Супраць наркаманіі разам

На Магілёўшчыне праходзіць прафілактычная акцыя “Разам супраць наркотыкаў”, у рамках якой прадугледжаны розныя мерапрыемствы, накіраваныя на прыцягненне ўвагі грамадства да праблемы наркаманіі. Адным з такіх мерапрыемстваў стаў першы абласны бацькоўскі сход, які адбыўся ў абласным Цэнтры творчасці.

У пасяджэнні прынялі ўдзел 450 бацькоў з усіх раёнаў і гарадоў рэгіёна, а таксама дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прадстаўнікі ўпраўленняў і камітэтаў аблвыканкама, намеснікі старшынь рай(гар) выканкамаў, намеснікі камісій па справах непаўналетніх абл- і рай(гар)выканкамаў, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, супрацоўнікі абласнога наркалагічнага дыспансера, абласной пракуратуры. Прынялі ўдзел у мерапрыемстве таксама намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў і архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній.
Галоўнай мэтай маштабнай сустрэчы стала тлумачэнне бацькам існуючых у падлеткавым асяроддзі праблем і папярэджанне ўзнікнення выпадкаў ужывання наркатычных сродкаў і курыльных сумесяў.
Праграма мерапрыемства дазволіла разгледзець праблему падлеткавай наркаманіі з розных бакоў. Так, удзельнікі мерапрыемства наведалі выставу, дзе змаглі ўбачыць розныя тэматычныя экспанаты, прадстаўленыя школьнікамі, службамі МНС, ДАІ, абласнога Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і здароўя, а таксама атрымаць інфармацыйныя лістоўкі і плакаты. А падчас пасяджэння прысутныя азнаёміліся з сістэмай выхаваўчай работы ўстаноў адукацыі вобласці і разам падрабязна разгледзелі пытанні, якія тычацца прафілактыкі ўжывання падлеткамі наркатычных і таксічных сродкаў, метадаў распазнавання залежнасці, фарміравання бяспечных і адказных паводзін непаўналетніх. Выказалі сваё меркаванне наконт абазначаных праблем і непасрэдна прадстаўнікі бацькоў і навучэнцаў. Варта адзначыць, што праходзіў сход у рэжыме “адкрытага мікрафона”. Такім чынам любы з бацькоў мог задаць пытанне, якое яго цікавіць, ці ўнесці канкрэтную прапанову. І, як расказала намеснік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алена Сімакова, ідэй, здольных удасканаліць работу, якая праводзіцца, паступіла нямала.
— Кожная з прапаноў, якія паступілі падчас пасяджэння, будзе разгледжана і, магчыма, зможа паспрыяць паляпшэнню прафілактычнай работы з навучэнцамі. Гэта, безумоўна, найлепшым чынам сведчыць пра значнасць такіх мерапрыемстваў, — падкрэсліла Алена Фёдараўна. — Дарэчы, пасля абласнога бацькоўскага сходу падобныя сходы пройдуць у кожным раёне Магілёўшчыны, што дазволіць удзельнікам распаўсюдзіць атрыманую карысную інфармацыю далей, а значыць, яшчэ больш узмоцніць эфект нашага мерапрыемства.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.