Супрацоўнічаюць дзеці і дарослыя

Школа блогераў, актыўнасць і супрацоўніцтва дзяцей і настаўнікаў у сацыяльных сетках, плюсы і мінусы такой прысутнасці і такой дзейнасці — аб гэтых актуальных тэмах інтэрнэт-рэалій нашых дзён гутарым з намеснікам дырэктара сярэдняй школы № 3 Свіслачы Л.П.ТУМІЛОВІЧ.

— Ларыса Пятроўна, у вашай школе дзейнічае незвычайная школа — школа блогераў, хаця для моладзі гэта ўжо рэалія — быць актыўным стваральнікам інтэрнэт-прадукту.

— Яшчэ ў 2015 годзе педагогамі школы было заўважана, што навучэнцы Кірыл Бародзіч, Аляксандр Бяляеў, Уладзімір Белы, Дзмітрый Камінскі, Артур Лапошка, Марыя Камінская, Аляксандра Журавель праяўляюць цікавасць да стварэння розных відэаролікаў, відэапрэзентацый.

У 2017 годзе школа стала пляцоўкай рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання культуры карыстальніка інтэрнэт-рэсурсамі для этычных зносін падлеткаў у сацыяльных сетках”. Пры стварэнні мадэлі цэнтра этычнай камунікацыі творчая група навучэнцаў і педагогаў па распрацоўцы інавацыйных ідэй прапанавала аб’яднаць гэтых навучэнцаў школы ў віртуальную суполку. Так была створана школа блогераў. Працуе яна па некалькіх напрамках: YouТube-канал Дзмітрыя Камінскага “З тысячы дробязей”, блог Дзмітрыя Балюка “Будучы ратавальнік”, блог Марыі Камінскай “Гэта не сакрэт — мы за культуру ў INTERNET”, Артура Лапошкі “Музыка для ўсіх”, Кірыла Бародзіча і Аляксандра Бяляева “Ствараем відэа разам”, Лізаветы Панізнікавай “Мой горад — мой дом”.

— Як вы самі як куратар школы блогераў прыйшлі да тэмы інтэрнэту, чаму самі навучыліся?

— На мой погляд, інтэрнэт ужо даўно стаў новым асяроддзем для зносін дзяцей і падлеткаў. Школьнікі жывуць у віртуальнай прасторы, а значыць, мы, дарослыя, таксама павінны быць там, інакш зусім хутка будзем гаварыць з нашымі дзецьмі на розных мовах. Наша школа рэалізуе ўжо другі інавацыйны праект, звязаны з інтэрнэтам. Першы — “Укараненне мадэлі суправаджэння працэсаў сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы” — быў рэалізаваны ў 2014—2017 гадах. Тое, што мы напрацавалі, можна паглядзець на сайце школы. Там ёсць банер “Інавацыйны праект”. Прыйшлося самой сур’ёзна заняцца самаадукацыяй, і інтэрнэт стаў часткай маёй працы. На сённяшні дзень я магу гаварыць з дзецьмі на любыя тэмы, якія тычацца іх жыцця ў віртуальнай прасторы.

— Якія праблемы сучасных інфармацыйных рэсурсаў бачаць дзеці, а якія — дарослыя людзі?

— Згодна, што дзеці і дарослыя бачаць праблемы сучасных рэсурсаў па-рознаму. Дарослыя не прымаюць той свабоды, што пануе ў інтэрнэце, не прымаюць гатовых адказаў на пастаўленае пытанне, не разумеюць, як можна размаўляць з незнаёмым чалавекам, баяцца, што пацерпіць канфідэнцыяльнасць (дарослыя баяцца публічнасці), інфармацыйны рэсурс не ўзбагаціць духоўна. Дзеці ва ўсім гэтым выраслі, для іх інтэрнэт-публічнасць — гэта норма. Але дзіця баіцца быць заложнікам гэтай адкрытасці, баіцца стаць белай варонай, камусьці не дагадзіць (інфармацыйная бяспека). І агульная для дзяцей і дарослых праблема — гэта культура ў інтэрнэце.

У выніку дарослыя, якія не прымаюць інтэрнэт-рэальнасці, не могуць працаваць па фарміраванні інфармацыйнага светапогляду навучэнцаў. На маю думку, гэта і ёсць сучасная педагагічная праблема.

— Ларыса Пятроўна, а якой павінна быць выхаваўчая роля настаўніка ў сацыяльных сетках?

— Я лічу, што роля класнага кіраўніка на сучасным этапе важная, як ніколі. Дзеці ў сацыяльных сетках мабільныя: сёння — ва “УКантакце”, заўтра — у Twitter, Facebook. Па выніках апытання, якое мы правялі ў студзені гэтага года, з 17 класных кіраўнікоў школы толькі 7 маюць зносіны з навучэнцамі ва “УКантакце”. У сучасных умовах класны кіраўнік павінен быць на крок наперадзе тых, каго выхоўвае. Яму неабходна самому быць цікавай асобай, валодаць ведамі, уменнямі, звязанымі з інтэрнэтам, карыстацца інфармацыяй з сеткі інтэрнэт. Толькі павагу выклікае класны кіраўнік, у якога сфарміравана інфармацыйна-камунікацыйная культура.

Але на практыцы далёка не ўсе класныя кіраўнікі выкарыстоўваюць патэнцыял сацсетак у выхаваўчай рабоце. Рэалізуючы першы інавацыйны праект, мы стварылі групы ва “УКантакце”, дзе класны кіраўнік мае зносіны з навучэнцамі. Праўда, гэтыя групы закрытыя, мы спрабавалі іх адкрыць, атрымалі мноства негатыву ад навучэнцаў з Расіі (самі не зразумелі чаму). Групы прыйшлося закрыць. Гэтыя групы існуюць і цяпер, але амаль у кожнага школьніка ёсць яшчэ і свая асобная старонка. Яны з’явіліся адразу ж, таму што, думаю, дзеці вырашылі, што дарослыя спрабуюць абмежаваць іх свабоду. І ўсё ж такі гэта вельмі важна, што класны кіраўнік ужо ў сетцы!

— А хто самы юны блогер вашай школы?

— Гэта вучань 7 класа Дзмітрый Камінскі. Ён вядзе ўласны канал і стварае цікавыя відэафільмы.

— Ларыса Пятроўна, а што запомнілася, што ўразіла пры рабоце з дзецьмі ў школе блогераў, у інтэрнэце ўвогуле?

— Прысутнічаючы на адкрытым мерапрыемстве ў адной са школ раёна па тэме “Энергазберажэнне”, я раптам заўважаю знаёмую застаўку. Аказваецца, навучэнцы школы зрабілі невялікую падборку ролікаў па энергазберажэнні. Адзін з іх быў наш — “Сіла ветру — энергія заўтрашняга дня”. Гэты ролік хлопцы спампавалі з YouТube! Была здзіўлена: жывём побач, а пра сваё дабро не ведаем! Аўтар — наш блогер Дзмітрый Камінскі, мы пра яго ўжо гаварылі. Гэты ролік мы адправілі на конкурс, так ён стаў адкрытым.

Пасля злёту блогераў, які адбыўся ў нашай школе з удзелам дзяцей і настаўнікаў з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны, дзе нашы вучні выступалі ў ролі валанцёраў роўнага навучання, я зразумела, што надышоў час запускаць Call-цэнтр “Мадэратар”. Ён ёсць у нашым цэнтры, толькі, каб ён пачаў дзейнічаць, мне неабходна была каманда навучэнцаў-мадэратараў. Злёт паказаў, што дзеці з задачай каардынавання працэсаў злёту справіліся і могуць вучыць іншых.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *