Супервучні і іх настаўнікі

Выпускніца гімназіі № 1 Ашмян Настасся Саванец у гэтым годзе атрымала два стабальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні па хіміі і біялогіі. Навучэнцы гэтай установы кожны год дэманструюць высокія вынікі на ЦТ. Пра сістэму работы па якасным навучанні, падрыхтоўцы гімназістаў да цэнтралізаванага тэсціравання расказваюць дырэктар і настаўнікі гімназіі.

Вольга Уладзіміраўна САВАНЕЦ, дырэктар гімназіі № 1 Ашмян:

— Гмназія № 1 з 2005 года функцыянуе як установа дадзенага тыпу. За гэты час былі дасягнуты станоўчыя вынікі ў праектах, творчых конкурсах, алімпіядах, цэнтралізаваным тэсціраванні. У 2015 годзе выпускніца гімназіі Ілона Грыб атрымала стабальны вынік на ЦТ па вучэбным прадмеце “Хімія”.

У гэтым навучальным годзе ў нашых навучэнцаў чатыры стабальныя вынікі. Антаніна Ляпко і Юлія Качарга атрымалі 100 балаў па рускай мове. Падрыхтоўкай навучэнак займаліся настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі — настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ларыса Гендрыкаўна Канцавая (стаж 14 гадоў) і Наталля Яўгенаўна Рудая (стаж 43 гады). Дзяўчаты вывучалі рускую мову на павышаным узроўні ў класе па профільным кірунку “Руская мова, англійская мова”. Тоня ўдзельнічала ў алімпіядах па рускай мове.

Найвышэйшыя балы на цэнтралізаваным тэсціраванні па біялогіі і хіміі атрымала Настасся Саванец. Дарэчы, дзяўчына парадавала вынікамі ЦТ і па беларускай мове —  97 балаў. Сярэдні бал атэстата Насці складае 10. Такім чынам, у скарбонцы будучай студэнткі 397 балаў.

Да такога поспеху Настасся ішла на працягу адзінаццаці гадоў навучання ў школе. Круглая выдатніца, яна пастаянная ўдзельніца алімпіяд, конкурсаў, ня­зменны вядучы гімназічных мерапрыем­стваў, трэнер валанцёрскага руху.

На яе рахунку — перамогі на абласным этапе алімпіяды па хіміі. Невыпадкова па выніках рэспубліканскага конкурсу, які праводзіўся ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, Насця была прызнана супервучаніцай.

Сістэмна і плённа разам з дзяўчынай ішлі да гэтага выніку педагогі гімназіі Вольга Мікалаеўна Вінцкоўская — па хіміі і біялогіі, Марына Гендрыкаўна Свірбутовіч — па беларускай мове. Важнае месца ў падрыхтоўцы займалі таксама педагогі Ашмянскага раёна, якія рыхтавалі Насцю на міжшкольных факультатывах: па хіміі — Ганна Казіміраўна Лугіна (настаўніца хіміі Гальшанскай сярэдняй школы), па беларускай мове — Тэрэза Раманаўна Івашкевіч. Таксама гімназістка дадаткова займалася з рэпетытарам па біялогіі Святланай Антонаўнай Мароз.

Ствараем у гімназіі такія ўмовы па падрыхтоўцы да цэнтралiзаванага тэсцiравання, якія дазволяць рэалізаваць сацыяльна-адукацыйныя запыты навучэнцаў. Перш за ўсё гэта дапрофільная падрыхтоўка, адкрыццё профільных класаў, правядзенне факультатываў, арганізацыя платных адукацыйных паслуг для навучэнцаў, якія вызначыліся з прадметамі для далейшай здачы на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Паўтарэнне раней вывучанага матэрыялу варта праводзіць на кожным уроку ў 10—11 класах паралельна з вывучэннем новага. Але важна, каб паўтарэнне было сістэмным. Асаблівую ролю тут адводзім факультатыўным заняткам. У Ашмянскім раёне працуе шматпрофільны цэнтр “Інтэ­лект”. Ва ўстановах адукацыі арганізоўваюцца заняткі па вучэбных прадметах, іх праводзяць вопытныя педагогі. Вучні з іншых школ могуць наведваць гэтыя заняткі, мэтай якіх з’яўляецца падрыхтоўка да цэнтралiзаванага тэсцiравання.

Значнае месца займае рэпетыцыйнае тэсціраванне. Усе нашы навучэнцы ўжо ў 10 класе праходзяць РТ. Яно дазваляе набыць новы досвед, адчуць пераход з тэарэтычнай плоскасці ў практычную, праверыць узровень сваіх ведаў, акрэсліць шляхі найбольш эфектыўнай падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, у тым ліку псіхалагічнай, адчуць павышаныя патрабаванні да дысцыпліны, акрамя таго, атрымаць тэхнічныя навыкі запаўнення бланкаў.

Сёлетнія вынікі гімназістаў, якія займаліся па профілях “Руская мова, англійская мова”, “Хімія, матэматыка” і вывучалі гэтыя прадметы на павышаным узроўні, былі апраўданы. Па рускай мове сярэдні бал у профільнай групе склаў 75,4, па англійскай мове — 65, па хіміі — 67,3, па матэматыцы — 64.

Вядома, навучыць можна толькі таго, хто гэтага хоча. Галоўнае ў падрыхтоўцы да ЦТ — матывацыя навучэнца, асяроддзе, у якім ён жыве, настрой бацькоў дзіцяці. І педагог не толькі павінен вучыц­ь, але і выхоўваць, падтрымліваць, заахвочваць навучэнца, павышаць яго самаацэнку, упэўненасць у сваіх ведах.

Валянціна Сямёнаўна САПАЧОВА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце:

— Адной з задач, якая стаяла перад педагагічным калектывам гімназіі на 2017/2018 навучальны год, было ўдасканальванне якасці гімназічнай адукацыі праз фарміраванне ў навучэнцаў матывацыі да вучэбнай дзейнасці. Паспяховаму вырашэнню гэтай задачы садзейнiчаў удзел установы ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі цьютарскага суправаджэння даследчай дзейнасці навучэнцаў праз узаемадзеянне ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі”.

Адукацыйны працэс быў арганізаваны на аснове вучэбна-даследчай дзейнасці. Гэта дало магчымасць будаваць індывідуальную адукацыйную траекторыю для кожнага навучэнца, стала падмуркам для яго самавызначэння, а таксама профільнай падрыхтоўкі. Было наладжана супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі, і цьютарамі для гімназістаў з’яўляліся нашы выпускнікі. Такое ўзаемадзеянне дазволіла цьютарантам (навучэнцам — удзельнікам інавацыйнай дзейнасці) павысіць матывацыю да вывучэння прадметаў у рамках міні-даследаванняў, дапамагло фарміраванню асноў даследчай культуры.

Наталля Яўгенаўна РУДАЯ, настаўніца рускай мовы і літаратуры:

— Работа па падрыхтоўцы да цэнтралiзаванага тэсцiравання павінна пачынацца ўжо ў 5 класе. Спачатку падчас вуснай франтальнай работы даюцца розныя тэставыя заданні, і гімназісты вучацца з прапанаваных варыянтаў адказаў выбіраць правільны, пры гэтым яны абавязкова тлумачаць, чаму не падыходзяц­ь іншыя варыянты. Калі ўжо назапашаны пэўны вопыт рашэння тэстаў, навучэнцам прапануюцца для самастойнага выканання тэматычныя тэсты, потым франтальна абмяркоўваюцца адказы, ход рашэння.

У далейшым тэст становіцца адной з форм самастойнай работы. Настаўнік ставіць адзнаку, праводзіць аналіз. З навучэнцамі, якія не справіліся, праводзіцца работа на падтрымліваючых занятках.

На сваіх уроках і факультатыўных занятках сістэматычна арганізоўваю паўтарэнне па асноўных тэмах і пытаннях. Пры гэтым выкарыстоўваю методыку канцэнтраванага паўтарэння, якое прадугледжвае паўтарэнне буйнымі блокамі, структураванне матэрыялу пры дапамозе складання табліц, схем, алгарытмаў, апорных канспектаў. Выкарыстоўваю дыстанцыйныя формы навучання.

Ларыса Гендрыкаўна КАНЦАВАЯ, настаўніца рускай мовы і літаратуры:

— Выкарыстоўваю заданні на развіццё лагічнага мыслення, дзе трэба супаставіць, параўнаць, злучыць. Вельмі эфектыўным з’яўляецца вырашэнне праблемных пытанняў у групах. Для замацавання тэорыі прапаную серыі тэматычных залікаў і практыкаванняў, выкананне якіх дапамагае мне выявіць прабелы ў ведах вучняў і папярэдзіць магчымыя памылкі. Такія формы і метады работы фарміруюць у дзяцей лагічнае мысленне, што неабходна пры рашэнні тэстаў. Часта самі ствараем апорныя канспекты, лагічныя ланцужкі пры тлумачэнні напісання слоў. Выкарыстоўваю таксама логіка-сэнсавыя карты. Навучэнцам тлумачу, што трэба пачынаць паўтарэнне з асноў, рухацца ад простага да складанага. Адкрываючы тэст, многія палохаюцца, колькі ўсяго забыліся. Так, у варыянце ЦТ сабрана ўсё, што вывучалася ў школе на працягу адзінаццаці гадоў, але гэта абсалютна рэальна паўтарыць у сціслыя тэрміны. Для добрага выніку трэба шмат працаваць. Калі прыкласці дастаткова намаганняў, стараннасці — усё атрымаецца.

Ад тэорыі трэба адразу пераходзіць да практыкі. Вывучыў — адпрацаваў, тэорыя — тэст, вывучыў — адпрацаваў, тэорыя — тэст — гэта павінна стаць правілам для навучэнца. Няма сэнсу зазубрывац­ь правіла, калі навучэнец не ўмее выкарыстоўваць яго на практыцы. На дапамогу прыходзіць тэматычны трэнажор, а таксама зборнікі, у якіх тэсты згрупаваны па тэмах. Тут няма нічога новага, але гэта найбольш эфектыўны метад засваення матэрыялу.

Вольга Мікалаеўна ВІНЦКОЎСКАЯ, настаўніца хіміі і біялогіі:

— 100 балаў Настассі на ЦТ — гэта 1 працэнт поспеху і 99 працэнтаў упартай шматгадовай працы.

Я пазнаёмілася з Насцяй, калі дзяўчынка прыйшла да мяне на ўрок у 7 класе. Не заўважыць яе было немагчыма. Гэта было яркае, актыўнае, заўсёды падрыхтаванае да ўрока дзіця, якое жадала ўсё ведаць. І ўжо з 7 класа мы сталі з ёй дадаткова займацца хіміяй.

Да кожнага ўрока я падбіраю заданні са зборнікаў ЦТ, на факультатыўных занятках асаблівае месца адводжу рашэнню задач. Тут неабходна навучыць правільна чытаць умовы задач, знахо­дзіць адсутныя даныя, ад якіх будзе залежаць рашэнне задачы.

Бачачы цікавасць Насці да прадмета і яе зацятасць, ведала, што ў нас з ёй усё атрымаецца. Работа на ўроках, наведванне факультатыву, заняткі ў раённым шматпрофільным цэнтры “Інтэлект”, самастойная работа дома — гэтая пяцігадовая праца дала свае вынікі. Кожны год на раённай алімпіядзе па хіміі Насця займала першае месца з вельмі добрым працэнтам выканання і з вялікім адрывам ад астатніх. Ужо ў 8 класе дзяўчына заваявала першае месца ў алімпіядзе па хіміі па тэкстах упраўлення адукацыі, у 9 класе прайшла на абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па трох прадметах, але выбрала хімію і атрымала грамату галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама за поспехі на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Хімія”. У 10 класе Насця на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі заваявала дыплом І ступені і атрымала шанс паспрабаваць свае сілы на заключным этапе. 100 балаў на ЦТ — гэта лепшая ўзнагарода гімназісткі за ўсе яе намаганні.

Марына Гендрыкаўна СВІРБУТОВІЧ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:

— У любой школьнай перамогі некалькі кампанентаў: дзіця, настаўнік, матывацыя, настрой і… праца, штодзённая, сумленная. Менавіта ўменне зацікавіць сваім прадметам з’яўляецца іншы раз галоўным, але цудоўна, калі ёсць той вучань, з якім вы на адной хвалі.

Мне пашчасціла: у мяне ёсць такія гімназісты. Сярод іх, безумоўна, вылучаецца Настасся Саванец. Павінна адзначыць, што кожны год, пачынаючы з 5 класа, Насця займала першае месца ў другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, а сёлета атрымала 97 балаў на ЦТ.

Адкуль бяруцца поспехi, дасягненнi, перамогi? Канечне, з сістэмнай работы. На першым этапе ўсё залежыц­ь ад цікавасці да прадмета і да настаўніка, але і стан творчага ўздыму педагога цалкам залежыць ад выхаванцаў. Мая любімая фраза: “Чалавек натхняецца чалавекам”. Менавіта знаёмства з Нас­цяй і яе аднакласнікамі, калі яны толькі прыйшлі ў 5 клас гімназіі, натхніла мяне на творчую дзейнасць: разам з мужам мы стварылі для навучэнцаў серыю інтэлек­туальных камп’ютарных гульняў, якія спрыялі развіццю творчых здольнасцей і выхаванню мона- і дыялагічнай мовы. Гэта і гульня “Палёт у казку”, якая фарміравала не толькі ўвагу да дэталей, але і развівала крэатыўнае мысленне, гэта таксама інтэлектуальны квест “Аматар слова”, што спрыяў пашырэнню лексічнага запасу і адшліфоўваў арфаграфічную пільнасць. Па меры сталення Нас­ці з’яўляліся і новыя флэш-анімацыі, новыя электронныя прадукты, тэсты.

Безумоўна, першапачаткова я распрацавала індывідуальны план работы, затым усе формы і метады, якія выкарыстоўваю на ўроках, былі падзелены на ўрочныя і пазаўрочныя. Падчас урокаў Настасся дастаткова часта працавала над заданнямі творчага характару: вуснымі выказваннямі, эсэ, арганізоўвала і здзяйсняла праектную дзейнасць, а пазаўрочная работа складалася з удзелу ў конкурсах, інтэрнэт-алімпіядах, распрацоўкі буктрэйлераў. На працягу 4 гадоў гімназістка актыўна наведвала факультатыў па беларускай мове, а затым прымала ўдзел у занятках клуба “Інтэлект”. На маю думку, найбольш эфектыўны метад узаемадзеяння з Насцяй — індывідуальныя заняткі-кансультацыі.

Трэба адзначыць, што ў нашым раёне праца з адоранымі вучнямі арганізавана на высокім узроўні. У дапамогу настаўніку, які рыхтуе вучняў да алімпіяднага руху і цэнтралізаванага тэсціравання, працуе міжшкольны факультатыў “Інтэлект”. Адметна і важна непасрэдна для мяне, што міжшкольны факультатыў па беларускай мове праводзіла Тэрэза Раманаўна Івашкевіч — цудоўны педагог, майстар слова, якая і мяне вучыла роднай мове.

На маю думку, толькі такі творчы  саюз — бацькі, якія першапачаткова стымулявалі і падтрымлівалі сваё дзіця, настаўнікі, якія заўважылі творчыя і інтэлектуальныя здольнасці навучэнкі і развівалі іх далей, сама дзяўчына, геніяльная ва ўсім, за што б ні ўзялася, — змог прывесці да такіх высокіх вынікаў.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *