Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання фабрыкі агучыў, што 7 лютага плануе сустрэцца з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
“Хутчэй за ўсё, 7 лютага мы сустрэнемся з прэзідэнтам Пуціным. Я так разумею, і пра гэта яму буду гаварыць адкрыта, — нейкі момант ісціны настаў. Мы з ім стварылі гэтыя добрыя адносіны (паміж Беларуссю і Расіяй. — Заўвага БелТА.). Мы былі архітэктарамі гэтых адносін, ці нам іх ламаць на зыходзе нашай палітычнай кар’еры. Мы ж не вечныя. Што мы пакінем пасля сябе — вось у чым пытанне”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што Беларусь хоча самых цёплых, добрых і дружалюбных адносін з брацкім народам. “Але калі вы паабяцалі за 5 гадоў (калі “Белтрансгаз” купілі) вывесці нас на ўнутрырасійскія цэны, дык выводзьце. Навошта ж вы нас падманваеце? Прытым не падманваеце, а думаеце, што мы гэта забылі”, — заўважыў беларускі лідар.
“Мы хочам проста сумленных, чыстых, празрыстых адносін. Не хочаце — няхай скажуць нам аб гэтым. І не крычаць: “Ах, Пампеа (Дзяржсакратар ЗША. — Заўвага БелТА.) прыехаў. Заўтра Трамп прыедзе… Што яны будуць рабіць?” — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь як суверэнная і незалежная краіна вызначае, якую праводзіць знешнюю палітыку. “Ці мы гэтым нашкодзілі Расіі? Не”, — дадаў ён.
“Наконт таго, куды мы глядзім, калі кагосьці з расіян гэта хвалюе, дык яны няхай паглядзяць на свайго двухгаловага арла — яны глядзяць і туды і сюды. А мы ў цэнтры. Таму мы глядзім, што адбываецца вакол. І мы не Расія. Гэта “мядзведзь” — велізарная краіна. Ім можна глядзець на ўсход, захад і больш нікуды, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А мы, калі толькі нешта празяваем, то нашаму арлу і галаву адкруцяць, і пахаваюць. Таму мы вакол глядзім, маніторым і жывём сваім розумам”.
Прэзідэнт, адказваючы на пытанні журналістаў, закрануў тэму перагавораў вакол паставак энергарэсурсаў. “Што мы просім цяпер ад расіян (яны там у позу ставілі і нас на калені спрабуюць паставіць): калі вы не можаце ў Еўразійскім саюзе бяспошлінна нам паставіць нафту (падатковым манеўрам замянілі, дурняў знайшлі), прадайце нам па сусветных цэнах”, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Ён заявіў, што ў Расіі не згаджаюцца на такія прапановы і настойваюць яшчэ на істотнай прэміі кампаніям звыш таго за пастаўку нафты ў Беларусь. “А як вы Венгрыі, Польшчы, Захаду пастаўляеце? Без прэміі. Хіба можа так старэйшы брат ставіцца да самага блізкага народа?” — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт разам з тым канстатаваў, што нават у расійскіх СМІ, нягледзячы на прапаганду, з’явіліся галасы, якія кажуць, што з беларусамі так нельга.
“Прытым мы ж не просім у іх ніякіх грошай. Мы ўжо і крэдыты ім заплацілі за мінулы год, не перакрэдытоўваліся. А калі гаварыць па крэдытах, то амерыканцы ім плацяць 1,5 працэнта за тое, што яны там валюту трымаюць, а мы ім плацім ад 4 да 6 працэнтаў. Шчасце нам падарылі — $1 млрд штогод мы Расіі плацім. Яны ўдачна размясцілі свае грошы”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што цяпер Беларусь не просіць у Расіі крэдытаў і прапануе супрацоўніцтва. “Не, не хочацца. Хочацца, разумееце, па-візантыйску па галаве ўдарыць і нахіліць. Навошта гэта трэба?” — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
“Мы гатовы супрацоўнічаць. Але гэта павінна быць сумленна, празрыста і шчыра. Не просім нічога дадаткова да таго, як яны працуюць на Захадзе. Сёння $127 за 1 тысячу куб.м газу прапанавалі. Спотавыя цэны ў Еўропе — да $100 газ каштуе. Мы ж таксама бачым, што ў свеце адбываецца, і лічыць умеем. Таму не трэба крычаць, што вы нас корміце. Хто каго корміць, паказвае тавараабарот. У нас сёння адмоўнае сальда ў знешнім гандлі з Расіяй $9 млрд. Гэта значыць яны ў нас прадаюць на $9 млрд больш, чым купляюць. Дык хто каго корміць? Спецыялісты гэта разумеюць. А ідзе прапаганда, пачынаюць ужо расіян настройваць супраць Бацькі Лукашэнкі і Беларусі. Навошта ім гэта трэба? Адышоў той час, калі крычалі, што Лукашэнка схопіць шапку Манамаха”, — падкрэсліў прэзідэнт.
“Таму не трэба баяцца. Трэба наладжваць адносіны. Нам трэба перадаць новаму пакаленню тое, што мы зрабілі (у мінулыя гады па развіцці двухбаковых адносін з Расіяй. — Заўвага БелТА.), прытым у дастойным выглядзе”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.