Нацыянальны дзіцячы форум “Супрацоўніцтва і партнёрства ў імя будучыні” завяршыўся ўчора ў Мінску. Ён доўжыўся два дні, сабраўшы разам 120 чалавек. Свае прапановы па аб’яднанні намаганняў прадставілі члены Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў, лідары раённых і гарадскіх маладзёжных парламентаў, органаў вучнёўскага самакіравання, члены дзіцячай палаты БРПА, актывісты БРСМ і іншых грамадскіх аб’яднанняў, маладыя журналісты з усёй краіны. Усе яны ўдзельнічаюць у вучнёўскім самакіраванні. Традыцыйна ініцыятарам лідарскай сустрэчы стала Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Зрабіце вы. А мы дапаможам
Цэнтральнай падзеяй форуму стаў адкрыты дыялог “Моладзь. Супрацоўніцтва. Партнёрства”. Свае пытанні маладзёжныя лідары змаглі адрасаваць дарослым: міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігару Карпенку, дырэктару Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзеі Васільчанка, Старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктару Сірэнку, Старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміле Макарынай-Кібак, кіраўнікам БРПА і БРСМ. Пляцоўкай для сустрэчы стаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што сімвалічна ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Міністр адукацыі Ігар Карпенка так абгрунтаваў магчымасць лішні раз паглыбіцца ў гэтую тэму: “Мы павінны разумець: так, як мы, дарослыя, ведаем гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, школьнікі наўрад ці ведаюць. Часам тое, што адбываецца навокал, забываецца, а часам увогуле праўда перакрэсліваецца і выносіцца як ісціна тое, што яшчэ ўчора было непрымальным. Таму наша задача — данесці да дзяцей гістарычную праўду. Мы не павінны забываць подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, людзей, якія аднаўлялі краіну з разрухі. Мой дзед ваяваў, я ведаю пра гэта па яго аповедах і таму мог супаставіць іх з напісаным у падручніках. Сённяшнім жа школьнікам больш складана ўспрымаць гэта. Яны атрымліваюць інфармацыю з розных крыніц, у тым ліку з інтэрнэту. Выбраць правільную інфармацыю, данесці гэтую праўду — задача настаўніка”.
Юныя ўдзельнікі форуму падзяліліся з прысутнымі сваімі развагамі па тэме вайны і перамогі, прадставіўшы некаторыя вынікі акцыі “Беларусь памятае”, у тым ліку быў прачытаны верш юнай паэтэсы Аляксандры Салей, школьніцы са Скідзеля. Прадстаўнікі дэлегацый усіх абласцей усклалі кветкі да абеліска загінуўшым воінам-вызваліцелям.
Пачынаючы размову з моладдзю, Ігар Васільевіч сказаў: “Сёння спрошчаная перадача інфармацыі, ведаў ад аднаго пакалення другому не з’яўляецца важным складнікам сістэмы адукацыі. Адукацыя накіравана на тое, каб падрыхтаваць маладое пакаленне да выхаду ў дарослае жыццё. На мой погляд, тут самае важнае фарміраванне трох галоўных якасцей: грамадзяніна, сем’яніна і толькі потым — прафесіянала”. І ў многім, на яго думку, гэтаму фарміраванню спрыяе якраз выхаваўчая дзейнасць у школе. “Вучнёўскае самакіраванне не цацка, не забава для педагога і для навучэнца. Гэта важны кампанент, без якога сучасная адукацыя не можа развівацца”. Акрамя таго, зазначыў міністр, усе канструктыўныя маладзёжныя прапановы будуць пачуты, прааналізаваны і пакладзены ў аснову стратэгіі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, якая цяпер распрацоўваецца на перыяд да 2030 года.
Для выказвання сваіх прапаноў у ўдзельнікаў было дастаткова часу, а падчас гутаркі з дарослымі яны пастараліся задаць усе пытанні, якія іх хвалююць.
Дзмітрыю Варанюку было адрасавана пытанне пра новыя ідэі маладзёжных праектаў. У праватнасці, ён анансаваў праграму “БРСМ-smart”, якая павінна быць рэалізавана ў найбліжэйшыя два гады: “Яна аб’яднае нашы сайт, дадаткі і карткі — членскія білеты. Сёння мы вядзём перамовы з еўрапейскай сістэмай, Расійскай Фэдэрацыяй, іншымі краінамі СНД, з Кітаем, каб картка члена БРСМ дзейнічала ва ўсім свеце і давала прыярытэтныя магчымасці, напрыклад, на вывучэнне замежных моў, наведванне адукацыйных курсаў, заняткаў у сферы здаровага ладу жыцця і інш. Будзе прадугледжана сістэма балаў (яна працуе на тэрыторыі Казахстана, і яе мы хочам пераняць): за актыўны ўдзел у мерапрыемствах, перамогу ў конкурсах вы атрымліваеце балы. Накапіўшы іх, можаце, напрыклад, аплаціць імі вадзіцельскія курсы.
Да ўдзелу ў праекце “Беларусь памятае” будуць запрошаны ўсе рэгіёны, маладым людзям будзе прапанавана збіраць фота іх прадзедаў-ветэранаў. З іх будзе створаны альбом, і 3 ліпеня ён будзе ўрачыста перададзены ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Праз паўтара тыдня беларуская маладзёжная дэлегацыя прыме ўд зел у Міжнародным фестывалі “Студэнцкая вясна краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва”. У чэрвені ў Беларусі пройдзе Дзень моладзі, потым, падчас фестывалю “Славянскі базар”, самыя таленавітыя маладыя людзі выступяць на галоўнай сцэне, пакажуць свае ўменні на чэмпіянатах па скейтбордынгу, па street ball і BMX”.
Але Дзмітрый Варанюк падкрэсліў: “Хоць у нас ідэй шмат, мы хочам падтрымліваць не свае, а вашы праекты. Таму мы заўсёды на сувязі, чакаем любых задумак, ідэй. Вы ў любы час можаце звяртацца да мяне ў сацыяльных сетках, і я асабіста з кожным з вас гэта абмяркую”. Магчымасць хутка выказаць сваю прапанову прадстаўлялі нават бэйджы ўдзельнікаў у выглядзе QR-блакнотаў — каб выказацца, дастаткова націснуць адну кнопку.
Міністр адукацыі ў сваю чаргу таксама папрасіў маладых людзей не ставіцца да дарослых як да тых, хто абавязаны іх забаўляць, займаць пэўнымі справамі: “Менавіта вы павінны быць ініцыятарамі, вы павінны агучваць ідэі, а дарослыя, педагогі абавязаны вам дапамагчы іх рэалізаваць. Толькі так гэта будзе супрацоўніцтва — і дзяцей, і дарослых, і педагогаў, і грамадскасці, і дэпутатаў”.
Дарэчы, Дзмітрый Варанюк зазначыў, што ў моладзі сапраўды шмат ініцыятыў. Найперш яны тычацца IT і прасоўвання іх у сферу сучасных спосабаў навучання, падачы інфармацыі. Па ініцыятыве моладзі, ладзяцца чэмпіянаты па субкультуры, актыўна развіваецца кіберспорт і інш..
Было пытанне пра развіццё парламентарызму ў Беларусі. Віктар Сірэнка расказаў, што плануецца стварыць маладзёжны парламент пры Парламенцкім сходзе Рэспублікі Беларусь. “Супрацоўніцтва з вамі нам не толькі цікава, але і надзвычай неабходна нашай дзяржаве”, — адзначыў ён. Што да ўжо існуючых маладзёжных структур, ён сказаў: “У нас тут ёсць лідары — Мінск, дзе даўно склаліся і развіваюцца традыцыі маладзёжнага парламентарызму. Ёсць і рэгіёны (Магілёўская і Брэсцкая вобласці), дзе пакуль не створаны абласныя маладзёжныя парламенты, а значыць, няма і дэлегатаў ад гэтых абласцей пры Парламенцкім сходзе Рэспублікі Беларусь. Мы чакаем, што гэтая сітуацыя выправіцца, каб быў паўнапраўны маладзёжны парламент і каб у перспектыве ён змог супрацоўнічаць з маладзёжнымі парламентамі, якія дзейнічаюць у краінах-суседках, і з Еўрапейскім маладзёжным парламентам. Таму ёсць надзея, што наша моладзь будзе размаўляць і з Поўначчу, і з Поўднем, і з Усходам, і з Захадам на роўных, па-маладзёжнаму прама і адкрыта”.
Адукацыйныя пытанні
Большасць сваіх пытанняў школьнікі адрасавалі міністру адукацыі. Традыцыйна адчувалася трывожнасць зменамі ва ўступнай кампаніі. Калі гаварыць пра новую сістэму ацэньвання на ЦТ, то тут старшакласнікі пагадзіліся, што новая сістэма падліку агульных балаў не змяніла ключавы падыход “галоўнае — ведаць прадмет”, а вось перспектыва ўвядзення новых форм экзаменаў іх сапраўды бянтэжыць. У прыватнасці, магчымасць увядзення абавязковага сачынення. На што міністр адказаў: на напісанне сачыненняў педагогам варта рабіць упор на ўроках, каб дзеці ўмелі прыгожа і даступна данесці сваю думку, але пытанне абавязковага экзамену ў форме сачынення не стаіць.
Але ў той жа час Ігар Васільевіч выказаў сваю пазіцыю наконт магчымасці завочнага навучання ва УВА адразу пасля школы. Ён перакананы, што ад гэтага правіла трэба адыходзіць, бо гэта паспрыяе і павышэнню якасці адукацыі, і занятасці моладзі (часта навучэнцы завочных аддзяленняў нідзе не працуюць і заняты толькі падчас сесій).
На пытанне “Ці не разглядаецца магчымасць падаваць дакументы беларускімі абітурыентамі адразу ў некалькі УВА?” Ігар Карпенка сказаў катэгарычнае “не”: “Трэба мэтанакіравана выбіраць прафесію. Калі мы перайшлі да профільнай адукацыі ў старшых класах, то да паступлення ў профільны клас школьнікі павінны сфарміраваць прыярытэт: куды пойдзеш вучыцца, якую прафесію будзеш атрымліваць? Бегатня ад установы да ўстановы да свядомага выбару прафесіі не прывядзе”.
Навучэнца педагагічнага класа вельмі хвалявала пытанне павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі, у прыватнасці, павышэння конкурсу на педагагічныя спецыяльнасці. Міністр пагадзіўся, што гэта ключавы момант у адукацыі, таму для выпраўлення сітуацыі шмат робіцца апошнія два гады. Так, ён расказаў пра якасныя змяненні ў гэтым кірунку: ад павышэння парога пры паступленні і прыярытэтаў для медалістаў — да вяртання да сістэмы педагагічных класаў. І нагадаў: “Прыярытэт прафесіі настаўніка не вызначаецца толькі памерам заработнай платы і інш. Аўтарытэт настаўніка фарміруецца ўсім грамадствам, пачынаючы ад татаў і мам, якія дазваляюць сабе абражаць настаўніка, рабіць заўвагі, выказваць нездаволенасць нізкай адзнакай у дзённіку, ды яшчэ і ў прысутнасці дзяцей. Хіба можна ўявіць такую сітуацыю пару дзесяцігоддзяў назад?”
Тэмамі гутаркі сталі перспектывы міжнароднага абмену навучэнцамі сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі і мэтазгоднасць атрымання адукацыі за мяжой, найбольш запатрабаваныя прафесіі на найбліжэйшыя гады і магчымасці частковай занятасці для непаўналетніх, перспектывы развіцця беларускамоўных устаноў адукацыі Беларусі і магчымасці атрымаць свой першы працоўны вопыт маладым спецыялістам і інш.
Дар’я Шлапакова, намеснік Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў, прыслухоўваючыся да кожнага слова ў зале, загарнула апошнія старонкі свайго пухлага блакнота. “Гэта, хутчэй за ўсё, апошні мой форум у якасці школьніцы і прадстаўніка маладзёжнага парламента, бо сёлета я выпускаюся і свае пасады пакідаю. Мне прыемна было пачуць спікераў, убачыць знаёмых удзельнікаў, а яшчэ больш — незнаёмых, бо гэта значыць, што нам на змену прыйшлі новыя людзі — актыўныя, зацікаўленыя ў пачатай справе”, — сказала Дар’я.
Як будуць развівацца далей маладзёжныя ініцыятывы, юныя ўдзельнікі форуму абмяркоўвалі ўчора на базе Мінскага дзяржаўнага адукацыйна-аздараўленчага цэнта “Лідар”. Акрамя таго, яны на інтэрактыўных пляцоўках асвойвалі валанцёрскі менеджмент і эфектыўныя мадэлі вучнёўскага самакіравання, вучыліся ствараць прывабны імідж лідара з дапамогай PR-тэхналогій, паглыбляліся ў праектную дзейнасць, засвойвалі правілы маладзёжнага парламентарызму.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фото Ксеніі СЧАСНАЙ.