Супрацоўніцтва, гнуткасць і пошук арыгінальных падыходаў

Удзел у алімпіядным руху — справа гонару для любой навучальнай установы, а для гімназіі — гэта неад’емная частка вучэбнай дзейнасці, якая не толькі дапамагае выяўляць і развіваць здольнасці дзяцей, але і стымулюе да метадычных адкрыццяў настаўнікаў, з’яўляецца рухавіком педагагічнай думкі. У студзені прайшоў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды, не за гарамі апошні тур, які выявіць першых у краіне юных інтэлектуалаў. Пакуль жа ўдзельнікі падводзяць вынікі сваіх выступленняў і робяць работу над памылкамі.

На ўласным прыкладзе

Моцныя пачуцці прайшлі, таму можна спакойна пагутарыць і пра якасныя, і пра колькасныя паказчыкі ўдзелу ў абласной алімпіядзе, а таксама закрануць пытанні агітацыі настаўнікаў, бо за алімпіядным дыпломам стаіць карпатлівая праца менавіта педагога (нават калі ён рыхтаваў здольнага вучня). Усе гэтыя аспекты сталі прадметам размовы з Барысам Аляксандравічам Сяброўскім, дырэктарам гімназіі № 1 імя Я.Карскага Гродна і яго калег, намаганнямі якіх гімназія не першы год дэманструе годныя вынікі як на абласным узроўні (сёлета ў іх 27 дыпломаў, прычым па ўсіх прадметах, акрамя працоўнага навучання), так і рэспубліканскім. Акрамя таго, у непасрэднай падрыхтоўцы гімназістаў да алімпіяды ўдзельнічае і дырэктар (вось і частковы адказ на пытанне агітацыі настаўнікаў).

— Барыс Аляксандравіч, як вам удаецца сумяшчаць дырэктарства і настаўніцтва?
— Сваю прафесійную дзейнасць пачынаў настаўнікам фізікі. Я люблю свой прадмет і люблю працаваць з дзецьмі. Калі мяне прызначылі спачатку намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а з 2009 года — дырэктарам гімназіі, было цяжка развітацца з работай настаўніка. Канечне, сумяшчаць дырэктарства і настаўніцтва нялёгка, але я стараюся. Зараз працую ў адным класе на павышаным узроўні. Мяне вельмі радуюць поспехі вучняў, сам у іх шмат чаму вучуся. Калі яны перамагаюць на раённым этапе алімпіяды, прыклад ваю ўсе намаганні, каб якасна падрыхтаваць да перамогі на абласным і заключным этапах.

Настаўнікі-замежнікі М.І. Фрыдман і С.І. Чэкель— Разам з тым для вас, як для дырэктара, уд зел гімназістаў у алімпіядным руху — гэта імідж навучальнай установы, крытэрый якасці адукацыі ці ўвогуле лад жыцця гімназіі? 
— Удзел гімназістаў у алімпіядным руху — гэта ад зін з многіх напрамкаў дзейнасці нашага калектыву. Поспехі дазваляюць узняць імідж гімназіі, бо яны з’яўляюцца адным з крытэрыяў гарадскога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Дзякуючы поспехам у рабоце з адоранымі навучэнцамі, гімназія ў 2009, 2010 і 2011 гадах займала першае месца ў гарадскім конкурсе. Цяпер мы чакаем падвядзення вынікаў сваёй работы за 2012 год і спадзяёмся на ўпэўненую перамогу.

— Не магу не запытацца пра адзін з хвалюючых для кіраўнікоў момантаў: як матывуеце педагогаў на алімпіядныя поспехі?
— Канечне, для дасягнення добрых вынікаў у алімпіядным руху важна стымуляваць работу педагогаў: вылучаць дадатковыя стымулюючыя гадзіны для падрыхтоўкі, павышаць прэміі і прызначаць надбаўкі. Што мы і робім. У прыватнасці, за першае месца на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды прэмія складае 1,5 базавай велічыні, на трэцім этапе — ужо 4 базавыя велічыні, а на заключным — 20. Настаўнікі, якія падрыхтавалі пераможцаў чацвёртага этапу рэспубліканскай алімпіяды, на працягу ўсяго навучальнага года атрымліваюць надбаўку да заробку ў памеры 20%. Акрамя таго, з 2011 года настаўнікам, якія падрыхтавалі пераможцаў заключнага этапу алімпіяды, выплачваецца прэмія абласнога выканаўчага камітэта (да 40 базавых велічынь за кожнага пераможцу), і з 2012 года настаўнікам, якія падрыхтавалі пераможцаў 3 этапу алімпіяды, прысуджаецца прэмія Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта (у памеры да 12 базавых велічынь за кожнага вучня).

— Раскажыце, калі ласка, пра прынцыпы работы гімназіі з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі.
— Алімпіяды мы пачынаем праводзіць ужо з 2 класа. У кожным класе яны праводзяцца ў некалькі тураў: завочны (самы працяглы), вочны школьны (для выяўлення лепшых у паралелі). У школьным туры алімпіяд па прадметах прымаюць удзел да 60% гімназістаў.
Падрыхтоўка да алімпіяд рознага ўзроўню вядзецца на працягу ўсяго навучальнага года. У паралелі 5—7 класаў яна адбываецца ў гуртку, для 8—11 класаў складаюцца алімпіядныя групы (заняткі праходзяць штотыдзень, па раскладзе). З мэтай аптымізацыі працэсу падрыхтоўкі да алімпіяды мы арганізоўваем работу па розных відах дзейнасці рознымі выкладчыкамі, спецыялізуючы іх у розных аспектах прадмета. Для зніжэння агульнай нагрузкі і арганізацыі больш плённай работы настаўнікі-прадметнікі складаюць індывідуальныя праграмы работы з удзельнікамі алімпіяд. А выхавацелі класных калектываў складаюць такі індывідуальны графік заняткаў, які дазваляе навучэнцам вызваліць час для падрыхтоўкі да алімпіяды і разам з тым не адстаць па іншых агульнаадукацыйных прадметах.
Індывідуальны графік дазваляе адсочваць працэс падрыхтоўкі да алімпіяды. Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы аказваюць вучэбна-трэніровачныя зборы па розных прадметах, арганізаваныя аддзелам адукацыі Кастрычніцкага раёна і абласным упраўленнем адукацыі. Акрамя гэтага, на працягу апошніх трох гадоў мы супрацоўнічаем з Інстытутам бесперапыннай адукацыі БДУ, які праводзіць платныя курсы для нашых гімназістаў.

Убачыць здольнасці  ў кожным вучні

Пасля размовы з Барысам Аляксандравічам я накіравалася да намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Алы Іванаўны Брыцікавай, для якой быў падрыхтаваны асобны блок пытанняў. Хацелася падрабязней даведацца пра ўзаемадзеянне педагогаў у плане падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд, пра тое, якім чынам вызначаецца кола дзяцей для ўдзелу ў алімпіядах (каб мець алімпіяднікаў па кожным прадмеце, трэба вельмі многіх зацікавіць), ці існуе ў гімназіі сеткавае ўзаемадзеянне настаўнікаў пры падрыхтоўцы дзяцей да алімпіяд. Акрамя таго, даўно хацелася даведацца і пра такі аспект: як правіла, адзін навучэнец можа быць паспяховым па некалькіх прадметах адразу, і бывае, што настаўнікі імкнуцца завабіць такое дзіця да сябе. Якое можа быць выйсце з такой сітуацыі? І як правільна размеркаваць ролі?
На маё даўняе пытанне Ала Іванаўна адказала наступнае: “Паспяховыя навучэнцы па некалькіх прадметах самі выбіраюць сабе педагога, з якім жадаюць паглыбляць свае веды”.
А ўвогуле, як трапна заўважыла Ала Іванаўна, патэнцыяльнага алімпіядніка заўважаюць тыя педагогі, якія маюць адпаведныя схільнасці, жаданне і кваліфікацыю. “Паспяхова развівацца алімпіядны рух можа толькі знізу, паступова, непасрэдна намаганнямі настаўнікаў адораных дзяцей. Асоба настаўніка, яго жаданне і ўменне знайсці, зацікавіць вучняў з’яўляюцца штуршком да пачатку заняткаў. Важнай з’яўляецца і зваротная сувязь з бацькамі. Вучань, настаўнік, бацькі — удзельнікі адной каманды”, — адзначыла намеснік дырэктара.
Безумоўна, першачарговая задача настаўніка — убачыць здольнасці ў кожным вучні. Дзякуючы такому выяўленню, у дзіцяці з’яўляецца патрэба ў іх рэалізацыі. “Вельмі важна пры вызначэнні кола дзяцей для ўдзелу ў алімпіядах вызначыць навучэнцаў з нестандартным мысленнем, выдатнай доўгачасовай памяццю, неардынарным падыходам і арыгінальнасцю ў вырашэнні розных навучальных задач. Для гэтага настаўнік, назіраючы за навучэнцамі падчас урока і пазакласнай работы, якая ўзмацняе адукацыйны патэнцыял вучэбных прадметаў, вылучае дзяцей, якія маюць не толькі нестандартнае мысленне, але і ўпартасць пры дасягненні мэты, працавітасць — тыя якасці, якія запатрабаваны ў рабоце з алімпіяднікам.
А што тычыцца сеткавага ўзаемадзеяння настаўнікаў, то ў нашай гімназіі яно пачынае развівацца па розных прадметах. Пры падрыхтоўцы да алімпіяды па рускай і беларускай мовах, акрамя прадметнікаў, працуе настаўнік акцёрскага майстэрства. Па замежных мовах з мэтай аптымізацыі працэсу падрыхтоўкі да алімпіяды мы арганізоўваем работу па розных відах дзейнасці рознымі выкладчыкамі, якія спецыялізуюцца па розных аспектах мовы. Так, напрыклад, С.І.Чэкель ажыццяўляе падрыхтоўку па граматыцы англійскай мовы, а М.І.Фрыдман — па маўленні, успрыманні і разуменні мовы на слых. Да таго ж мы актыўна прыцягваем алімпіяднікаў да ўдзелу ў розных праектах на замежных мовах”, — расказала А.І.Брыцікава.

Дарадцы і натхняльнікі

Безумоўна, агульная карціна развіцця і ўдасканалення алімпіяднага руху будзе незавершанай, калі сваімі думкамі не падзеляцца настаўнікі, якія непасрэдна рыхтуюць дзяцей да алімпіяды. Першай маёй суразмоўцай стала Святлана Іванаўна Чэкель, настаўніца англійскай мовы:
— Пры адборы будучага алімпіядніка галоўнымі крытэрыямі, з майго пункта гледжання, з’яўляюцца моўныя здольнасці і матывацыя да навучання і саманавучання. Падрыхтоўка да алімпіяды — гэта бесперапынны працэс, які ўключае ў сябе і канікулярны час, таму вельмі важна, каб і бацькі падтрымлівалі сваё дзіця, верылі ў яго. Пры падрыхтоўцы да алімпіяды навучэнцы сутыкаюцца з велізарнымі аб’ёмамі работы па розных аспектах мовы. Мы працуем з аўтэнтычнымі друкаванымі і гукавымі матэрыяламі, шырока выкарыстоўваем магчымасці інтэрнэту, але галоўнай цяжкасцю пры падрыхтоўцы з’яўляецца агульная перагрузка алімпіяднікаў. Каб знізіць яе, педагогі разам з настаўнікам-выхавацелем складаюць індывідуальны графік работы навучэнца. А настаўнік для алімпіядніка — гэта дарадца, натхняльнік, апора. Калі педагог проста перадае свае веды і кантралюе вынік, поспеху не будзе. Сённяшні алімпіяднік — гэта разумны, мэтанакіраваны, творчы чалавек, які хоча стаць паспяховым, ажыццявіць сваю мару. І пры падрыхтоўцы да алімпіяды не павінна быць ніякага прэсінгу. Толькі супрацоўніцтва, зацікаўленасць, гнуткасць і пошук арыгінальных падыходаў да кожнага вучня.
Да размовы падключылася Ганна Іванаўна Ушкевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры:
— У першы (школьны) этап алімпіяды ўключаюцца заданні, якія патрабуюць творчага падыходу, кемлівасці, здагадлівасці, умення самастойна аналізаваць, класіфікаваць моўныя факты, рабіць абагульненні і высновы.
Непасрэдная падрыхтоўка пачынаецца са складання плана і вызначэння матывацыі ўдзелу дзіцяці ў алімпіядзе. Кіруемся словамі Л.М.Талстога: “Бітву выйграе той, хто цвёрда вырашыў яе выйграць”.
На пачатковым этапе падрыхтоўкі прапорцыя сумеснай работы з настаўнікам і самастойнай работы вучня складае 50/50, бо дзіця павінна адчуць сваю значнасць, зацікаўленасць настаўніка ў яго поспехах.Т.Я. Барысевіч са сваёй алімпіядніцай А.Хох

Алімпіяда па рускай мове і літаратуры патрабуе велізарнай эрудыцыі, глыбокіх ведаў па літаратуры. Ёсць праблема недахопу часу, але я выхоўваю адданасць сваёй справе, імкнуся выхаваць густ да творчасці, цікавасць да даследавання. Вядома ж, у кожнага настаўніка ёсць свае хітрыкі, але да кожнага вучня ўсё ж патрэбен асаблівы ключык. Я проста вельмі люблю сваіх дзяцей і ўдзячна пераможцам: Вераніцы Сілін, Таццяне Толкач, Яне Астроўскай.
А затым сваімі думкамі падзялілася і Таццяна Яўгенаўна Барысевіч, настаўніца хіміі:
— Навучанне хіміі пачынаецца ў сёмым класе, калі жаданне дзяцей вучыцца злёгку слабее, таму задача настаўніка хіміі — у тым, каб стымуляваць матывацыю навучэнцаў да незнаёмага прадмета рознымі педагагічнымі сродкамі. Да першых урокаў асаблівае стаўленне: шмат дэманстрацый, стварэнне нестандартных сітуацый, якія маюць некалькі шляхоў вырашэння, і актыўнае педагагічнае назіранне.
Пошук вучняў-алімпіяднікаў вядзецца на ўроках, занятках гуртка па хіміі, а таксама на пазакласных мерапрыемствах па геаграфіі, матэматыцы, біялогіі, іншых прадметах. Вельмі важна, каб будучы аматар хіміі быў актыўным, цікаўным, атрымліваў задавальненне ад працэсу пазнання. Пасля першых заняткаў гуртка тых, хто захварэў на “хімічную ліхаманку” да трох дзясяткаў, але толькі адзінкі з іх акунуцца ў вір алімпіяднага руху.
На пачатковым этапе дзейнасці настаўнік шмат часу аддае сумеснай з вучнем рабоце, самастойная работа сістэматычныя, але не аб’ёмная. Паступова доля самастойнасці расце, і настаўнік набывае ролю цьютара — чалавека, які падтрымлівае працэс саманавучання і самаразвіцця свайго вучня.
Хімія — эксперыментальная навука, таму існуе неабходнасць падзелу тэарэтычнага і практычнага складнікаў падрыхтоўкі вучня. На жаль, камплектацыя абсталявання кабінета хіміі не дае магчымасці правядзення колькасных аналізаў, таму ў практыцы падрыхтоўкі да эксперыментальнай часткі карыстаемся паслугамі хімічных лабараторый Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. А для павышэння матывацыі вучня прапаноўваю яму растлумачыць рашэнне задачы для малодшага навучэнца: гэта ўзмацняе яго ўласную значнасць і фарміруе аўтарытэт.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by