Супраць скажэнняў гісторыі

- 10:00Навіны рэгіёнаў

Больш 50 дакладаў прадставілі ўдзельнікі Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі “Беларусь у гістарычнай рэтраспектыве XIX—XXI стагоддзяў: этнакультурныя і нацыянальна-дзяржаўныя працэсы”, якая прайшла на базе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. 

Мерапрыемства традыцыйна рыхтавалася калектывам кафедры гісторыі Беларусі і прыцягнула як аўтарытэтных, так і маладых даследчыкаў айчыннай гісторыі і культуры. Сярод іх — 7 дактароў і 31 кандыдат гістарычных навук з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, БДУ, устаноў вышэйшай адукацыі Мінска, Брэста, Магілёва, Гомеля, музеяў краіны. Змест работ ахопліваў розныя аспекты гісторыі і культуры Беларусі. Навуковы форум, арганізаваны выкладчыкамі факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый установы, праходзіў у рэжыме анлайн-трансляцыі.

Аўтары даследаванняў прадставілі вынікі навуковай інтэрпрэтацыі пытанняў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адаптацыі этнічных супольнасцей у беларускім грамадстве, захавання культурных традыцый. Як адзначылі арганізатары, правядзенне канферэнцыі спрыяе не толькі паглыбленню ведаў у асобных галінах гістарычных даследаванняў, але і дазваляе сфарміраваць аб’ектыўную карціну мінулага, пазбаўленую наўмысных скажэнняў і фальсіфікацый. Для выкарыстання прадстаўленых матэрыялаў у будучых гістарычных праектах і папулярызацыі новых навуковых распрацовак плануецца выданне зборніка матэрыялаў канферэнцыі. Ва ўніверсітэце спадзяюцца, што навуковая канферэнцыя стане значным укладам у айчынныя гістарычныя даследаванні і ўзбагачэнне гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі.

Тым часам у Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін падвялі вынікі конкурсу маладых міжнароднікаў СНД. Гамяльчане трапілі ў спіс прызёраў. Выкладчыкі ГДУ імя Ф.Скарыны Яўген Западнюк і Аляксандр Баранаў занялі 2-е месца ў асноўнай намінацыі, прысвечанай перспектывам інтэграцыі на прасторы СНД. У сваёй сумеснай рабоце яны прапанавалі прадпрыемствам і суб’ектам дзвюх краін стварыць інфармацыйныя кластары Беларусі і Расіі. Конкурс маладых міжнароднікаў СНД імя А.А.Грамыкі сёлета аб’яднаў 513 удзельнікаў з 11 краін.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.