацыі прыходзяць нашы былыя выпускнікі, а таксама маладыя спецыялісты з суседніх раёнаў. У цяперашні час на настаўнікаў вучацца 18 чалавек, а 20 педагогаў (былых мэтавікаў) працуюць ва ўстановах адукацыі раёна. Райвыканкам выдзяляе ім жылую плошчу, і мы стараемся падтрымліваць і ўвесь час дапамагаць.
З 1 верасня ў Расонскай сярэдняй школе імя П.М.Машэрава функцыянуе вучэбны кабінет фізікі, абсталяваны ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі і пастаўлены за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў: праходзяць пасяджэнні педагагічнай гасцёўні “Пошук”, прадметных метадычных фарміраванняў, “Школы перадавога педагагічнага вопыту”, “Школы маладога кіраўніка”, “Школы маладога педагога”. Мерапрыемствы маюць практычную накіраванасць, у ходзе іх прэзентуецца вопыт дзейнасці ўстановы адукацыі па вызначаным кірунку, праводзяцца адкрытыя ўрокі, факультатыўныя заняткі, заняткі па інтарэсах, выхаваўчыя, пазакласныя мерапрыемствы, арганізуюцца выставы метадычных матэрыялаў, творчых работ навучэнцаў.
Напрыклад, у кастрычніку на базе Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава праводзіўся раённы семінар-практыкум “Арганізацыя работы па інтэграваным навучанні на другой ступені навучання”. Акрамя таго, на базе раёна прайшоў абласны семінар метадыстаў вучэбна-метадычнага комплексу, якія курыруюць работу бібліятэк устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, па тэме “Сучасныя формы работы бібліятэкі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі як сродак фарміравання сацыяльна актыўнай асобы”. Пасяджэнні прайшлі на базе Клясціцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя У.А.Хамчаноўскага і ўжо згаданай Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава, дзе быў прадстаўлены вопыт работы ўстаноў адукацыі.
Па выніках удзелу ў абласным конкурсе на лепшае метадычнае фарміраванне педагагічных работнікаў дыпломам лаўрэата адзначана раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў інфарматыкі (кіраўнік А.Л.Гірэль).
Добрыя вынікі дэманструюць і нашы вучні. Ёсць у нас лаўрэаты ХІІ Міжнароднага дзіцячага экалагічнага форуму “Зялёная планета-2014”, дыпламанты абласнога конкурсу навуковых работ па біялогіі і экалогіі, конкурсу сацыяльных праектаў “Мая сям’я — мой гонар”, абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка”.

— Віктар Віктаравіч, не магу не задаць самае злабадзённае пытанне, якое ўжо, напэўна, нагнала аскому, але тым не менш. Ці патанаеце вы і вашы калегі ў паперах? І ці з’яўляецеся вы аўтарам некаторай іх колькасці?
— За 30 гадоў работы я яшчэ не прыдумаў ні адной справаздачы. Канечне, як у начальніка аддзела ў мяне ёсць шэраг патрабаванняў да сваіх падначаленых, але ўсе яны апраўданыя. Прынамсі, асноўныя мае штодзённыя патрабаванні — гэта веданне тэмпературнага рэжыму ў кожным дзіцячым садку і школе і колькасці адсутных навучэнцаў. Асаблівая ўвага — да ўліковых сем’яў. Бяспека дзіцяці — гэта першарадная задача. А ў астатнім мы адказваем на запыты, якія паступаюць да нас з вышэйстаячых органаў. І тут жа хачу зазначыць наступнае: калі работа праводзіцца сумленна, то гэта бачна, а таму ніякія справаздачы не патрэбны. Іншым разам за “прыгожымі” справаздачамі нічога не стаіць.
Мы вельмі рады таму дакументу, які паменшыў і рэгламентаваў колькасць папяровай работы настаўніка і класнага кіраўніка. Гэта менавіта той дакумент, які быў вельмі патрэбны, бо пад пагрозай магла аказацца эфектыўнасць працэсу навучання дзяцей.

— Цяпер многа гавораць пра выхаванне падрастаючага пакалення і найперш пра ролю сям’і, якая абстрагуецца ад сваіх першарадных функцый і перакладвае ўсё на школу. Цікава было б даведацца ваша меркаванне на гэты конт.
— Такая праблема існуе. Сёння разрыў паміж навучаннем і выхаваннем істотны. Насамрэч усе паказчыкі эфектыўнасці дзейнасці навучальнай установы з’яўляюцца вельмі адноснымі. Галоўнае, каб кожнае дзіця знайшло сваё месца ў жыцці. Школа пры ўсім жаданні адна гэтую задачу не вырашыць. Яна можа толькі істотна дапамагчы ў гэтым сям’і. Толькі сумеснымі намаганнямі можна выгадаваць маладога чалавека, падрыхтаванага да сучасных рэалій жыцця. Чалавека, які можа прымаць самастойныя рашэнні і адказваць за свае ўчынкі.

— Сапраўды, гэта так. Віктар Віктаравіч, вялікі дзякуй за шчырую размову і поспехаў вам і вашым калегам.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.