Супастаўляй і аналізуй, каб не памыліцца

Каб не разгубіцца сярод разнастайнасці прадуктаў і паслуг, якія прапаноўваюць фінансавыя ўстановы, трэба мець базавыя фінансавыя веды і быць здольным аналізаваць сітуацыю. Як зрабіць правільны выбар? Ці ўмеем мы супастаўляць фінансавую інфармацыю? Дзе лепш захоўваць зберажэнні? Пра што абавязкова трэба падумаць, калі збіраецеся скарыстацца пазычанымі грашыма?

Адказамі на гэтыя і іншыя пытанні дзеліцца начальнік аддзела фінансавай дасведчанасці Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Юлія Вячаславаўна САКОВІЧ.

— Юлія Вячаславаўна, працягваючы нашу нядаўнюю размову, скажыце, калі атрымліваецца рацыянальна траціць грошы і штомесяц эканоміць пэўную суму, што з ёй рабіць, дзе лепш захоўваць?

— Захоўванне накапленняў пад падушкай або паміж старонкамі кнігі неэфектыўнае. Грошы могуць быць скрадзены, прыйсці ў непрыдатнасць чыста фізічна, а таксама згубіцца. І ў вас будзе спакуса, каб іх патраціць. Акрамя гэтага, яны могуць абясцэньвацца з-за інфляцыі. Нерухомы капітал не прыносіць карысці яго ўладальніку, таму зберажэнні лепш выкарыстоўваць для атрымання дадатковага даходу.

Традыцыйны інструмент для захоўвання зберажэнняў — гэта банкаўскі ўклад. Дэпазітаў існуе велізарнае мноства, і кожны ўкладчык можа падабраць камфортны для сябе варыянт. Выбіраючы ўклад, уважліва вывучыце прапановы розных банкаў. Прычым звяртайце ўвагу не толькі на памер працэнтнай стаўкі. Даведайцеся, якой яна будзе — фіксаванай або плаваючай, ці магчыма ўнясенне дадатковых узносаў, будзе ваш уклад адзыўны або безадзыўны, з капіталізацыяй працэнтаў або без яе. Па безадзыўным укладзе працэнты вышэйшыя, але вы павінны ведаць, што грошы нельга будзе зняць з рахунку па першым патрабаванні. Ацаніце зручнасць карыстання ўкладам, даведайцеся ўмовы выпуску і абслугоўвання аплатнай карткі, кошт выкарыстання інтэрнэт-банкінгу. Памятайце, што з даходу па ўкладах, размешчаных на тэрмін менш чым 1 год у беларускіх рублях і менш чым 2 гады ў замежнай валюце, трэба будзе плаціць падаходны падатак у памеры 13 працэнтаў. Дэпазіты ў рублях будуць больш выгаднымі, паколькі палітыка Нацыянальнага банка арыентавана на тое, каб даход па ўкладах у нацыянальнай валюце заставаўся вышэй за інфляцыю. У параўнанні з іншымі відамі ўкла-данняў дэпазіты валодаюць бясспрэчнай перавагай: іх захаванасць гарантуецца дзяржавай. У Беларусі працуе Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў, якое ў выпадку банкруцтва банка верне вам усю суму ўкладу.

Акрамя банкаўскага дэпазіту, ёсць і іншыя варыянты, куды можна ўкласці накопленыя сродкі, каб абараніць іх ад інфляцыі і атрымаць дадатковы даход. Гэта, напрыклад, каштоўныя паперы. Самыя распаўсюджаныя з іх — акцыі і аблігацыі. Аблігацыі з пункту гледжання даходу зараз выглядаюць крыху больш цікавымі, чым уклад. І падатак з даходу ў адрозненне ад дэпазітаў плаціць не прыйдзецца. Аднак аблігацыі не адрозніваюцца такой гнуткасцю, як уклады: часцей за ўсё яны доўгатэрміновыя, не дапускаюць магчымасці дадатковых узносаў або датэрміновага пагашэння, а даход па іх, як правіла, выплачваецца рэдка, раз у квартал, раз у паўгода або зусім у момант пагашэння. Акрамя гэтага, сродкі, інвесціраваныя ў аблігацыі, не падпадаюць пад заканадаўства аб гарантаванай кампенсацыі ўкладаў, таму і рызыка тут таксама больш высокая. Пры інвесціраванні ў акцыі прыбыткі можна атрымліваць ад дывідэнтных выплат ці ад змены рыначнага кошту акцыі. Інвестыцыі ў акцыі здольны прыносіць высокі прыбытак за кароткі тэрмін. Аднак высокая даходнасць прыносіць і высокую рызыку.

Каштоўныя металы — гэта яшчэ адзін інструмент інвесціравання. Для захавання капіталу ўкладанне ў золата можа быць нядрэнным варыянтам, але з пункту гледжання атрымання даходу гарантый няма, таму што цана на золата можа як расці, так і падаць. Акрамя гэтага, у аперацый з каштоўнымі металамі традыцыйна вялікая розніца паміж цаной пакупкі і цаной продажу, якая дасягае 10—20%. Такім чынам, каб атрымаць прыбытак ад продажу золата, яно павінна падаражэць як мінімум на гэтую велічыню.

Грошы можна захоўваць у тым ліку і ў выглядзе каштоўных камянёў. Банкі прапануюць для продажу атэставаныя брыльянты розных якасна-колеравых характарыстык і форм агранак, масы. Атэстат — дакумент, які пацвярджае сапраўднасць каштоўнага каменя і змяшчае асноўныя звесткі аб ім. Ён выдаецца экспертнай камісіяй Нацыянальнага банка. Атэстат якасці на брыльянты мае адпаведную абарону ад падробкі. Дарэчы, калі вы купілі брыльянт з мэтай зберажэння грошай, то не адкрывайце ўпакоўку дома! Назад Нацыянальны банк выкупляе брыльянты толькі ў нераскрытай упакоўцы і з атэстатам якасці.

Фонд банкаўскага кіравання — гэта форма інвесціравання, якая заключаецца ў аб’яднанні банкам грашовых сродкаў мноства прыватных асоб і прадпрыемстваў для прафесійнага кіравання імі з мэтай атрымання прыбытку на фінансавым рынку. Інвесціраванне сродкаў у фонды банкаўскага кіравання таксама мае свой прывабны бок. Валодаючы невялікай грашовай сумай, вы атрымліваеце ўсе перавагі буйнога гульца на фінансавым рынку.

Гэта, вядома, далёка не ўсе спосабы інвесціравання і атрымання дадатковага даходу. У любым выпадку пры выбары фінансавых паслуг і інструментаў варта вывучыць усю інфармацыю і праявіць разумны падыход дзеля балансавання паміж рызыкай і даходнасцю.

— Для дасягнення некаторых мэт неабходны значныя фінансавыя ўкладанні, чалавек разглядае магчымасць пазычання грашовых сродкаў, звяртаецца ў банкаўскую ўстанову для афармлення крэдытнага дагавора. Тым не менш крэдыт — гэта адказны крок. Як не аступіцца і прыняць правільнае рашэнне?

— Безумоўна, крэдыт — гэта зручны фінансавы інструмент, які можа дапамагчы, напрыклад, у пакупцы кватэры або ў скаданай жыццёвай сітуацыі, калі неабходна хутка знайсці грошы для, скажам, экстраннага лячэння. Але трэба ведаць, што атрыманне крэдыту — гэта вельмі сур’ёзны крок, які патрабуе ад чалавека адказнасці і дысцыпліны.

Калі вы вырашылі скарыстацца крэдытнымі грашыма, павінны выразна ўсведамляць, што крэдытныя грошы трэба будзе вярнуць банку строга ў адпаведнасці з умовамі дагавора, а таксама выплаціць працэнты за карыстанне грашовымі сродкамі банка. Перад тым як узяць на сябе крэдытныя абавязкі, трэба добра ўсё абдумаць і ўзважыць. Важна, каб крэдыт стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах. Такім чынам, варта задаць сабе некалькі важных пытанняў.

Ці сапраўды так патрэбна гэтая рэч у крэдыт або ёсць іншыя варыянты яе пакупкі? Ацаніце ідэю атрымання крэдыту па шкале “хачу — маю патрэбу”. Пажадана, каб крэдыт браўся сапраўды для набыцця неадкладных і абгрунтаваных пакупак. Ва ўсіх астатніх выпадках перавагу варта аддаць назапашванню грошай.

Ці можаце вы сабе дазволіць крэдыт? Ацаніце магчымасці па своечасовым пагашэнні ўсіх плацяжоў па крэдыце — асноўнага доўгу і працэнтаў. Для гэтага азнаёмцеся з інфармацыяй аб сумах, якія неабходны для пагашэння штомесячных плацяжоў, а таксама з графікам плацяжоў. Зрабіце гэта да моманту падпісання крэдытнага дагавора.

Падумайце, ці ўлічылі вы ўсе неабходныя рызыкі, наколькі стабільная ваша фінансавая сітуацыя. Пераканайцеся, што ў вас ёсць рэзервовы фонд! Можа падацца дзіўным: навошта мець рэзервовы фонд, калі бярэцца крэдыт? Тым не менш гэта вельмі важна. Як плаціць па крэдыце і жыць, калі раптам заўтра вы пазбавіцеся работы? Менавіта па гэтай прычыне перш, чым браць крэдыт, неабходна пераканацца, што ў вас ёсць грошы ў запасе.

Важна таксама падлічыць, колькі грошай у агульнай суме будзе аддадзена за набытую ў крэдыт рэч. Палічыце і колькі заплаціце за карыстанне крэдытам. Ведаючы, якую суму давядзецца пераплаціць за выбраны тавар ці паслугу, зможаце прыняць адэкватнае рашэнне, ці неабходны крэдыт насамрэч. Дарэчы, на адзіным інтэрнэт-партале фінансавай дасведчанасці і на многіх сайтах банкаў ёсць крэдытныя калькулятары.

Такім чынам, калі пасля ўсіх разваг і ацэнкі сітуацыі вы ўсё ж вырашылі ўзяць крэдыт, то разгледзьце прапановы розных банкаў. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ўмовы крэдытавання ва ўсіх банках прыкладна аднолькавыя. Тым не менш і ўмовы, і працэнтныя стаўкі па крэдытах у банках могуць істотна адрознівацца.

Параўнайце ўсё і зможаце выбраць, што падыходзіць менавіта вам. Важна звяртаць увагу на памер крэдыту, тэрмін выдачы, спосаб яго пагашэння, патрабаванні па залогу і ўмовы паручальніцтва.

Удумліва прачытайце крэдытны дагавор. Па магчымасці вазьміце дадому тыпавую форму дакумента і яшчэ раз уважліва вывучыце ўмовы, якія ўстанаўліваюць вашы абавязкі і адказнасць. Памятайце, што, падпісаўшы крэдытны дагавор, вы згаджаецеся з усімі яго ўмовамі і прымаеце на сябе абавязкі па іх выкананні.

— Мноства фінансавых устаноў прапануюць вялікую разнастайнасць фінансавых прадуктаў і паслуг. Як зрабіць правільны выбар?

— Перш чым зрабіць выбар і аддаць перавагу той ці іншай арганізацыі, збярыце аб ёй усю інфармацыю. Пераканайцеся ў добранадзейнасці фінансавай установы — пастаўшчыка паслугі. Гэта значыць, што фінансавая ўстанова павінна быць уключана ў рэестр Нацыянальнага банка (калі гэта мікрафінансавая або лізінгавая арганізацыя) і мець ліцэнзію на ажыццяўленне банкаўскіх аперацый (калі гэта банк).

У фінансавай сферы ўсе аперацыі праводзяцца на аснове пісьмовых пагадненняў (дагавораў). І вельмі важна ўважліва чытаць тэкст дагавора да яго падпісання. Прасіце тлумачэння, а таксама ўдакладняйце адказы на пытанні, якія цікавяць. Калі не атрымалі неабходнага тлумачэння, лепш адкласці прыняцце рашэння аб атрыманні фінансавай паслугі ў гэтай установе.

І яшчэ адна парада: не спяшайцеся прымаць рашэнні аб выбары фінансавай паслугі, прадукту або арганізацыі, абапіраючыся на вопыт знаёмых. Самастойна вывучыце пытанне. Наведайце сайты пастаўшчыкоў паслуг, прачытайце спецыялізаваную літаратуру.

Усе рашэнні павінны прымацца на аснове аналізу і супастаўлення, азнаямлення з інфармацыяй аб фінансавай установе, падрабязнага вывучэння крытэрыяў фінансавага інструмента. Пры гэтым памятайце, што за прынятае вамі фінансавае рашэнне вы несяце адказнасць.

— А якія ў чалавека як у прыватнай асобы ёсць фінансавыя рызыкі?

— Фінансавыя рызыкі чалавека можна падзяліць на дзве асноўныя групы. Першая група фінансавых рызык звязана са стратай рэгулярнага заробку. На жаль, ад гэтага ніхто не застрахаваны. Для абароны ад рызык гэтай групы прадугледжаны розныя варыянты. Так, на выпадак хвароб, няшчасных выпадкаў існуюць страхавыя прадукты, а таксама ўласныя зберажэнні. Другая група фінансавых рызык звязана з практыкай ажыццяўлення зберажэнняў. Зараз гаворым пра рызыкі, звязаныя з пакупной здольнасцю грошай, з укладаннем грошай у якія-небудзь інструменты, з фінансавым махлярствам.

І тут ёсць дзве простыя парады. “Праінфармаваны — значыць узброены”, — так казалі ў Старажытным Рыме. Укладвайце толькі ў тыя інструменты, сутнасць якіх для вас з’яўляецца зразумелай. Паспрабуйце атрымаць як мага больш інфармацыі аб тым фінансавым інструменце, у які збіраецеся ўкласці свае грошы. Варта высветліць механізмы, пры дапамозе якіх працуе той ці іншы фінансавы інструмент, за кошт чаго ён прыносіць даход, а таксама высветліць стымулы, якімі кіруецца фінансавы пасрэднік. Усё гэта дапаможа зберагчы ваш капітал ад загадзя нявыгадных укладанняў і затрат.

І другая парада. Памятайце залатое правіла інвестара: чым больш высокі прыбытак, тым вышэйшая і рызыка. Да адной з найважнейшых задач кожнага ўкладчыка і інвестара з’яўляецца пошук балансу паміж аптымальным узроўнем рызыкі і жаданай прыбытковасцю. Цудоўная народная прыказка “Не кладзі ўсе яйкі ў адзін кошык” найлепш апісвае прынцып дыверсіфікацыі рызык. Такім чынам, дыверсіфікацыя — гэта размеркаванне інвестыцый паміж рознымі відамі фінансавых інструментаў, а таксама страхаванне сваіх інвестыцый і кантроль, адсочванне эканамічнай сітуацыі. Калі разглядаць па ступені рызыкі інвестыцыйныя фінансавыя інструменты, то іх можна падзяліць наступным чынам. Найменш рызыковымі фінансавымі інструментамі з’яўляюцца банкаўскія ўклады і дзяржаўныя аблігацыі. Пры выбары гэтых інструментаў ваш капітал расце павольна, але дакладна. Галоўнае патрабаванне — яны павінны абараняць грашовыя сродкі ад інфляцыі. Больш рызыкоўнымі з’яўляюцца акцыі надзейных кампаній і ўкладанні ў каштоўныя металы. Апошнім часам шырока абмяркоўваецца вельмі рызыкоўны і непрадказальны фінансавы інструмент, пра які чулі, безумоўна, многія. Зараз маю на ўвазе крыптавалюту — віртуальныя грошы. Рынак крыптавалют вельмі падвержаны моцным ваганням курсу, якія прадказаць даволі складана. Напрыканцы мінулага лета адзін біткойн каштаваў прыкладна 3400 долараў, а ў снежні яго каштоўнасць перавысіла 20 000 долараў. А ў лютым 2018 года курс біткойна ўжо не дацягваў і да 7000 адзінак амерыканскай валюты. Такім чынам, крыптавалюта — непрадказальны і рызыкоўны спосаб заробку. Акрамя гэтага, даволі рызыкоўным укладаннем сродкаў з’яўляецца і рынак “Форэкс”. Перш чым на яго прыйсці, варта памятаць, што гэта — вельмі складаны інструмент, прызначаны ён у -асноўным для буйных гульцоў і прафесіяналаў. Гарантый ніякіх няма, а шансаў усё страціць куды больш, чым нешта зарабіць. У любым выпадку трэба памятаць, што не варта ўкладваць усе свае грошы ў настолькі рызыкоўныя фінансавыя інструменты. Калі вельмі хочацца паспрабаваць і на ўласным вопыце даведацца, што гэта за з’ява такая, лепш абмежавацца той сумай, якую вы маральна гатовы згубіць.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.