Супраць наркаманіі — прафілактыка

- 16:35Нам пішуць

Сёння наркаманія сярод падлеткаў набывае пагрозлівыя маштабы. З розных крыніц па выніках апытанняў вядома, што 40% хлопчыкаў і 30% дзяўчынак спрабавалі хоць раз у жыцці наркотыкі і іншыя падобныя ім рэчывы. А калі потым другі раз, трэці і…

Спецыялісты лічаць, што асноўныя прычыны наркаманіі сярод непаўналетніх — сацыяльна-педагагічныя і сацыяльныя. Падлеткі шмат часу праводзяць у школе, такім чынам, школа — цэнтр прафілактыкі наркатычнай залежнасці сярод непаўналетніх. Бліжэй і больш за ўсё навучэнцы звязаны з класным кіраўніком.

Адзін з напрамкаў работы класнага кіраўніка — фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця вучняў, што мае на ўвазе выхаванне ўнутранай патрэбы весці здаровы лад жыцця, а значыць, свядомую адмову ад розных залежнасцей.

На мой погляд, самы істотны метад барацьбы з наркаманіяй — прафілактыка. Агульнавядома, што любую хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Маю работу па прафілактыцы наркатычнай залежнасці можна раскласці на тры складнікі.

Па-першае, гэта тэматычныя мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне ўзроўню інфармавання вучняў аб праблеме наркаманіі, на растлумачэнне школьнікам, якую шкоду і негатыўныя вынікі дае знаёмства з наркатычнымі рэчывамі. Па-другое, гэта мерапрыемствы, якія прапануюць навучэнцам матэрыял для разважання, накіраваныя на ўменне сказаць “Не” наркотыкам. Па-трэцяе, правядзенне розных відаў апытанняў: “Што ты ведаеш пра наркаманію?”, “Тваё асабістае стаўленне да гэтай праблемы”, “Ты і наркотыкі”.

Стараюся арганізаваць работу так, каб уключыць вучняў у падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемстваў, даць прастору для творчасці. Падчас эўрыстычнай гутаркі “Хвароба стагоддзя”, гадзіны зносін “Ашуканыя надзеі” школьнікі высвятляюць, што наркаманія практычна не лечыцца. Акрамя таго, мы закранаем пытанні ВІЧ-захворванняў і іх прафілактыкі.

На ўроках здароўя не толькі фармулююцца вялікія ісціны пра здароўе чалавека, але і разглядаюцца сітуацыі “Як зробіш ты?”. Можна выказаць і абгрунтаваць сваё меркаванне, якое часам ідзе ў разрэз з агульнапрынятым. Перад правядзеннем дзіцячага дыскусійнага клуба або свабоднай размовы загадзя прапаноўваю навучэнцам пытанні і спіс літаратуры па тэме, дзе пераважаюць спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы, што, несумненна, зацікавіць.

Мэта тэатралізаваных класных гадзін “Недапісаны аповед”, “Ліст з XXVII стагоддзя” — даць навучэнцам матэрыял для разважання. Часцей за ўсё абмеркаванне праблемы працягваецца ў мікрагрупах да наступнай класнай гадзіны.

Асаблівае месца ў прафілактыцы наркатычнай залежнасці маюць сустрэчы з цікавымі людзьмі. Хто гэтыя цікавыя людзі? Бацькі-медыкі, спартсмены, працаўнікі РАУС. Прафілактыка наркаманіі з дапамогай бацькоў мае вырашальнае значэнне ў фарміраванні светапогляду падлетка і яго стаўлення да наркотыкаў. Сустрэчы праходзяць цікава ў выглядзе круглага стала, дзе ўсе ўдзельнікі выступаюць на роўных.

Інтэрнэт-тэхналогіі трывала ўвайшлі ў наша жыццё, такім чынам, выкарыстанне іх у прафілактыцы наркатычнай залежнасці ў падлеткаў — патрабаванне часу. Прагляд відэаролікаў, відэафільмаў прымушае вучняў задумацца над сур’ёзнасцю праблемы, бо ўсё тое, пра што ўжо прагаварылі, разгортваецца перад вачыма. Нездарма кажуць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Віктарыны, пазнавальныя гульні, КВЗ дазваляюць замацаваць матэрыял у гульнявой форме (дзелавыя гульні любяць школьнікі усіх узростаў).

Асаблівую ролю ў прафілактыцы нарказалежнасці маюць трэнінгі, мэта якіх — пазначыць праблемы, звязаныя з наркаманіяй, і папярэдзіць першае ўжыванне наркотыкаў і іншых псіхаактыўных рэчываў. Важнае правіла правядзення трэнінгу — уся асабістая інфармацыя, якая гучыць на трэнінгу, з’яўляецца закрытай.

Розныя апытанні сярод навучэнцаў праводжу ананімна, што дазваляе адказваць сумленна. Тут неацэнная дапамога школьнага псіхолага. Ён не толькі дапамагае падабраць матэрыял і правільна апрацаваць вынікі, але і скарэкціраваць работу.

Трэці складнік работы па прафілактыцы наркатычнай залежнасці — дыягнастычныя мерапрыемствы з тымі навучэнцамі, якія ўжо адчулі на сабе дзеянне наркотыкаў неаднойчы. На шчасце, за 32 гады работы ў школе мне не давялося сустракацца з такімі вучнямі ў сваіх класах. Лічу, што гэта і ёсць паказчык якасці прафілактыкі.

Поспех прафілактыкі залежыць не ад колькасці праведзеных пазакласных мерапрыемстваў, а ад іх якасці. Акрамя гэтага, вельмі важна ведаць сем’і вучняў, бо часта негатыўныя паводзіны падлетка правакуе сітуацыя ў сям’і. І яшчэ: падлетку цяжка справіцца з праблемай аднаму. Роля класнага кіраўніка — своечасова падставіць плячо.

Прафілактыка наркаманіі сярод падлеткаў — работа ўсіх, хто звязаны з падрастаючым пакаленнем. Прычым чым больш кампетэнтна, зладжана і якасна будзе арганізавана прафілактычная дзейнасць, тым вышэй верагоднасць таго, што яна ў выніку прывядзе да доўгатэрміновых змен. У той жа час падлеткі самі павінны мець магчымасць уплываць на працэс прыняцця рашэнняў, якія непасрэдна закранаюць іх інтарэсы. У іх таксама дастаткова сіл для таго, каб аказваць дапамогу сваім аднагодкам, іншым членам грамадства. Для падлеткаў характэрныя як асаблівыя патрэбы, так і вялікі стваральны патэнцыял. Маючы доступ да неабходнай інфармацыі, а таксама актыўна ўдзельнічаючы ў грамадскім жыцці, падлеткі рэалізуюць свой патэнцыял і вырастаюць дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Алена ЗМІЁВА,
класны кіраўнік 9 “А” класа, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі
сярэдняй школы № 1 Бялынічаў імя Мікалая Іванавіча Пашкоўскага.