Супрацоўніцтва мацнее

У Смаленску адбылося сумеснае пасяджэнне саветаў кіраўнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці і дырэктараў прафесійных адукацыйных арганізацый, падведамных дэпартаменту Смаленскай вобласці па адукацыі і навуцы.

Сустрэча была арганізавана па ініцыятыве беларускага боку і стала магчымай дзякуючы актыўнай падтрымцы расійскіх калег. Дырэктары абмяняліся вопытам, абмеркавалі планы далейшага супрацоўніцтва ў ходзе міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі і адукацыйных стажыровак. У сумесным пасяджэнні на базе Смаленскага педагагічнага каледжа разам з кіраўнікамі ўстаноў прафесійнай адукацыі двух памежных рэгіёнаў прынялі ўдзел выконваючая абавязкі начальніка дэпартамента Смаленскай вобласці па адукацыі і навуцы Віта Хамутова, кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў дэпартамента, а таксама Смаленскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. З сістэмай прафадукацыі Віцебскага рэгіёна, задачамі, якія яна вырашае, і напрамкамі яе развіцця прысутных бліжэй азнаёміў старшыня савета кіраўнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага кале­джа Аляксандр Ласякін. Пра стратэгічныя напрамкі развіцця сістэмы прафадукацыі Смаленскай вобласці падрабязна расказалі начальнік аддзела прафесійнай адукацыі дэпартамента па адукацыі і навуцы Настасся Іванова і старшыня савета дырэктараў прафесійных адукацыйных арганізацый вобласці дырэктар Смаленскага педагагічнага каледжа Ніна Палтарацкая.

Калі не браць пад увагу розніцу ў тэрміналогіі, структуры прафесійнай адукацыі памежных абласцей у многім падобныя: пераважная частка ўстаноў знаходзіцца ў падпарадкаванні рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй, астатнія або падведамныя іншым органам выканаўчай улады, або недзяржаўныя — апошнія ў суседзяў прадстаўлены досыць шырока. Большасць навучэнцаў атрымлівае адукацыю за кошт бюджэту, праграмы рэалізоўваюцца на двух узроўнях (падрыхтоўка спецыялістаў сярэдняга звяна і кваліфікаваных рабочых і служачых), практыкуецца вочная, завочная, вячэрняя (у Смаленскай вобласці яшчэ дыстанцыйная, якую неўзабаве плануюць увесці і на Віцебшчыне) форма навучання. Выразна прасочваецца тэндэнцыя да аптымізацыі: напрыклад, Смаленская акадэмія прафесійнай адукацыі ўтворана шляхам аб’яднання (далучэння) 6 устаноў сярэдняй прафесійнай адукацыі і вядзе навучанне па 37 спецыяльнасцях СПА і 9 рабочых прафесіях у абласным цэнтры і Сафонава.

За апошнія некалькі гадоў абодва рэгіёны інтэнсіўна развіваюцца ў напрамку павышэння якасці арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі. Аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ажыццяўляецца за кошт як бюджэтных, так і пазабюджэтных сродкаў, вынікова вядзецца работа па прыцягненні грантавай падтрымкі. Як патлумачыла Ніна Палтарацкая, паводле апошняга выдання “Індэкса адукацыйнай інфраструктуры рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі”, суб’екты федэрацыі — іх усяго 85 — падзелены на 5 кластараў. Смаленшчына знаходзіцца ў 3-м з іх, што ўключае 32 суб’екты. Пад індэксам адукацыйнай інфраструктуры найперш маецца на ўвазе якасць падрыхтоўкі, у тым ліку запатрабаваных канкурэнтаздольных спецыялістаў. Па ўзроўнях адукацыі ў сваім кластары агульная адукацыя Смаленскай вобласці займае 22-ю пазіцыю, дадатковая — 23-ю, сярэдняя прафесійная — 10-ю, што пацвярджае: з 2016 года тут зрабілі істотны рывок.

Сярод напрамкаў гэтак жа, як і ў Беларусі, вядучым з’яўляецца інжынерна-тэхнічны. Яркая адметнасць — развітая сетка адукацыйна-вытворчых кластараў. Якім чынам праз іх рэгулюецца кадравае забеспячэнне эканомікі рэгіёна, беларускіх калег праінфармавала начальнік Цэнтра навукова-метадычнага суправаджэння праграм прафесійнай адукацыі Смаленскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Шаблавінская (на дадзены момант сфарміравана 11 кластараў па найбольш важных для інавацыйнага развіцця эканомікі напрамках).

Узаемадзеянне ўнутры кластарнай структуры дазваляе фарміраваць і своечасова карэкціраваць тэрытарыяльна-галіновы заказ на падрыхтоўку кадраў, вызначаць запыты і чаканні як знешніх, так і ўнутраных спажыўцоў адукацыйных паслуг, актуалізаваць пералік найбольш запатрабаваных рэгіянальнай эканомікай кампетэнцый, ствараць базавыя кафедры, пляцоўкі для праходжання практыкі, іншыя структурныя падраз­дзяленні прафесійных адукацыйных арганізацый на тэрыторыі арганізацый рэальнага сектара эканомікі. Наяўнасць кластараў палегчыла прыцягненне кадраў, а таксама матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў бізнесу да прафесійнай падрыхтоўкі, правя­дзення чэмпіянатаў і конкурсаў, дэманстрацыйнага экзамену, прафесійна-грамадскай акрэдытацыі адукацыйных праграм. Дзякуючы кластарам у рэгіёне актыўна развіваецца інстытут настаўніцтва і больш паспяхова, чым у папярэднія гады, укараняюцца федэральныя адукацыйныя стандарты сярэдняй прафесійнай адукацыі па 50 найбольш запатрабаваных, новых і перспектыўных прафесіях і спецыяльнасцях (так званы топ-50).

З мэтай стварэння спрыяльных умоў для ўкаранення топавых адукацыйных праграм на базе трох устаноў створаны рэгіянальныя адукацыйныя пляцоўкі па напрамках “Будаўніцтва” (Смаленскі будаўнічы каледж), “Абслугоўванне транспарту і лагістыка” (тэхнікум галіновых тэхналогій), “Інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі” і “Прамыслова-інжынерныя тэхналогіі” (Смаленская акадэмія прафесійнай адукацыі). Адукацыйныя арганізацыі атрымалі статус “вядучы рэгіянальны каледж” і з’яўляюцца кадравай, метадычнай і рэсурснай апорай для ўкаранення новых праграм і тэхналогій. Сучаснае аблічча прафесійнай адукацыі вобласці ў многім вызначаюць тры рэгіянальныя цэнтры — каардынацыйны WorldSkills Russia — Смаленск, цэнтр развіцця “Абілімпікс”, сеткавы рэсурсны цэнтр прафесійнай арыентацыі і жыццёвай навігацыі.

— Нашы прадстаўнікі наведалі Нацыянальны чэмпіянат WorldSkills Belarus, і, як аказалася, у падыходах да арганізацыі дадзенага мерапрыемства ёсць пэўная розніца, — адзначыла начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Рэгіянальнага каардынацыйнага цэнтра WorldSkills Russia — Смаленск Ірына Ткачэнкава. — У Расійскай Федэрацыі рэалізацыя руху WorldSkills — прыярытэтная задача, што напрамую ўплывае на рэйтынг рэгіёна і эфектыўны механізм для развіцця прафесійнай адукацыі. Ключавое для нас мерапрыемства — рэгіянальны чэмпіянат, конкурс прафесійнага майстэрства, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі 3 узроставых катэгорый: 16—22 гады (студэнты і маладыя спецыялісты прадпрыемстваў і арганізацый), 14—16 (юніёры), а сёлета ўпершыню і катэгорыя 50+. Спаборніцтвы, арганізатарамі якіх выступа­юць адміністрацыя вобласці, дэпартамент па адукацыі і навуцы разам з нашым цэнтрам, маюць адкрыты фармат: у 2019 го­дзе ў іх прынялі ўдзел 11 прадстаўнікоў суб’ектаў Расійскай Федэрацыі з 18 прафесійных адукацыйных устаноў. Хачу таксама дадаць, што ў 2018 годзе ў кампетэнцыі “Дашкольнае выхаванне” выступілі прадстаўнікі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа.

Значную спонсарскую падтрымку рэгіянальнаму чэмпіянату аказваюць работадаўцы: па словах Ірыны Ткачэнкавай, у 2019 годзе бізнес-партнёрамі спаборніцтва сталі 93 буйныя прадпрыемствы і арганізацыі вобласці. Ёсць прыклады, калі наймальнікі выступаюць ініцыятарамі ўвядзення ў праграму спаборніцтваў новых кампетэнцый. У правядзенні рэгіянальнага чэмпіянату задзейнічаны сертыфікаваныя эксперты, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку па праграмах WorldSkills. На базе Смаленскага педкаледжа функцыянуюць 2 акрэдытаваныя спецыялізаваныя цэнтры кампетэнцый (па кампетэнцыях “Дашкольнае выхаванне” і “Выкладанне ў малодшых класах”).

Калі гаварыць пра вынікі ўдзелу вобласці ў Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Russia, то за 4 гады гэта 8 залатых медалёў, 13 бронзавых і 4 — за прафесіяналізм.

Вялікую цікавасць у беларускага боку выклікаў другі маштабны пілотны праект, да якога далучылася сістэма прафесійнай адукацыі Смаленскай вобласці, — дэманстрацыйны экзамен. Яго фармат прадугледжвае мадэляванне рэальных вытворчых умоў для выканання выпуск­нікамі практычных задач прафесійнай дзейнасці і праводзіцца ў якасці дзяржаўнай выніковай атэстацыі або прамежкавай атэстацыі па праграмах сярэдняй прафесійнай адукацыі. Заданні распрацоўваюцца экспертамі WorldSkills па ­конкурсных заданнях міжнароднага руху ў адпаведных кампетэнцыях. Адукацыйныя ўстановы павінны абсталяваць і прадаставіць пляцоўку для правядзення іспытаў. Ацэнку вынікаў ажыццяўляюць сертыфікаваныя эксперты — заказчыкі кадраў, дапускаецца ўдзел прадстаўнікоў іншых прафесійных адукацыйных арганізацый пры ўмове праходжання адпаведнай сертыфікацыі. Па сутнасці, дэманстрацыйны экзамен уяўляе сабой міні-чэмпіянат WorldSkills, які мае пэўныя патрабаванні і прадугледжвае выкананне за пэўны час заданняў некалькіх узроўняў складанасці, што дазваляе вызначыць адпаведнасць прафесійных ведаў і ўменняў студэнта існуючым стандартам.

Характэрны момант: выпускнікі, якія паспяхова вытрымалі атэстацыйныя выпрабаванні ў форме дэманстрацыйнага экзамену, акрамя дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі, атрымліваюць дакумент, што пацвярджае прафесійныя кампетэнцыі па стандартах WorldSkills (пашпарт кампетэнцый), і ўносяцца ў базу даных “Маладыя прафесіяналы” — доступ да яе ёсць у прадпрыемстваў-работадаўцаў для пошуку і падбору персаналу.

Не менш цікавым і важным для вывучэння аказаўся вопыт суседзяў па развіцці інклюзіўнай прафесійнай адукацыі, які прэзентавала кіраўнік Рэгіянальнага цэнтра развіцця “Абілімпікс” Валянціна Клюшына.

— У прафесійных адукацыйных арганізацыях вобласці на дадзены момант вучацца 228 чалавек з інваліднасцю і асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, з іх 138 — па праграмах сярэдняй прафесійнай адукацыі і 90 — па праграмах прафесійнага навучання, — паведаміла Валянціна Віктараўна. — У кожнай арганізацыі створана даступнае асяроддзе, яго патрабаванням цалкам адпавядае педагагічны каледж, на базе якога працуе наш цэнтр. Рэалізацыя адукацыйнай інклюзіі адбываецца па дзвюх мадэлях навучання: інтэграцыя і інклюзія (адаптаваная адукацыйная праграма прадугледжвае выкарыстанне розных спецыяльных сродкаў). У выпадку асобнай назалагічнай групы ўводзіцца цыкл адаптацыйных дысцыплін, якія развіва­юць жыццёвыя кампетэнцыі асаблівых навучэнцаў. Як ключавую ў сістэме можна вылучыць рэалізацыю элементаў дуальнага навучання і конкурсаў прафесійнага майстэрства, што працу­юць непасрэдна на далейшае працаўладкаванне нашага студэнта з абмежаванымі магчымасцямі здароўя або інваліднасцю. У мэтах прафарыентацыі ў кантэксце конкурснага руху “Абілімпікс” для патэнцыяльных абітурыентаў на базе кале­джа ажыццяўляюцца доўгатэрміновыя праекты, разлічаныя на асаблівых выхаванцаў розных узростаў пачынаючы з дашкольнага. Таксама штогод мы праводзім вялікія адкрытыя мерапрыемствы — напрыклад, выставу-фестываль “Смаленскі абярэг”, Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Асаблівыя дзеці — асаблівая педагогіка” і метадычную пляцоўку “Абілімпікс”, запатрабаваныя не толькі ў рэгіёне, але і на міжнародным узроўні.

У руху “Абілімпікс” Смаленшчына ўдзельнічае з 2015 года, з 2016 тут праводзяцца адборачныя рэгіянальныя чэмпіянаты. У першым нацыянальным чэмпіянаце ў 2015 годзе навучэнец Смаленскага педагагічнага каледжа заваяваў “серабро” ў кампетэнцыі “Мастак-дызайнер”. Наступны год прынёс у скарбонку рэгіёна два бронзавыя медалі нацыянальнага чэмпіянату, 2017 — “серабро” і “бронзу”; 2018 год стаў для вобласці знакавым, таму што яе прадстаўнікі заваявалі першы залаты медаль ў кампетэнцыі “Малярная справа”. У сёлетнім рэгіянальным чэмпіянаце “Абілімпікс” прынялі ўдзел 27 прафесійных адукацыйных арганізацый Смаленска і вобласці. Спаборніцтва праходзіла на 7 пляцоўках з 70 акрэдытаванымі экспертамі, упершыню да конкурсу далучыліся 11 працуючых спецыялістаў, якія прадэманстравалі свой прафесіяналізм у асобнай катэгорыі. Работу суправаджалі 150 валанцёраў, якія папярэдне прайшлі спецыяльнае навучанне.

Гаворачы пра падабенства і асаблівасці прафарыентацыйнай работы ў памежных абласцях, нельга не спыніцца на дзейнасці Рэгіянальнага сеткавага рэсурснага цэнтра прафесійнай арыентацыі і жыццёвай навігацыі, створанага летам мінулага года па ініцыятыве губернатара Смаленскай вобласці. Па словах дырэктара цэнтра Уладзіміра Есіпенкі, установа не толькі ажыццяўляе суправаджэнне прафесійнага сама­вызначэння навучэнцаў і студэнтаў, але і праводзіць маштабныя праф­арыентацыйныя мерапрыемствы.

Так, праект “Білет у будучыню” рэалізоўваецца на аснове прафесійнага тэсціравання ў школах, па выніках якога навучэнцы 6—11 класаў атрымліваюць па 2 групах (схільнасць і сфарміраваная здольнасць) рэкамендацыі для праходжання прафесійнай спробы на базе цэнтра і іншых прафесійных адукацыйных арганізацый. Штогод школьнік дапускаецца да 1 прафспробы, яму трэба вызначыцца па найбольш прывабнай для яго прафесіі і паспрабаваць сябе менавіта ў ёй. Такія спробы доўжацца ад 1—2 гадзін у індывідуальным рэжыме да 4 гадзін у групавой форме і суправаджаюцца кампетэнтнымі экспертамі. Пасля завяршэння ўдзельнікам выдаюцца друкаваныя рэкамендацыі па выбары прафесіі, а таксама прадметах, на якіх варта сканцэнтраваць увагу, каб паспяхова паступіць на выбраную спецыяльнасць.

Інфармацыю для будучых абітурыентаў цэнтр падае ў дзвюх версіях: першая — па прафесійных адукацыйных установах і спецыяльнасцях, якія там прапануюцца; другая — у выгля­дзе блокаў згрупаваны спецыяльнасці, а потым даецца інфармацыя, дзе па месцы жыхарства можна атрымаць падрыхтоўку па гэтых спецыяльнасцях. Падыход выключна рацыянальны: калі абітурыент імкнецца ­набыць спецыяльнасць, што выкладаецца ў віцебскім або полацкім універсітэце, навошта ехаць паступаць кудысьці далей? Гэтак жа адносна Смаленшчыны: калі неабходная падрыхтоўка ажыццяўляецца ў Сафонава і Вязьме, там і варта атрымліваць адукацыю.

Прафесійнае тэсціраванне, арыентацыя і наві­гацыя ажыццяўляюцца таксама ў рамках рэгіянальных чэмпіянатаў — напрыклад, сёлета больш за 6000 школь­нікаў прайшлі гэтыя працэдуры падчас чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы”. У ліку найбольш значных мерапрыемстваў цэнтра — дзень адкрытых дзвярэй: на адной пляцоўцы прадстаўлены ўсе тэхнікумы і каледжы, праводзяцца дзясяткі прафспроб і майстар-класаў, раздаецца сувенірная брэн­дзіраваная прадукцыя, прадугледжана канцэртна-забаўляльная праграма.

У кастрычніку навучэнцаў выпускных і перадвыпускных курсаў збірае конкурс “Прафесіяналы будучыні”, на якім яны дэманструюць свае ўменні і навыкі ў гатовых праектах, а потым пераможцы ўдзельнічаюць у федэральных конкурсах. У рамках тыдня кар’еры арганізоўваюцца кансультацыі для выпуск­нікоў, якія заканчваюць вучобу ў сезоне, калі праводзіцца мера­прыемства. Парады даюць кампетэнтныя прафесіяналы-практыкі: напрыклад, для кансультацый па арганізацыі ўласнага бізнесу запрашаюцца не выкладчыкі (па факце яны наёмныя работнікі), а людзі, якія дасягнулі поспехаў у бізнесе.

У ліпені пачынае працаваць летняя прафарыентацыйная школа “Архітэктура талентаў” — цудоўны варыянт адпачынку, аздараўлення, набыцця новых ведаў і ўменняў для 200 адораных і прафесійна арыентаваных школьнікаў з лідарскімі здольнасцямі. Арганізатары апрыёры дапускаюць, што, магчыма, далёка не ўсе з гэтых навучэнцаў прыйдуць у сістэму прафадукацыі. Задача летняй школы — зацікавіць маладых лідараў светам прафесій, каб яны вярнуліся ў класы і трансліравалі новы вопыт сваім равеснікам.

Загадчык аддзела прафесійнага забеспячэння адукацыйных працэсаў Смаленскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Кісельман засяродзіў увагу на пытаннях арганізацыйна-тэхналагічнага суправаджэння адукацыйных праектаў у рэгіёне. Яны рэалізоўваюцца па трох напрамках: федэральныя (электронныя журналы, федэральныя базы дакументаў аб адукацыі, дзяржаўнай выніковай атэстацыі і прыёме, дакументаў аб дадатковай прафадукацыі і аб кантынгенце навучэнцаў на розных узроўнях: ад дзіцячых садоў — да ўстаноў вышэйшай адукацыі) — інстытут развіцця адукацыі ажыццяўляе кансультаванне і інфармацыйную падтрымку гэтых сістэм, але не займаецца іх адміністраваннем; сістэмы, заяўленыя федэрацыяй як абавязковыя, але пры гэтым вобласць мае права самастойна іх распрацоўваць (сістэма дыстанцыйнай адукацыі, даступная адукацыя для людзей з асаблівымі магчымасцямі здароўя і інваліднасцю, сістэма рэгіянальных інфармацыйна-бібліятэчных цэнтраў) і рэгіянальныя сістэмы, якія вобласць палічыла неабходнымі для распрацоўкі і ўкаранення ў практыку (адзіная база павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі як для выкладчыкаў, так і для муніцыпалітэтаў, сістэма падтрымкі рознага ўзроўню мерапрыемстваў, конкурсаў і фестываляў, музей гісторыі адукацыі Смаленскай вобласці).

Пасля пленарнага пасяджэння дырэктары ўстаноў прафесійнай адукацыі Віцебшчыны накіраваліся кожны ў прафесійную адукацыйную арганізацыю па сваім профілі — усяго гаспадары прапанавалі беларускім калегам 12 пляцовак для наведвання. Напрыклад, у Смаленскім педагагічным кале­джы Ніна Палтарацкая расказала дырэктару Аршанскага педкаледжа ВДУ імя П.М.Машэрава Анатолю Зулёву пра гісторыю і сучасны стан установы, пра яе матэрыяльна-тэхнічную базу, пазнаёміла з педагагічным калектывам, падзялілася дасягненнямі і напрацоўкамі, расказала пра планы. Не засталіся ўбаку і надзённыя праблемы развіцця адукацыі. Каледж праз два гады адзначыць сваё стагоддзе; увесь гэты час профільнымі тут былі і застаюцца педагагічныя спецыяльнасці. Цікавы факт: малая радзіма кіраўніка савета дырэктараў прафесійных адукацыйных арганізацый Смаленшчыны — Аршанскі раён Віцебскай вобласці.

— У цяжкія 90-я набор вельмі зменшыўся, мы спрабавалі ўводзіць нават цырульніцкае майстэрства, мастацтва візажу, манікюру, педыкюру — дарэчы, гэты напрамак так добра развілі, што было шкада з ім развітвацца, — згадала Ніна Лявонаўна. — Потым сітуацыя стабілізавалася, і мы вярнуліся да асноўнага профілю. Адносіны расіян да прафесіі відавочна мяняюцца: у мінулую прыёмную кампанію на тую ж дашкольную адукацыю, акрамя бюджэту, мы набралі яшчэ і дзве поўныя платныя групы. На жаль, у адпаведнасці з заканадаўствам, сёння адукацыя аднесена ў нас да сферы паслуг. Каледж ніколі не прымаў і не прыме падобнае азначэнне сваёй дзейнасці: настаўнік, урач і свяшчэннік, так заўсёды казалі, — гэта не паслугі, а служэнне людзям і Айчыне. Асноўныя нашы абіту­рыенты — са Смаленшчыны, але апошнім часам паступае многа з іншых рэгіёнаў, нават студэнты з Масквы — неадзінкавыя выпадкі. Гэта невыпадкова і паказальна: усё цікавае, інавацыйнае, прагрэсіўнае сёння зараджаецца не ў сталіцы, а на перыферыі, у глыбінцы. Прахадны бал на педагагічныя спецыяльнасці ў нас самы высокі — 4,6.

Вынікі сустрэчы дырэктары падвялі падчас пасяджэння круглага стала, паміж двума абласнымі саветамі кіраўнікоў падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, аналагічныя дагаворы ўзгадняюць або ўжо падпісалі і ўстановы адукацыі па асобных профілях.

Аляксандр ЛАСЯКІН: “Выніковасць адукацыйнага працэсу ў рэгіёне — вытворная дзейнасці сістэмы на ўсіх яе ўзроўнях: ад эфектыўнай арганізацыі кіравання — да канкрэтных адукацыйных мадэлей і іх асобных складнікаў, прафесійнага майстэрства, матываванасці кіраўнікоў і педа­гогаў. У гэтым плане мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве, таму што каштоўнасць вопыту толькі ўзрастае пры магчымасці ўзаемнага абмену. Інфармацыя, атрыманая дырэктарамі непасрэдна на месцах, з першых рук, безумоўна, па­спрыяе павышэнню інавацыйнасці і прадукцыйнасці работы ўстаноў, укараненню перспектыўных напрацовак у практыку, генерацыі новых ідэй і сумесных праектаў”.

Ірына ШАБЛАВІНСКАЯ: “Новыя стратэгічныя арыенціры ў развіцці эканомікі і сацыякультурнай сферы, усё большая адкрытасць грамадства, яго лічбавізацыя і дынамічнасць абумовілі змяненні ў патрабаваннях да падрыхтоўкі кадраў. Сёння больш за 200 прадпрыемстваў і арганізацый Смаленскай вобласці наладжваюць узаемавыгадныя партнёрскія адносіны з прафесійнымі адукацыйнымі арганізацыямі ў рамках сеткавага ўзаемадзеяння. Адной з найбольш эфектыўных форм яго рэалізацыі, як паказала практыка, з’яўляецца адукацыйна-вытворчы кластар”.

Настасся ІВАНОВА: “Конкурсы прафесійнага май­стэрства, алімпіяды, чэмпіянаты — гэта індыкатары, якія дэманструюць стан сістэмы прафадукацыі, дазваляюць вызначыць якасць падрыхтоўкі па канкрэтнай кампетэнцыі, параўнаць абсталяванне і вытворчыя тэхналогіі з тымі, што прымяняюцца ў іншых суб’ектах Расійскай Федэрацыі і замежжа. Конкурсны рух садзейнічае своечасоваму ўнясенню карэктываў у змест, арганізацыю і рэсурснае забеспячэнне адукацыйнага працэсу”.

Кацярына СЯРГУНІНА, дырэктар Смаленскага політэхнічнага тэхнікума: “Дэманстрацыйны экзамен выкарыстоўваецца як інструмент аб’ектыўнай ацэнкі якасці падрыхтоўкі кадраў. Гэта ў тым ліку азначае, што яго прымаюць не тыя выкладчыкі і майстры вытворчага навучання, якія праводзілі заняткі са студэнтамі, а незалежныя эксперты. Прадстаўнікі прафесійнай адукацыйнай арганізацыі, на базе якой ажыццяўлялася падрыхтоўка, у атэстацыйную камісію ўваходзіць не могуць”.

Валянціна КЛЮШЫНА: “Праграма рэгіянальнага чэмпіянату “Абілімпікс” складаецца з шэрага падпраграм: культурнай (урачыстыя цырымоніі адкрыцця, закрыцця і экскурсіі), спаборніцкай (па запатрабаваных у рэгіёне кампетэнцыях), дзелавой (ключавыя мерапрыемствы, дзе абмяркоўваюцца актуальныя пытанні развіцця адукацыйнай інклюзіі ў рэгіёне), прафарыентацыйнай (прафесійныя спробы, майстар-класы, прафесійнае тэсціраванне) і выставачнай (дэманструе, што ва ўдзельнікаў сапраўды бязмежныя магчымасці). Для нас паказчыкам з’яўляецца тое, што школьнікі, якія прымаюць удзел у прафарыентацыйнай праграме, выступаюць на конкурсных пляцоўках, прыходзяць вучыцца ў нашу сістэму прафадукацыі. Нашы студэнты становяцца больш сацыялізаванымі, адкрытымі, упэўненымі ў сваіх сілах. А нашы выпускнікі запатрабаваны ў рэгіёне і працаўладкаваны”.

Уладзімір ЕСІПЕНКА: “Цэнтр створаны для таго, каб не толькі прафесійна арыентаваць, але і ажыццяўляць так званую постпрадажную падрыхтоўку і падтрымку нашых выпускнікоў, таму што галоўнае — не толькі выбраць будучую прафесію, але і адбыцца ў ёй, пабудаваць добрую прафесійную траекторыю, каб яна развівалася па ўзыхо­дзячай. Таму, акрамя прафарыентацыі, неад’емнай часткай нашай работы з’яўляецца прафесійная навігацыя, гэта значыць мы кансультуем, тлумачым, што трэба скарэкціраваць у пакеце кейсаў, скілсаў, якімі валодае кожны чалавек, каб яго кар’ера была найбольш паспяховай. Усе нашы мерапрыемствы носяць адкрыты характар. Мы рады запрасіць да ўдзелу ў іх і нашых беларускіх сяброў”.

Валянціна ЗАЯЦ, дырэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа імя акадэміка І.П.Антонава: “Вобразна кажучы, насуперак прымаўцы наш першы блін атрымаўся пышны, вельмі смачны і нідзе не падгарэў. Мы знайшлі многа кропак судакранання і абмеркавалі сумесныя планы, распрацоўваем планы далейшага ўзаема­дзеяння. Абавязкова сустрэнемся на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Ніна ПАЛТАРАЦКАЯ: “Залічэнне ў каледж ажыццяўляецца на конкурснай аснове паводле сярэдняга бала атэстатаў. У дачыненні да будучых педагогаў — не найлепшы варыянт: практыка паказвае, што неабходны дадатковы ўнутраны экзамен (як на творчыя спецыяльнасці) ці сама меней — псіхолага-педагагічнае сумоўе. Працаўладкаванне ў нас свабоднае. Гэта другая праблема. Пакуль мы не ўвядзём дзяржаўнае размеркаванне, кадраў не будзе хапаць. Я лічу, што калі выпускнік атрымаў адукацыю за кошт дзяржавы, то павінен адпрацаваць на яе хаця б 3 гады. Гэтыя праблемы ўжо абазначаны, мы пра іх заяўлялі неаднойчы і не толькі на ўзроўні нашага рэгіёна. Думаю, тут будуць змяненні”.

Аляксандр ЛАСЯКІН: “Падзея знамянальная: напэўна, упершыню за постсавецкі час мы правялі пасяджэнне кіраўнікоў устаноў прафадукацыі дзвюх памежных абласцей. Дадзены моцны старт узаемадзеянню і сумеснай плённай рабоце. Наша мерапрыемства заклала фундамент будаўніцтва цесных узаемаадносін, абмену вопытам, кааперацыі і ў нейкай ступені саперніцтва. У суседзяў ёсць чым захапляцца, што пераняць. Але і мы таксама інтэнсіўна развіваемся, маем свае здабыткі. Спадзяёмся азнаёміць з імі нашых сяброў са Смаленскай вобласці, рыхтуемся прымаць іх на віцебскай зямлі”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.