Суперважатага вызначыла міжнароднае журы

Чарговая сустрэча лідараў піянерскіх арганізацый Масквы і Віцебшчыны адбылася ў Наваполацку.

Навучэнцы i педагогі горада, актывісты і кіраўнікі абласной арганізацыі БРПА і піянерскай дружыны “Чырвоная Прэсня”, прадстаўнікі Савета дэпутатаў муніцыпальнай акругі Прэсненская Масквы, педагогі Віцебскага абласнога, Наваполацкага палацаў дзяцей і моладзі і іх калегі з Маскоўскага гарадскога палаца дзіцячай і юнацкай творчасці абмяняліся вопытам работы піянерскіх арганізацый за круглым сталом, у сярэдняй школе № 15 Наваполацка азнаёміліся з дзейнасцю піянерскай дружыны “Новае пакаленне”, гарадскога піянерскага штаба “Пунсовыя ветразі” і гарадскога савета БРПА, прынялі ўдзел у мітынгу ля магілы піянера-героя Дзімы Патапенкі, а таксама наведалі музей гісторыі камсамола Наваполацка і прыватны музейны комплекс Мікалая Панкрата ў Полацку. Ветэран піянерскага руху, заснавальнік піянерскага музычнага атрада “Кібальчыш” і ганаровы піянер Беларусі, педагог Маскоўскага палаца піянераў Вольга Фінагенава правяла з навучэнцамі конкурсы і майстар-класы па сігналах піянерскага горна і ўручыла пераможцам свае аўтарскія дыскі з запісамі сігналаў і маршаў Усесаюзнай піянерскай арганізацыі.

— Мы помнім сваё дзяцінства, піянерскія дружыны і песні — у кожнага атрада тады была свая. Некаторыя з іх прагучалі сёння, і гэта добра, — адзначыла дэпутат Савета дэпутатаў муніцыпальнай акругі Прэсненская Масквы Таццяна Дзянісенка. — Бачу вялікую заслугу Рэспублікі Беларусь і яе кіраўніцтва, што піянерскі рух у краіне з’яўляецца справай дзяржаўнай. Як арганізацыйная структура піянерыя дае дзецям магчымасць аб’ектыўна і праўдзіва ўспрымаць гісторыю, сувязь пакаленняў, уласную будучыню. Сіла шчырасці, з якой дзеці на сцэне чыталі вершы, спявалі песні, — такому нельга навучыць, значыць, і гэтыя хвіліны дарагога варты.

Паміж піянерскімі арганізацыямі Масквы і Віцебскай вобласці пацверджаны дамоўленасці аб супрацоўніцтве і сумеснай дзейнасці па праекце на 2017/2018 навучальны год. У рамках сустрэчы ў сярэдняй школе № 4 Наваполацка прайшоў абласны этап Рэспубліканскага конкурсу “Суперважаты” сярод старшых важатых піянерскіх дружын. У скла-дзе журы конкурсныя заданні ацэньваў кіраўнік піянерскай дружыны “Чырвоная Прэсня” Дзмітрый Шміт, які асобна адзначыў агульную асаблівасць усіх конкурсных выступленняў: абапіраючыся на лепшыя традыцыі, яны скіраваны ў будучыню, на далейшае развіццё.

— Нам прадставілі шэраг арыгінальных творчых напрацовак, кожнае выступленне было запамінальным, — адзначыў піянерскі лідар. — Было прыемна і здорава пазнаёміцца з важатымі Віцебшчыны, якія прыехалі на гэты конкурс, пабачыцца з нашымі добрымі сябрамі — старшынямі раённых саветаў БРПА. Спадзяёмся, што ў хуткім часе мы зноў сустрэнемся ў Маскве.

Свой вопыт, таленты і ўменні фіналісты абласнога этапу дэманстравалі падчас конкурсу партфоліа “Кейс важатага”, самапрэзентацыі “Маё імя — важаты”, творчага выпрабавання “Кліч піянераў”, у сацыяльнай рэкламе “Маё прызванне — запальваць сэрцы”. Канкурсанты праходзілі тэсціраванне “Прыступкі росту”, мадэлявалі сучасны вобраз важатага.

— Актыўнымі суаўтарамі кожнага выступлення сталі групы падтрымкі, якія прыехалі разам з удзельнікамі, — звярнула ўвагу загадчык аддзела піянерскай работы і дзіцячых рухаў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Наталля Шыбека. — Дзеці і дарослыя падбадзёрвалі сваіх важатых апладысментамі, плакатамі, трапнымі крычалкамі. Рознакаляровыя шарыкі, стужкі, сцяжкі стваралі атмасферу свята, а важатыя як сапраўдныя педагогі паклапаціліся, каб гэтая святочная атмасфера была яшчэ і дружнай.

Яркімі змястоўнымі выступленнямі і выдатным майстэрствам парадавалі прадстаўніцы сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай Полацка, Опсаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Браслаўскага раёна, сярэдняй школы № 5 Пастаў. Пераможцай абласнога этапу конкурсу ў намінацыі “Адкрыццё года” стала педагог-арганізатар сярэдняй школы № 3 Оршы Алена Скараціна. У намінацыі “Вопыт і майстэрства” перамагла педагог-арганізатар сярэдняй школы № 4 Наваполацка Юлія Шаркоўская. Яны прадставяць Віцебскую вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.