Супраць залежнасці: сучасныя падыходы

Няма наркотыкаў, якія не выклікаюць залежнасці, прычым узнікае яна вельмі хутка, — гэта не стамляюцца паўтараць медыкі. Няма залежнасцей, якіх лёгка пазбавіцца, — таксама вядома ўсім. Тым не менш нездаровая цікавасць, безадказнасць, легкадумнасць штурхаюць людзей на небяспечныя эксперыменты. Прафілактыка наркаманіі, яе лячэнне і рэабілітацыя залежных застаюцца ў цэнтры ўвагі, развіваюцца ў плане метадаў і падыходаў. Гэта змаганне за жыццё.

І бітва дае вынікі: з пачатку гэтага года захавалася дынаміка зніжэння колькасці зарэгістраваных нарказлачынстваў — на 30%. Амаль на палову менш выяўлена нарказлачынстваў з удзелам непаўналетніх, выяўлена 14 непаўналетніх, якія здзейснілі такія злачынствы. Зніжаецца і колькасць перадазіровак сярод моладзі да 18 гадоў: за 4 месяцы бягучага года выяўлены толькі 1 такі выпадак. Апошні выпадак смерці непаўналетняга ад наркотыкаў быў зарэгістраваны ў краіне наогул у 2014 годзе. Таксама працягваецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці нарказлачынстваў, якія здзяйсняюць асобы, судзімыя раней.

— Адным з фактараў, які ў апошнія месяцы аказвае ўплыў на наркасітуацыю, стала складаная эпідэміялагічная сітуацыя, — пры­знае начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Алег Канстанцінавіч Сільвестровіч. — Зменшылася паступленне ў нашу краіну наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. У сувязі з гэтым інтэрнэт-магазіны пачалі рэалізоўваць наркотыкі меншымі дозамі за большыя грошы.

Што ж, калі так склалася, трэба тэндэнцыю замацаваць, зрабіць упор на прафілактыку. Канечне, з правядзеннем масавых мерапрыемстваў варта пачакаць, але ёсць іншыя метады. Так, Міністэрс­тва ўнутраных спраў далучылася да праекта прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) , што тычыцца бяспекі дзяцей у інтэрнэце. Праект прадугледжвае серыю вэбінараў для дзяцей рознага ўзрос­ту і іх бацькоў. Сёлета ў Міністэрства інфармацыі МУС накіравала паведамленні аб неабходнасці абмежавання доступу да прыкладна 200 сайтаў, якія звязаны з незаконным абаротам наркотыкаў. Спынена дзейнасць 6 інтэрнэт-магазінаў. Дзейнічае Інфармацыйная стратэгія па прафілактыцы наркаўжывання і процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў у Рэспубліцы Беларусь на 2020—2025 гады. Запушчаны праекты па стварэнні цэнтраў прафілактыкі наркаманіі, антынаркатычных пляцовак, цэнтра нагляднай прафілактыкі нар­каманіі ў Брэсце і кабінета прафілактыкі ў Віцебску, стварэнне антынаркатычных пляцовак запланавана ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Пры гэтым у 2020 годзе (на канец мая) супрацоўнікі органаў унутраных спраў выявілі 13 памяшканняў, абсталяваных для вырошчвання наркаўтрымліваючых раслін. Выявілі і перакрылі 14 каналаў паставак у Беларусь нар­котыкаў з-за мяжы, а таксама іх транзіту. У мінулым годзе па ініцыятыве МУС сумесна з ЮНІСЕФ распрацавана другая галіна рэсурсу роmogut.by — kids/pomogut.by, накіраваная на непаўналетніх, бацькоў, педагогаў. МУС і Міністэрства адукацыі прапрацоўваюць пытанне аб укараненні сайта ў адукацыйны працэс па ўсёй краіне.

Пры ўсіх станоўчых зрухах спецыялісты МУС заклікаюць не забываць: сітуацыя зменіцца, граніцы адкрыюцца, і трэба быць гатовымі да гэтага — наркапагроза ў Беларусі захоўваецца. Пра гэта сведчыць, напрыклад, тое, што за мінулы год колькасць атручэнняў наркотыкамі вырасла на 16,5%, зафіксаваны 381 выпадак перадазіроўкі (127 за 1 квартал бягучага года), вырасла і колькасць перадазіровак, якія выклікалі смерць. Больш чым у палове такіх выпадкаў смерць наступала пасля ўжывання асабліва небяспечнага наркатычнага сродку — метадону. Не таго, зразумела, медыцынскага, які выкарыстоўваюць для лячэння залежных. Ацэначная колькасць залежных на пачатак года складае каля 88 тысяч чалавек.

Крымінальны сацыялагічны партрэт тых, хто памёр ад перадазіроўкі, паказвае — гэта ў асноўным асобы ад 30 да 38 гадоў, нарказалежныя са стажам, раней судзімыя, якія стаяць на наркалагічным уліку, а таксама накіраваныя на прымусовае лячэнне ад нар­каманіі і алкагалізму.

Складанай праблемай пры ўсім гэтым застаецца сацыялізацыя наркаспажыўцоў. Для лячэння і рэабілітацыі залежных у 2019 годзе на базе РНПЦ псіхічнага здароўя створаны і ў верасні пачаў працаваць эксперыментальны цэнтр па лячэнні і аказанні псіхалагічнай і псіхатэрапеўтычнай дапамогі залежным. Дапамога ўключае сацыяльнае суправаджэнне спецыялістаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і грамадскіх арганізацый. Пазней прадугледжваецца адкрыццё такіх цэнтраў ва ўсіх рэгіёнах краіны.

— Мы працягваем праца­ваць, дапамагаць пацыентам, нягле­дзячы на сітуацыю, якая склалася. У амбулаторыях, напрыклад, выкарыстоўваюцца сродкі індывідуальнай засцярогі для пацыентаў, санітайзеры, — заўважае Аляксей Аляксеевіч Аляксандраў, галоўны ўрач Мінскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія”. — За 4 месяцы ў нас адзначаецца нават невялікі рост колькасці тых, хто звяртаецца па медыцынскую дапамогу. Адна з прычын, думаю, — якраз зніжэнне паступлення нар­котыкаў у Беларусь. Напрыклад, колькасць пацыентаў, якія атрымліваюць замяшчальную тэрапію, на пачатак года складала 690 чалавек, зараз — 750 па ўсёй краіне.

Медыкі таксама зрэагавалі на сітуацыю з амністыяй — людзі, якія вяртаюцца з месцаў пазбаўлення волі, могуць даць рост наркаспажывання, таму дапамога павінна быць адэкватнай, па першачарговым прыёме. Другая група залежных, на якой засяроджана ўвага, — жанчыны. З пачатку года цэнтр пачаў праект (сумесны з сацыяльнымі работнікамі) па дапамозе такім жанчынам ад таго моманту, як жанчына атрымлівае акушэрска-гінекалагічную дапамогу, да таго моманту, як дзіцяці споўніцца 18, каб не ўзнікла сітуацыі па яго адабранні. Дапамагаюць, канечне, і непаўналетнім наркаспажыўцам, як стацыянарна, так і амбулаторна, дзейнічае сістэма комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх.

Ужо некалькі тыдняў працуе і анлайн-праект клінічнага цэнтра для тых, хто раней праходзіў рэабілітацыю. Таксама кансультуюць залежных, якім неабходна кансультацыя па іншых захворваннях, нар­колагі супрацоўнічаюць з урачамі іншых спецыяльнасцей. Медыкі ўдзельнічалі ў бацькоўскіх сходах у школах у анлайн-рэжыме, гэта таксама адна з новых форм работы, як і Viber-групы для бацькоў, якія папалі пад дзеянне Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.

У Мінскім гарадскім клінічным дыспансеры пад наглядам урачоў зараз знаходзяцца каля 5 тысяч асоб, якія ў тым або іншым выгля­дзе ўжываюць наркотыкі, 3 тысячы з іх маюць залежнасць. На сёння яны атрымліваюць усе віды медыцынскай дапамогі і рэабілітацыі. Так, у дыспансеры дзейнічаюць 3 рэабілітацыйныя праграмы: “Крок”, “Формула жыцця” і “Вясёлка”. Праграма замяшчальнай тэрапіі таксама працягваецца, у гарадскога дыспансера сёння 15 адрасоў у Мінску, дзе можна атрымаць такую дапамогу. Зараз яе атрымліваюць больш за 170 чалавек, 80 з іх маюць ВІЧ, і ўсе яны атрымліваюць тэрапію, якая не дазваляе ВІЧ перайсці ў стадыю захворвання.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.