Суперважаты

У пачатку красавіка 2017 года ў Магілёве адбыўся абласны этап конкурсу “Суперважаты” сярод старшых важатых піянерскіх дружын. Ён праводзіўся ў рамках Міжнароднага злёту піянераў “Заўсёды гатовы!”, прысвечанага 95-годдзю піянерскага руху.

У конкурсе былі прадстаўлены дзве катэгорыі: “Адкрыццё года” (стаж працы ў БРПА ад 1 да 3 гадоў) і “Вопыт і майстэрства” (стаж працы ў БРПА звыш 3 гадоў). Абласны этап меў пяць конкурсных заданняў: партфоліа “Кейс важатага”, самапрэзентацыя “Імя маё — важаты”, сацыяльная рэклама “Маё прызванне — запальваць сэрцы”, тэсціраванне “Прыступкі росту” (на валоданне нарматыўна-прававымі дакументамі), мадэльеры сучаснага адзення “Вобраз важатага”. Усяго ў абласным этапе прымала ўдзел 26 канкурсантаў.

Мсціслаўскі раён прадстаўлялі тры ўдзельніцы: у катэгорыі “Адкрыццё года” — старшая важатая піянерскай дружыны “Данка” імя М.М.Мінчанкова Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ганна Марфонава, у катэгорыі “Вопыт і майстэрства” — старшая важатая піянерскай дружыны “Дружба” Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Алена Ціханоўская і старшая важатая піянерскай дружыны “Вясёлка” імя І.К.Вальваценкі Мазолаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Людміла Дадзянкова.

Усе ўдзельніцы годна выступілі і заваявалі дыпломы. Таксама важатыя атрымалі каштоўныя прызы ад абласной арганізацыі БРПА.

Аляксандр МАРФОНАЎ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна;

Настасся СЯДОВА,
піянер дружыны “Данка”.