Супраць насілля ў сям'і

Праект закона “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” у чэрвені гэтага года быў прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Восенню на пасяджэнні чарговай сесіі дэпутаты плануюць разгледзець законапраект у другім чытанні. Аб тым, якія нормы прадугледжаны гэтым дакументам, нашым чытачам расказаў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы В.А.Аляксеенка.

У сваім каментарыі нашай газеце дэпутат падкрэсліў, што законапраект па сутнасці замяняе існуючы Закон Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2008 года “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” і артыкул 18 Закона Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2009 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”. Пры гэтым прадугледжана, што прафілактыка правапарушэнняў, якія ўчыняюцца непаўналетнімі, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”, новым законам і іншымі актамі заканадаўства. Прафілактыка правапарушэнняў пры вядзенні крымінальнага і адміністратыўнага працэсаў, выкананні пакаранняў і іншых мер крымінальнай адказнасці ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Праектам закона прадугледжваецца, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вызначае дзяржаўную палітыку ў сферы прафілактыкі правапарушэнняў, ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў, падпарадкаваных кіраўніку дзяржавы, а ўрад краіны ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў, якія яму падпарадкаваны.
Па словах парламентарыя, у адрозненні ад законаў, якія дзейнічалі ў гэтай сферы да гэтага часу і ў цэлым мелі на ўвазе іх выкананне ў большай меры органамі ўнутраных спраў, новы дакумент прадугледжвае прыцягненне больш як 30 суб’ектаў, якія будуць весці работу па прафілактыцы правапарушэнняў. Гэта не толькі органы ўнутраных спраў, але і органы кіравання адукацыяй і непасрэдна ўстановы адукацыі, аховы здароўя і медыцынскія ўстановы, органы, падпарадкаваныя Міністэрству працы і сацыяльнай абароны, і шэраг грамадскіх арганізацый, у тым ліку добраахвотныя дружыны.
— Такі падыход вельмі важны, — адзначыў В.А.Аляксеенка, — таму што дазваляе больш маштабна, сістэмна і аператыўна займацца гэтай праблемай, больш дакладна змадэляваць іх дзейнасць па прадухіленні правапарушэнняў у штодзённым жыцці і такім чынам стварыць больш эфектыўны і надзейны бар’ер для правапарушальнікаў.
У залежнасці ад функцый таго ці іншага суб’екта будзе вызначацца кола іх абавязкаў па прадухіленні правапарушэнняў, і такім чынам будзе распісаны алгарытм работы ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. У новым законапраекце прапісаны змест работы па прафілактыцы і прадухіленні правапарушэнняў, пачынаючы з прафілактычнай гутаркі, потым прафілактычнае папярэджанне і апошні этап — прафілактычны ўлік.
Як адзначыў В.А.Аляксеенка, мерамі агульнай прафілактыкі з’яўляюцца распрацоўка і зацвярджэнне рэгіянальных комплексных праграм па прафілактыцы правапарушэнняў, правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні правапарушэнняў, прававая асвета грамадзян, а таксама іншыя меры, якія прадугледжаны праектам закона і іншымі заканадаўчымі актамі. Мерамі індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў з’яўляюцца прафілактычная гутарка, афіцыйнае папярэджанне, прафілактычны ўлік і іншыя.
Дэпутат паведаміў, што ўпершыню ў главе 17 законапраекта вызначаны асноўныя прафілактычныя мерапрыемствы па прадухіленні насілля ў сям’і, закладзены патрабаванні да суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні правапарушэнняў. Да гэтай работы законапраектам прадугледжана далучыць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, органы ўнутраных спраў, органы кіравання аховы здароўя, адукацыі, медыцынскія ўстановы, установы адукацыі, органы па працы і сацыяльнай абароне. У главе 17 прапісана, хто павінен рыхтаваць спецыялістаў, ажыццяўляць іх перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі ў рабоце па прафілакцыцы насілля ў сям’і. Таксама вызначаны мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія ствараюць адпаведныя арганізацыі па пытаннях насілля ў сям’і, вызначаюць месцы, дзе можна размясціць ахвяр сямейнага насілля, і ў выключных выпадках самога насільніка. Грамадзяніну, у дачыненні да якога ажыццяўляецца прафілактычны ўлік і які ў гэты перыяд прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці за правапарушэнне, здзейсненае ў адносінах да сям’і, можа быць вынесена ахоўнае прадпісанне. Гэта новы ў заканадаўстве праваахоўны інструмент прафілактычнай работы, які дазваляе прымаць больш канкрэтныя дзеянні да насільніка ў сям’і, нават ізаляванне яго ад сям’і.
— Увогуле работу з такой катэгорыяй грамадзян трэба праводзіць не аднаразова і не абмяжоўваць яе толькі псіхалагічнай дапамогай, а весці рэгулярна, сістэмна, канструктыўна, што, безумоўна, дапаможа вывесці яе на больш высокі ўзровень і дазволіць пазбегнуць насілля ў сям’і, — адзначыў дэпутат. — Прыняцце законапраекта адкрывае новыя магчымасці для ўдасканалення гэтай работы і дазваляе працаваць у сферы прафілактыкі сямейнага насілля згодна з міжнароднымі нормамі.

Ала КЛЮЙКО.