Супольнасць экспертаў

У РІПА прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Аб’яднанне вопытных кіраўнікоў спрыяе выпрацоўцы стратэгічных арыенціраў і механізмаў удасканалення сістэмы прафесійнай адукацыі.

Рэспубліканскі савет дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі заснаваны ў 2013 годзе. У яго склад уваходзяць 28 удзельнікаў: па 4 прадстаўнікі ад кожнай вобласці і Мінска. Усе яны вопытныя кіраўнікі, неабыякавыя да справы, якую робяць. На савеце абмяркоўваюць актуальныя праблемы і выпрацоўваюць рэкамендацыі па асноўных пытаннях развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. За гады існавання савета было праведзена 12 пасяджэнняў і разгледжана звыш 20 пытанняў. Больш за 80 працэнтаў прапаноў, выпрацаваных гэтым калегіяльным органам, былі падтрыманы і рэалізаваны.

Да работы на пасяджэнні савета далучыліся прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, галоўных упраўленняў (камітэта) па адукацыі аблвыканкамаў (Мінгарвыканкама), РІПА, эксперты праекта Еўрапейскага саюза “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне”.

Пленарнае пасяджэнне савета адкрыла выступленне І.А.Старавойтавай, першага намесніка міністра адукацыі. Ірына Анатольеўна падкрэсліла значнасць сістэмы ПТА і ССА, адзначыўшы, што ў сучасных умовах прафесійная адукацыя з’яўляецца адной з найважнейшых крыніц фарміравання працоўных рэсурсаў нашай краіны, развіцця кадравага патэнцыялу. Акрамя таго, сістэма з’яўляецца гарантам інтэлектуальнага, культурнага і духоўна-маральнага развіцця моладзі. Сістэма прафесійнай адукацыі паспяхова развіваецца і забяспечвае патрэбы ў кадрах у розных сферах эканомікі. Намеснік міністра акцэнтавала ўвагу на некаторых задачах, актуальных для сістэмы сёння. Гэта лічбавая трансфармацыя адукацыі, укараненне зялёных тэхналогій. Сёння важным элементам сістэмы сталі рэсурсныя цэнтры. У іх неабходна праводзіць апераджальную падрыхтоўку кадраў, арганізоўваць работу так, каб магчымасці цэнтраў выкарыстоўваліся максімальна. Прамысловасці патрэбны работнікі, здольныя працаваць у рэжыме інавацый — на іх падрыхтоўку павінна быць звернута ўвага. Актульны кірунак работы — выбудоўванне бесперапыннага дыялогу з навучэнцамі, выкарыстанне новых форм інфармавання моладзі, у тым ліку праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, якія сёння сталі галоўнай крыніцай інфармацыі для навучэнцаў.

Асаблівае месца ў вырашэнні гэтых задач і стварэнні стратэгіі далейшага развіцця сістэмы ПТА і ССА адводзіцца Рэспубліканскаму савету дырэктараў.

— Савет павінен стаць экспертнай супольнасцю, якая актыўна ўключаецца ва ўсе працэсы, здольная аналізаваць асноўныя напрамкі дзейнасці ўстановы, уносіць прапановы па ўдасканаленні работы, па стратэгічных задачах развіцця сферы адукацыі, ажыццяўляць цеснае ўзаемадзеянне з сектаральнымі саветамі, — заявіла І.А.Старавойтава.

Канцэпцыя развіцця савета дырэктараў устаноў ПТА і ССА на рэспубліканскім і абласным узроўнях стала тэмай для абмеркавання на мерапрыемстве. Была выказана прапанова стварэння адзіных абласных саветаў, якія аб’ядналі б дырэктараў усіх каледжаў і ліцэяў рэгіёна, незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасці, кірункаў і ўзроўняў падрыхтоўкі. Яшчэ адна ідэя — прыцягненне да ўдзелу ў рабоце органа дырэктараў устаноў і прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца заказчыкамі кадраў. Гэта дапаможа разглядаць пытанні ўсебакова і больш глыбока.

Для ўдасканалення ўласнай работы карысна знаёміцца з вопытам іншых краін, таму беларускія кіраўнікі з цікавасцю слухалі аповед калегі з Эстоніі — Меелі Калдма, якая ўзначальвае Талінскую школу сэрвісу. Яна расказала пра фарміраванне сучаснай сістэмы кіравання прафесійнай адукацыяй у сваёй краіне.

Не менш цікавы і беларускі вопыт работы каледжаў і ліцэяў. Так, Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж удзельнічае ў рэалізацыі пяці міжнародных праектаў. Сфера інтарэсаў праектаў — ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Пра гэта расказаў дырэктар каледжа Андрэй Пятровіч Сусла.

Эфектыўны менеджмент ва ўстановах ССА і ПТА ва ўмовах зялёнай эканомікі абмеркавалі ў рамках панэльнай дыскусіі. Тэма знайшла працяг падчас наведвання філіяла РІПА “ЭкаТэхнаПарк — Волма”, дзе кіраўнікі ўстаноў адукацыі азнаёміліся з магчымасцямі прымянення вучэбнага абсталявання лабараторый парка ў адукацыйным працэсе. Вынікі работы падведзены ў фармаце круглага стала.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.